Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былога прэм’ер-міністра Ўкраіны Юлію Цімашэнку, якая адбывае турэмнае пакараньне ў калёніі Харкаву, трэба лячыць за межамі турмы — такое рашэньне прыняла генпракуратура. Паведамляецца, што Ўкраіна і Нямеччына вядуць перамовы аб лячэньні Цімашэнка ў нямецкай клініцы.

Урад Нямеччыны вядзе перамовы з украінскімі ўладамі адносна магчымага лячэньня экс-прэм’ера Юліі Цімашэнкі ў Бэрліне. У той жа час украінская пракуратура шукае юрыдычную магчымасьць для гэтага, Пра гэта паведамілі заходнія СМІ са спасылкай на крыніцы ў ведамстве фэдэральнага канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель і ў нямецкай клініцы «Charite», лекары якой абсьледавалі Юлію Цімашэнку за кратамі.

Прадстаўнік клінікі адзначыла, што перамовы вядуцца непасрэдна паміж ведамствам фэдэральнага канцлера і адміністрацыяй прэзыдэнта Ўкраіны.

Аднак пры гэтым адміністрацыя Януковіча распаўсюдзіла паведамленьне аб тым, што рашэньне аб лячэньні Цімашэнкі могуць прымаць толькі Дзяржаўная пэнітэнцыярная служба, генпракуратура і міністэрства аховы здароўя.

Пракуратура прыняла рашэньне лячыць Цімашэнку ва Ўкраіне, але за межамі калёніі. Такое рашэньне прыняў генпракурор Віктар Пшонка.

Таксама міністэрства аховы здароўя паведаміла, што Цімашэнку плянуюць лячыць у стацыянары шпіталя Чыгуначнага раёну Харкаву.

Паводле першай намесьніцы міністра аховы здароўя Раісы Маісеенкі, адмысловая камісія міністэрства наведала ў калёніі Цімашэнку, і тая пагадзілася лячыцца ў стацыянары ў Харкаве:

«Юліі Цімашэнцы было прапанавана стацыянарнае лячэньне ў спэцыялізаванай установе — Чыгуначным раённым шпіталі Харкаву. Спадзяюся, пасьля кансультацый, якія Цімашэнка хоча атрымаць, рашэньне будзе прынятае, і мы зможам арганізаваць усё неабходнае, згодна з патрабаваньнямі мэдыкаў, у прыватнасьці — і спэцыялістаў зь Нямеччыны,» — заявіла Уласенка.
Гэта чарговая спроба пусьціць пыл у вочы Эўропе.

Са свайго боку, адвакат Юліі Цімашэнкі, дэпутат Вярхоўнай Рады Сяргей Уласенка заявіў, што яго падабаронную можна лячыць толькі ў той бальніцы, якую параілі нямецкія мэдыкі, што аглядалі Цімашэнку. Ён дадаў, што абарона катэгарычна не пагодзіцца на вываз экс-прэм’ера ў любы шпіталь:

«Я ня думаю, што шпіталь украінскай чыгункі зьяўляецца спэцыялізаванай мэдычнай установай, якая спэцыялізуецца на праблемы са сьпіной і ў складаных апэрацыях. Нямецкія лекары вызначылі, што лячэньне Цімашэнкі зьяўляецца складаным і шматфункцыянальным. Я думаю, што ў дадзеным выпадку гэта чарговая спроба пусьціць пыл у вочы Эўропе і паказаць, што, маўляў, мы рэалізуем рашэньне Эўрапейскага суду,» — сказаў Уласенка.

Паводле адваката, яе падабаронная патрабуе, каб яе лячылі незалежныя лекары — няважна, нямецкія ці ўкраінскія. Аднак, украінскія лекары, якія яшчэ ўчора сьцьвярджалі, што Цімашэнка здаровая, наўрад ці могуць лічыцца незалежнымі.

Пры гэтым Уласенка назваў інфармацыю аб перамовах украінскіх уладаў адносна лячэньня экс-прэм’ера за мяжой «першакрасавіцкім жартам».

Прадстаўнікі Эўразьвязу ад самага пачатку крымінальнага перасьледу Цімашэнкі прымалі ўдзел у яе лёсе, ставячы ў прамую залежнасьць ад прысуду пагадненьне аб асацыяцыі Эўразьвязу з Украінай. 16 сакавіка Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбуры пастанавіў, каб «былы ўкраінскі прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка атрымала адэкватнае мэдычнае лячэньне ў адпаведнай установе». Раней за экс-прэм’ера таксама ўступалася Эўрапейская народная партыя, забясьпечыць лячэньне Цімашэнкі прапаноўвалі прэм’ер-міністар Канады Стывен Харпер і камітэт ЭЗ па папярэджаньні катаваньняў.
Калі Цімашэнка стане ўцякачкай — гэта яшчэ больш выгадна ўладам.

Лячэньне Цімашэнкі за мяжой стала б добрым выйсьцем з сытуацыі ня толькі для Эўропы, але і асабіста для прэзыдэнта Януковіча, лічыць паліттэхноляг Аляксей Галабуцкі:

«Цімашэнка сьвядома пайшла на судовы працэс, калі яна не папрасіла прытулку ў Эўропе — не папросіць і цяпер. Застаўшыся за мяжой, яна ня зможа прэтэндаваць на ролю лідэра ўсёй апазыцыі, як раней. А для ўкраінскай ўлады гэта будзе выглядаць вельмі гуманна. Яна адпускае яе за мяжу, а вяртацца — вырашае сама Юлія Ўладзіміраўна. Калі яна стане ўцякачкай — гэта яшчэ больш выгадна ўладам.»

Падобнае ж меркаваньне маюць і пэўныя колы ў кіраўніцтве ЭЗ. Адзін высокапастаўлены чыноўнік у Брусэлі заявіў на ўмовах ананімнасьці, што дазвол лячыць украінскага экс-прэм’ера за мяжой станоўча паўплывае на міжнародны імідж украінскай улады. І наадварот, падкрэсьліў чыноўнік, Брусэль не задаволіць лячэньне Цімашэнкі ва Ўкраіне, таму што ня будзе гарантый, што яе лячыць нармальна.

У чымсьці падобны варыянт абмяркоўваўся ў 2008 годзе адносна палітвязьня, былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна. Яго жонка Ірына была хворая на рак, абмяркоўваўся варыянт яе ад’езду на лячэньне ў Нямеччыну, пры гэтым беларускія ўлады нібыта пагаджаліся адпусьціць зь ёй і палітыка. Але гэты варыянт ня зьдзейсьніўся з-за адмовы Казуліна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG