Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія райсуды адхілілі скаргі Яна Дзяржаўцава на забарону пікетаў


Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

Сябар КХП БНФ зьвяртаўся у тры раённыя суды, бо ў трох раённых адміністрацыях яму адмовілі ў правядзеньні інфармацыйных пікетаў пра лёс Сяргея Каваленкі.

У судах Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў падтрымкі знайсьці не ўдалося, гаворыць Ян Дзяржаўцаў:

«Прадстаўнік Першамайскага райвыканкаму на суд не зьявіўся ўвогуле. Але суддзя Вольга Ільлюшонак вырашыла, што гэта неістотна, яна таксама адхіліла і мае хадайніцтвы пра адвод. Я казаў, што не давяраю суду, прызначанаму Аляксандрам Лукашэнкам і патрабаваў, што суддзя мусіць размаўляць на дзяржаўнай беларускай мове. Тыя самыя падставы для адводу я выказаў і суддзі Кастрычніцкага райсуду Алене Папковай. На адвод яна таксама не пагадзілася. З Кастрычніцкай адміністрацыі даслалі юрыста, а не намесьніка кіраўніка, які падпісаў адмову. Урэшце абедзьве судзьдзі заявілі, што адхіляюць маю скаргу, бо ня бачаць парушэньняў закону з боку чыноўнікаў».

9 сакавіка працяг разгляду скаргі Яна Дзяржаўцава мусіць адбыцца ў Чыгуначным раённым судзе. Актывіст зноў будзе спрабаваць давесьці судзьдзі Сьвятлане Варатынскай, што адмовай на правядзеньне пікетаў чыноўнікі парушаюць правы на выказваньне ўласнай палітычнай пазыцыі і распаўсюд незалежнай інфармацыі.

Ян Дзяржаўцаў хацеў правесьці 15 інфармацыйных пікетаў падчас апошняга суду над Сяргеем Каваленкам — па тры пікеты штодня на працягу пяці дзён. Дзяржаўцаў зьбіраўся апавядаць жыхарам Віцебску пра лёс свайго аднапартыйца, якога абвінавацілі ў парушэньні рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакараньня за вывешаны на гарадзкой ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг. Але яму адмовілі па дзьвюх прычынах: першая — гэта «немэтазгоднасьць», як лічаць чыноўнікі, другая — адсутнасьць дамоваў зь міліцыяй, хуткай дапамогай і ЖКГ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG