Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці памілуе Мядзьведзеў Хадаркоўскага?


Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў не згадзіўся зь меркаваньнем сваіх дарадцаў у галіне правоў чалавека, што ён мае права памілаваць любога зьняволенага, не чакаючы, пакуль той папросіць кіраўніка дзяржавы аб гэтым.

Такую заяву зрабіў сёньня кіраўнік Рады правоў чалавека і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці пры прэзыдэнце Расеі Міхаіл Фядотаў.

«Прэзыдэнт патулмачыў у сваім рашэньні, што ён не разумее, чаму ён мае мілаваць чалавека, які ня просіць яго памілаваць» — дадаў Фядотаў.

Пазыцыя Мядзьведзева, на думку назіральнікаў, азначае, што ён ня мае намеру выкарыстоўваць сваё права памілаваньня ў дачыненьні да былога прэзыдэнта нафтавай кампаніі ЮКАС Міхаіла Хадаркоўскага, які не прызнае сваёй віны і ня просіць памілаваньня ў гаспадара Крамля.

У сьнежні 2010 году Хадаркоўскі і яго бізнэс-партнэр Платон Лебедзеў былі асуджаныя да 13,5 гадоў працоўных лягераў па абвінавачваньні ў крадзяжы нафты і адмываньні грошай. На свабоду Хадаркоўскі і Лебедзеў выйдуць у 2016 годзе.

Раней, рада правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі пастанавіла, што па крымінальнай справе ў дачыненьні да гэтых прадпрымальнікаў, суд зрабіў «фундамэнтальныя хібы» і прапанавала ўжыць да іх амністыю.

5 сакавіка, на наступны дзень пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах Пуціна, Мядзьведзеў даручыў генэральнай пракуратуры зрабіць да 1 красавіка аналіз законнасьці і абгрунтаванасьці судовых рашэньняў адносна шэрагу асобаў, якіх апазыцыя лічыць палітычнымі вязьнямі. Прэс-служба Крамля патлумачыла тады, што мова ідзе аб 32 вязьнях, у тым ліку аб Хадаркоўскім і Лебедзеве.

У панядзелак Генэральная пракуратура абвясьціла, што завяршыла інспэкцыю па распараджэньні прэзыдэнта. Вынікі гэтых мерапрыемстваў, аднак, не раскрываюцца.

У нядзелю, сын Міхаіла Хадаркоўскага, Павел, ня выключыў, што улады могуць вызваліць яго бацьку, каб паказаць грамадзянам, што гатовыя ісьці на саступкі.

Раней такі крок прадказаў неаб’яўленай лідэр Партыі народнай свабоды (Парнас) Барыс Нямцоў. «Цалкам верагодна, што шэраг знакамітасьцяў, якія знаходзяцца ў турмах, 7 траўня, будуць на свабодзе», — сказаў Нямцоў 24 сакавіка падчас дэманстрацый апазыцыі ў Маскве. Ён дадаў, што гэта можа здарыцца і ў красавіку.

Пра гэта сёньня піша Польскае агенцтва прэсы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG