Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыянэр «Альфа Радыё»: Рыбакоў падставіў сваіх лабістаў


Акцыянэры «Альфа Радыё» не зьбіраюцца моўчкі назіраць, як насуперак волі заснавальнікаў і калектыву радыёстанцыі ім хочуць прызначыць новага кіраўніка.

Яны заяўляюць, што паколькі правам прызначэньня дырэктара валодае выключна рада акцыянэраў, любое навязваньне чыйгосьці стаўленіка недапушчальнае. Тым больш з улікам сумнеўнасьці асобы кандыдата на дырэктарскую пасаду — былога старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова, асуджанага за злоўжываньне службовым становішчам на 11 гадоў зьняволеньня і датэрмінова вызваленага загадам Аляксандра Лукашэнкі ў сакавіку 2010-га.

У офісе радыёстанцыі кажуць, што бліжэйшым часам павінен адбыцца гадавы сход акцыянэраў «Альфа Радыё». У парадку дня асобным пунктам значыцца пытаньне прызначэньня дырэктарам станцыі 40-гадовага Ягора Рыбакова — цяпер беспрацоўнага, а ў мінулым кіраўніка Беларускага тэлебачаньня. Гэты пункт акцыянэры маюць байкатаваць — прычым ня толькі прыватныя асобы, а нават Міністэрства інфармацыі, якому ў прадпрыемстве належыць кантрольны пакет акцыяў.

У выпадку «працісканьня» кандыдатуры Рыбакова пад санкцыі за парушэньне заканадаўства можа трапіць само «Альфа Радыё». Судовым выракам Рыбакоў ня толькі быў пазбаўлены волі і маёмасьці, але яму таксама забаронена займаць адказныя пасады цягам 5 гадоў пасьля адбыцьця пакараньня. Ад моманту дачаснага вызваленьня прамінулі два гады, значыць, яшчэ тры гады кіраўнічыя пасады займаць нельга. Калі ж кіравацца першапачатковым прысудам, то тэрмін зьняволеньня павінен быў скончыцца толькі ў 2015 годзе. Гаворыць адзін з акцыянэраў «Альфа Радыё» Васіль Урыўскі — кіраўнік адкрытага акцыянэрнага таварыства «Без праблем»:
Учора тэлефанавалі зь міліцыі, пытаюцца: ён да вас прыходзіць? Мы адказваем: спадзяемся, што не. — „Дык калі вы раптам яго ўбачыце, то няхай ён прыйдзе да нас“.

«Учора тэлефанавалі зь міліцыі, пытаюцца: ён да вас прыходзіць? Мы адказваем: спадзяемся, што не. — „Дык калі вы раптам яго ўбачыце, то няхай ён прыйдзе да нас“. Разумееце? Паводле дадзеных МУС, ён ня мае права займаць такую пасаду. І, паверце, Міністэрства інфармацыі гэта ўсё правярае, ніякіх бяздумных крокаў ня будзе. Проста я мяркую, што Рыбакоў данёс да „сваіх“ няпоўную, не да канца праўдзівую інфармацыю. З-за гэтага і ўзьнялася бура ў шклянцы. Ён папросту падставіў пэўных людзей. Тыя, магчыма, падумалі, што ў яго ўсё чыста і добра. Зараз Мінінфармацыі займаецца гэтым пытаньнем, яно накіравала лісты ў канкрэтныя структуры з мэтай даведацца, як і што на самой справе. Бо, само сабой, ніхто закон парушаць не зьбіраецца. Натуральна, міністэрства ўсе выкладкі, усю інфармацыю па гэтым чалавеку спраўдзіць».

Акцыянэры «Альфа Радыё» салідарныя ў тым, што крымінальнік на дырэктарскай пасадзе прынясе калектыву толькі праблемы. А вось хто лабіруе інтарэсы Рыбакова — на «Альфе» ня ведаюць. Адно відавочна, што гэта нехта з уплывовых чыноўнікаў, якіх мала хвалюе пазыцыя рады акцыянэраў. Спачатку прадстаўленьне Ягора Рыбакова калектыву было заплянаванае яшчэ на 2 красавіка, аднак шум, які ўзьняўся ў СМІ, такую сустрэчу бакоў прынамсі адтэрмінаваў. Васіль Урыўскі кажа, што цяпер ёсьць магчымасьць глыбей зазірнуць у дасье кандыдата:

«Можна ж шмат кандыдатур прапанаваць і апрача Рыбакова. А тое, што ён вось так нечакана і негадана аб’явіўся і што адразу можа заступіць на пасаду кіраўніка — канечне ж, разьлік на хуткасьць прасоўваньня... Каб хоць адпачатку было прадэманстравана, што ён вызвалены, рэабілітаваны, то тады прынамсі хоць ёсьць сэнс пра нешта гаварыць. Але, паверце, я яго ў вочы ня бачыў, ня ведаю, хто яшчэ і калі ўвогуле бачыў. Ну, у міністэрства нібыта хадзіў, нешта прыносіў. Але зусім мала інфармацыі пра яго. Вось данясе ўсе паперы — будзе тады хоць бы прадмет размовы. Але пакуль патрэбных папер няма. А тое, што вядома з інтэрнэту, што МУС, аказваецца, яго хоча бачыць, — то гэтага ж недастаткова. Як толькі зьвесткі сьцякуцца ў Мінінфармацыі, думаю, паклічуць, паглядзім. Трэба перадусім праверыць: а ці мае чалавек такое права? Бо закон адзін, ніхто яго ні пад кога ня зьменіць. Прыйдуць зараз адказы на ўсе запыты, вось і атрымаем патрэбную інфармацыю».

Людзі, якія сядзелі разам зь Ягорам Рыбаковым у шклоўскай калёніі, сьцьвярджаюць, што ён і там на адным месцы доўга не затрымліваўся. Так, празь нейкі час пасьля прызначэньня кіраўніком тэлестудыі для зьняволеных ён ад пасады быў адхілены. Пакуль ня складваецца з працай і на волі. Пасьля вызваленьня ўвесну 2010 году Рыбакоў спрабаваў працаўладкавацца ў Маскве, але затрымацца там не ўдалося. Цяпер — спроба скарыць «Альфа Радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG