Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ днём Ірына Марачкіна разам з мужам, мастаком Аляксеем Марачкіным, была на прагулцы. Калі яны вярнуліся дахаты, ёй стала дрэнна. Ірына памерла літаральна на руках у мужа.

Сын Ігар Марачкін: «Мне вельмі цяжка гаварыць… Здарылася такое… Не перажыць… Незразумела нават. З раніцы мы гаварылі, мела пляны, хадзіла… Ішла ў Палац мастацтваў з бацькам разам. Прыйшла адтуль… І вось раптоўна так… Стала кепска… Неспадзявана зусім. Вось такія ў нас невясёлыя навіны сёньня».

Ігар Марачкін паведаміў, што маці хочуць пахаваць ў яе роднай вёсцы Барсукі ў Шаркаўшчынскім раёне на Віцебшчыне.

Ірына Марачкіна нарадзілася ў жніўні 1941 году. Са свайго дзяцінства яна прыгадвала: «Любілі гуляць у школу. Я пераважна была за настаўніцу. Мусіць, з гэтага і пачалася мая прафэсіяналізацыя. Памятаецца і такое: як толькі вызвалілі Беларусь, мы, дзеці, бегалі па хатах і вучылі ўсіх непісьменных, бабулек і дзядулек чытаць і пісаць, каб хоць расьпісвацца маглі».



Аляксей с жонкай Iрынай падчас службы у войску ў Пячах, 1963.

Ірына Марачкіна ўсё жыцьцё была асьветніцай: працавала мэтадысткай Міністэрства асьветы, сакратаром Таварыства беларускай мовы, потым намесьнікам старшыні ТБМ, сакратаром Управы. Яе інтэрвію з шматлікімі дзеячамі культуры друкаваліся ў «Нашым слове», «Народнай волі».

Алег Трусаў, старшыня ТБМ: «Ірына Сяргееўна Марачкіна ўнікальная жанчына, якая ўсё сваё жыцьцё паклала на беларускую справу. Яна ўвесь час была лепшай сяброўкай свайго мужа — знакамітага мастака, свайго сына — таксама мастака і дызайнэра. Ірына Сяргеўна паходзіць зь Віцебшчыны. Трэба сказаць, што па адукацыіі яна не гуманітарый, у яе тэхнічная адукацыя. Тым ня менш большасьць свайго жыцьця яна прысьвяціла прапагандзе беларускай мовы і літаратуры. Калі пайшла на пэнсію, то прыйшла ў ТБМ. Каля сямі гадоў была адказным сакратаром Таварыства беларускай мовы. Яе вельмі любілі людзі ва ўсіх нашых суполках. Яна была душой нашай арганізацыі. Ну і да апошняга часу заставалася ў радзе ТБМ. Гэта сапраўдная беларуская жанчына-асьветніца. Можна параўнаць яе дзейнасьць зь дзейнасьцю ўсіх нашых жанчын-асьветніц, пачынаючы ад Рагнеды».

Год таму Ірына Марачкіна адзначыла 70-годзьдзе. «Родавае яе прозьвішча Грыдзюшка. Ірынай Марачкінай яна стала пасьля таго, як пабралася шлюбам са знаным мастаком Аляксеем Марачкіным. З тае пары яны абодва аднадумцы, глыбока адданыя Беларусі, апантаныя Беларусьсю… На такіх людзях, як Ірына Марачкіна і ўся яе сям’я, трымаецца духоўнае жыцьцё Беларусі», — пісала пра яе ў дні юбілею газэта «Наша слова».

Ірына Марачкіна доўгі час сябравала з народнай артысткай Зінаідай Бандарэнкай. Спадарыня Бандарэнка даведалася пра сьмерць сяброўкі ад журналіста Радыё Свабода:

«Вельмі цяжка. Нават цяпер і не ўяўляю, як Алесю. Марачкіны, Алесь і Ірына, яны як нітачка з іголачкай, яны заўсёды разам — на прэзэнтацыях, на сустрэчах, на ўсіх нашых сходах і мітынгах. Так было заўсёды радасна іх сустракаць. Нават і не ўяўляю. Адзінае, што можна сказаць, каб Алесь трымаўся. Гэта цяжка перажыць, немагчыма нават нешта болей сказаць. Так зьнянацку гэта…».

Такой самай нечаканай стала вестка пра сьмерць Ірыны Марачкіны і для сябра сям’і, намесьніка старшыні Беларускага саюзу мастакоў Рыгора Сітніцы:

«Вельмі скрушна казаць пра яе ў мінулым, бо я яшчэ ніяк не магу прывыкнуць да гэтай думкі. Буду казаць у цяперашнім часе. Яна сапраўдны патрыёт бацькаўшчыны. Яна ёсьць вельмі адданай нашай агульнай беларускай справе. Яна заўсёды была музай і натхняльніцай выдатнейшага беларускага мастака і патрыёта Алеся Марачкіна. І мне вельмі цяжка ўявіць іх паасобку, таму я і ня буду гэтага рабіць. Датуль яна будзе разам з намі, пакуль будзем памятаць яе. І пакуль будзем рабіць тое, што яшчэ не дарабілі. На вялікі жаль, сыходзяць вялікія патрыёты і вялікія рупліўцы нашай справы. Нядаўна адышоў Яўген Шатохін, цяпер вось Ірына Марачкіна. Гэта вялікая страта. Адышла надзвычай сымпатычная жанчына, адышоў надзвычай мілы, утульны, цёплы і лагодны чалавек, а такіх заўсёды меншасьць на гэтым сьвеце. І ад гэтага скрушна. Хай ёй будзе валадарства нябеснае, а целу няхай будзе лёгка і ўтульна ў нашай роднай беларускай зямлі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG