Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыяліст: Па двух месяцах галадоўкі даваць малако нелягічна


Турма "Віцьба-3", дзе адбывае пакараньне Сяргей Каваленка

Турма "Віцьба-3", дзе адбывае пакараньне Сяргей Каваленка

У сваіх шматлікіх нататках пра прымусовае энтэральнае кармленьне (праз зонд) савецкіх вязьняў сумленьня расейскі і савецкі дысыдэнт Сяргей Кавалёў адзначаў, што «раней тэрмін кармленьня вызначаўся ў адпаведнасьці з канкрэтным днём галадоўкі. Цяпер жа вязьня „сілкуюць“ паводле мэдычных паказчыкаў — як толькі чуваць пах ацэтону».

Паводле Кавалёва, «прымусовае кармленьне ў Расеі, Беларусі, іншых постсавецкіх рэспубліках не адмянялася і пасьля распаду СССР». Найчасьцей праз зонд уводзіцца бялковая сумесь. Раней яе называлі сумесьсю касманаўтаў. Галоўныя яе інгрэдыенты: масла, яйкі, алей. Такое кармленьне нярэдка мела адмоўныя вынікі. З гледзішча адмыслоўцаў, пасьля працяглай галадоўкі любая бялковая ежа супрацьпаказаная для арганізму: без прамываньня страўніка і кішэчніка яна, трапляючы ў страўнікавы тракт, ператвараецца літаральна ў камяні.

У выпадку з Каваленкам, як сьведчаць ягоныя блізкія, прызначанае энтэральнае кармленьне малочнымі сумесямі.

Кандыдат мэдычных навук, лекар-рэаніматоляг Аляксандар Я. стала ў сваёй працы сутыкаецца з выпадкамі, калі трэба ратаваць людзей, якія працяглы час ня могуць есьці ў выніку татальнай паразы страўніка ці кішэчніка, трамбозаў мэзэнтэральных венаў як наступства гнойных працэсаў у страўнікава-кішэчным тракце, іншых праблемаў. Пачынаць ратаваньне з таго, каб карміць такіх пацыентаў праз зонд, тым больш малочнымі сумесямі, Аляксандар лічыць нелягічным і небясьпечным. Гэта тычыцца і энтэральнага кармленьня Сяргея Каваленкі.
Малако патрабуе пэўнай фэрмэнтатыўнай актыўнасьці. А ў Каваленкі, хутчэй за ўсё, вялікі недахоп фэрмэнтаў для страваваньня.

«Калі чалавек галадаў два месяцы запар, то гэта цалкам нелягічна. Бо малако патрабуе пэўнай фэрмэнтатыўнай актыўнасьці. А ў Каваленкі, хутчэй за ўсё, вялікі недахоп фэрмэнтаў для страваваньня, — кажа лекар-рэаніматоляг. — Запускаць зонд у кішэчнік, пры ўмове, што чалавек пагадзіўся есьці, — гэта патрабуе асьцярожнасьці. У хворага маглі адбыцца зьмены што да фэрмэнтаў, якія выконваюць ролю каталізатараў усіх біяхімічных рэакцыяў у арганізьме. Ужываньне ж малочных прадуктаў — вялікая нагрузка на органы страваваньня, яно патрабуе ад арганізму высокай фэрмэнтнай актыўнасьці».

Паводле мэдыка, «нават калі ставяць зонд, то трэба пачынаць зь вельмі вадкіх адвараў гародніны, рысу, булёнаў... Пакрысе-пакрысе павялічваючы, потым ужо пюрэ. Трэба рабіць гэта вельмі паступова. Ёсьць адпаведныя пратаколы такога выхаду, але гэта кампэтэнцыя ўжо не рэаніматолягаў, а іншых спэцыялістаў — дыетолягаў, гастраэнтэролягаў...»

Як цьвердзіць кандыдат мэдычных навук, пры цяперашнім узроўні мэдыцыны ўратаваць чалавека, забясьпечыць яму і жыцьцё, і нармальную жыцьцядзейнасьць — каб ён хадзіў, рухаўся, — цалкам магчыма. Але пры дапамозе парэнтэральнага, або ўнутрывеннага, харчаваньня.

«У нас нядаўна ляжала хворая, у якой была татальная параза кішэчніка, — кажа лекар. — Жанчына з натуральных прычын доўгі час нічога не магла есьці. Аднак мы яе вывелі з крытычнага стану. Бо цяпер на нашым мэдычным беларускім рынку багата ўнутрывенных прэпаратаў, у якіх ёсьць усё, што трэба, каб чалавек атрымліваў зь ежай. У шмат якіх рэанімацыйных аддзяленьнях беларускіх шпіталяў такое ўнутрывеннае, парэнтэральнае харчаваньне ідзе як рутына».
На нашым мэдычным беларускім рынку багата ўнутрывенных прэпаратаў, у якіх ёсьць усё, што трэба, каб чалавек атрымліваў зь ежай.

Гатовы фабрычны прэпарат, які хворы атрымлівае праз кропельніцу, трымаюць у плястыкавым мяшку, які разьлічаны на адны суткі на аднаго хворага. У вадкасьці — усё, што трэба: бялкі, тлушчы, вугляводы, вада. Тут жа ўсе эмульсіі неабходных тлушчаў, плюс усе неабходныя амінакіслоты, плюс раствор глюкозы, плюс неабходныя электраліты, такія, як натрый, кальцый, магній. Да таго ж у раствор дадаюць усе неабходныя вітаміны.

Як сьведчыць рэаніматоляг, дзеля таго каб парэнтэральнае лячэньне было пасьпяховым, пацыента трэба штодня ўзважваць, глядзець, колькі разоў ён ходзіць у прыбіральню, вымяраць колькасьць мачы. Усё гэта дае магчымасьць належным чынам скласьці праграму ўнутрывеннага (парэнтэральнага) кармленьня. Нават у выпадку, калі ў чалавека ўвогуле няма аніякага страваваньня, яго можна вывесьці на ўзровень нармальнага мэтабалізму, ён пачне папраўляцца, пачне пакрысе набіраць вагу.

***

У аўторак лекар Сяргея Каваленкі паведаміў ягонай жонцы, што стан здароўя яе мужа не зьмяніўся да лепшага. У выніку прымусовага кармленьня ён мае набіраць па сто грамаў вагі штодня, але якая ягоная сапраўдная вага, тэмпэратура цела і ціск, невядома, кажа Алена Каваленка:

«Ягоны стан застаецца больш-менш стабільны, але ўсё роўна цяжкі. Сяргей мерзьне, увесь час у шапцы. Пра вагу яны сказалі, што вагі ў іх не электронныя, а звычайныя, таму могуць быць пагрэшнасьці. Тэмпэратура і ціск застаюцца паніжанымі, але на якім узроўні, дакладна не вядома. Я думаю, што гэта сьведчыць пра тое, што яму неабходная шпіталізацыя ў звычайную лякарню, дзе ёсьць рэанімацыя і адпаведнае абсталяваньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG