Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кулінковіч: Я не адмоўлюся ад канцэрту толькі таму, што салідарны з Вольскім


Аляксандар Кулінковіч
Аляксандар Кулінковіч

Аляксандар Кулінковіч, лідэр гурту «Нэйра Дзюбель», які нібыта знаходзіцца ў «чорным сьпісе» музыкаў, напярэдадні сустрэчы ў межах кампаніі «Рок-салідарнасьць» адказвае на пытаньні Радыё Свабода.

— Чым можна падтрымаць музыкаў, якія знаходзяцца ў «чорным сьпісе»?

— Мне чамусьці здаецца, што звычайны чалавек нічым ня можа дапамагчы забароненым музыкам. Ну, хіба што пісаць, зьвяртацца, пытацца, «якім правам»… Таму што зараз чыноўнікі, якія забараняюць, — яны проста патэлефанавалі і забаранілі. А калі ім давядзецца адказваць на лісты, а яны абавязаныя гэта рабіць, то, можа, нешта і зьменіцца. Я не адзін раз сутыкаўся з тым, што многія маладыя людзі, прыхільнікі рок-музыкі, нават ня ведаюць пра гэтыя сьпісы. Яны пытаюцца: «А што гэта ў вас канцэртаў даўно не было? Што, творчы крызіс?» Я кажу: «Які крызіс?! Няма канцэртаў!» Таму трэба проста гаварыць, гаварыць і гаварыць. Тады, магчыма, які-небудзь вялікі чыноўнік пра ўсё гэта і скажа. Але зараз гэта адбываецца вельмі ўціхую: забараняюць гаспадарам клюбаў праводзіць канцэрты, а яны пад страхам сьмяротнага пакараньня адмаўляюцца казаць, хто ім забараняе. Таму мне падаецца, што трэба пра гэта болей гаварыць. Каб гэтыя чыноўнікі, магчыма, зразумелі, што яны ня маюць рацыі. Можа, яны самі нічога ня ведаюць пра гэта?"

— Кампанія салідарнасьці павінна быць скіраваная на чыноўнікаў?

— Я вельмі законапаслухмяны грамадзянін. Я выконваю законы краіны, у якой я жыву. Магчыма, мне нейкія законы не падабаюцца, але я іх выконваю. І дарогу я пераходжу на зялёнае сьвятло, нават калі гэта ноч і дарога пустая. Я так звык і я так навучаны. Але тыя, хто гэта забараняе, не выконваюць законаў. І іх трэба выводзіць на чыстую ваду, паказваць, што яны робяць беззаконьне. Тыя гаспадары клюбаў, якія адмаўляюць нам зь невядомых прычын, яны, напэўна, таксама ня вельмі выконваюць закон.

Вельмі шкада, калі гэтая кампанія стане чарговым пшыкам, але хочацца, каб людзі атрымлівалі інфармацыю. І яшчэ раз падкрэсьліваю — непалітызаваную інфармацыю. У дадзенай сытуацыі ані ў якім разе нельга кранаць палітыку. Інакш гэта ўсё вельмі хутка скончыцца. Трэба гаварыць пра сваё права. Пра права выказвацца, пра права не парушаць закон. Але не ператвараць гэта ўсё ў палітыку. У гэтым няма ніякай палітыкі.

Я думаю, што палітыка, магчыма, і была недзе «наверсе» адпачатку. А пасьля гэта ўсё пайшло на ўзроўні страху ўсё. Таму што гурты, якія ўключаныя ў гэты сьпіс, яны ж не палітызаваныя. Ніводзін з калектываў не рабіў нешта пра зрынаньне існуючага парадку, не прапагандаваў алькагалізм і гвалт. Яны трапілі ў гэты сьпіс «за кампанію», проста так. Усё пачалося «з туалетнай паперкі». Я ўпэўнены, што ў гэтага сьпісу не было аніякай моцы. Не было аніякага сьпісу. А пасьля ён набыў абсалютна рэальную форму. І зараз шмат якія гурты, у прыватнасьці мой гурт, задаюцца пытаньнем: «А чаму? А за што?
Можа, Кевін Спэйсі і хадзіў з плякацікам «Жыве Беларусь!». Можа, яго ў гэтым заўважылі. Але ўсе астатнія гурты займаліся толькі музыкай.

Да таго як трапіць у гэты сьпіс, была размова з Праляскоўскім, які ўсе гэтыя гурты няўхільна выконвалі: «Мы не займаемся палітыкай. Палітыка не займаецца намі». І нейкія гады ўсё так і было. Да таго, як год таму зьявіўся гэты «чорны сьпіс», у мяне былі нават жывыя эфіры, на якіх я мог казаць, што хачу. Але, натуральна, калі мяне клічуць гаварыць пра «цэны на кефір», я буду пра іх і гаварыць. Я ня буду гаварыць пра палітыку ці пра мясцовыя выбары.

Мой гурт займаўся толькі музыкай — больш нічым. Трапілі мы туды проста «за кампанію». Гэтаксама можна сказаць і пра іншыя калектывы, якія ў гэтым сьпісе. Можа, Кевін Спэйсі і хадзіў з плякацікам «Жыве Беларусь!». Можа, яго ў гэтым заўважылі. Але ўсе астатнія гурты займаліся толькі музыкай. Не таму, што мы канфармісты. Кожны з нас можа выявіць сваю грамадзянскую пазыцыю — і я, і Лявон Вольскі, і Варашкевіч. Але гэта грамадзянская пазыцыя прыватнай асобы. У нашай музыцы няма аніякай палітыкі. Але нас тупа пхаюць у гэтую палітыку, проста мордай тыцкаюць — «займіцеся палітыкай, скажыце што-небудзь». А навошта? Каму?

— А калі ўявіць сытуацыю, што каму-небудзь з «чорнага сьпісу» дазволяць канцэрт? Напрыклад, «Нэйра Дзюбелю». Як будзеце сябе паводзіць?

— Калі майму гурту дазволяць канцэрт, я ня буду адмаўляцца толькі таму, што я салідарны з Вольскім ці яшчэ з кімсьці. У нас і так адбываюцца нейкія канцэрты. Нельга сказаць, што ў нас іх няма. Ёсьць. НРМ грае там, Вольскі грае тут. Нейкія канцэрцікі мы ўсе адно даем. Мы ня можам адмовіцца. Такога нават у кіно не бывае.

За апошнія месяцы былі адмененыя ўсе заплянаваныя канцэрты гурту «Нэйра Дзюбель». Перад сёлетняй цырымоніяй «Рок-каранацыі» ў Маладэчне адміністрацыя Палаца культуры, у якой адбывалася імпрэза, катэгарычна папярэдзіла, каб у ёй ня ўдзельнічалі «забароненыя» музыкі кшталту Кулінковіча.

Грамадзкая кампанія «Рок-салідарнасьць» 6 красавіка ладзіць сустрэчу з Аляксандрам Кулінковічам у офісе БНФ па адрасе: Менск, вул.Чарнышэўскага, 3. «Рок-салідарнасьць» распачала дзейнасьць 10 сьнежня 2011 году, у Дзень абароны правоў чалавека. У межах яе арганізуюцца імпрэзы ў падтрымку рок-музыкаў, якія трапілі ў «чорны сьпіс».

Такое жыцьцё: «Забаронены» рок у менскіх пераходах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:22 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG