Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Манёнак: «50% нафты на беларускіх заводах перапрацоўваюць расейскія кампаніі»


Мазырскі НПЗ

Мазырскі НПЗ

2 красавіка ў Менску прайшла канфэрэнцыя пад назвай «Нафтаперапрацоўка і экспарт нафтапрадуктаў Беларусі».

Падчас яе ўкраінскі экспэрт, дырэктар кансалтынгавай групы «А-95» (Украіна) Сяргей Куюн агучыў інфармацыю пра тое, што «Трайпл» выбудоўвае пляны па нарошчванні аб`ёмаў паставак нафтапрадуктаў ва Ўкраіну. І такім чынам забірае частку долі ўкраінскага рынку нафтапрадуктаў у Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу«.

«Трайпл» — адна з кампаній, кантраляваных Юрыем Чыжом, — трапіла ў сьпіс прадпрыемстваў, супраць якіх Эўразьвяз увёў эканамічныя санкцыі ў сакавіку. Бізнэсмэн Юры Чыж, які нібыта зьяўляецца фінансыстам Аляксандра Лукашэнкі, таксама знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз. Ці такім чынам «Трайпл» спрабуе пераадолець вынікі эканамічнага «эўрабайкоту»?

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

Камэнтуе экспэрт Тацьцяна Манёнак: «Украінскі рынак вельмі выгадны, улічваючы, што там не прымяняюцца імпартныя мыты на нафтапрадукты. Я так разумею, што ў «Трайпла» складаныя абставіны, і ён ня зможа працаваць на сумежных рынках, перш за ўсё ў Літве, дзе ёсьць цяпер пастаўкі «Трайпла». Таму, можа, ён хоча перанакіраваць нафтапрадукты на ўкраінскі рынак.

Але галоўная небясьпека не ў «Трайпле», а, перш за ўсё, у расейскіх кампаніях-давальцах, якія выйшлі ў гэтым годзе на перапрацоўку нафты на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах. Сёньня яны вельмі актыўна пачынаюць пастаўкі на ўкраінскі рынак. Перш за ўсё, гэта кампанія ТНК-ВР, якая зьяўляецца акцыянэрам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Канечне, яна перапрацоўвае значна больш, чым «Трайпл», і пастаўляе ў сваю сетку. У ёй створная сетка ўласных АЗС. За кошт гэтага яна можа аптымізаваць пастаўкі на рынак, прапанаваць больш канкурэнтную цану.
Але галоўная небясьпека не ў «Трайпле», а, перш за ўсё, у расейскіх кампаніях-давальцах.

У апошнія два гады расейскія кампаніі ня мелі магчымасьці перапрацоўваць нафту на беларускіх заводах, а цяпер гэтая магчымасьць ёсьць, і гэта дае ім сваю фору. Бо яны ўласьнікі нафты, яны могуць прапанаваць больш выгадныя ўмовы, чым беларускія заводы. Хаця беларуская нафтавая кампанія БНК-Украіна стварыла ва Ўкраіне уласныя прадпрыемствы, імкнецца аптымізаваць пастаўкі на ўкраінскі рынак, мае арэнду аўтабаз, заключыла выгадныя пагадненьні з украінскімі кампаніямі.

Але сёньня да 50% усёй нафты на беларускіх заводах маюць магчымасьць перапрацоўваць расейскія кампаніі, і ў гэтым галоўная канкурэнцыя. Тым больш што ў іх ёсьць свае заводы на Ўкраіне. А ТНК-ВР закрыла свой асноўны Лісічанскі завод на рамонт і папаўняе свае сеткі прадуктамі за кошт Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Вось тут сапраўды ўзьнікае канкурэнцыя.

Яшчэ зусім нядаўна да 50% украінскага рынку — гэта былі беларускія нафтапрадукты Беларускай нафтавай кампаніі. А сёньня «Газпромнафта», «Лукойл», ТНК-ВР, «Раснафта», «Сургутнафтагаз» — гэтыя кампаніі, якія істотна павялічылі давальніцкую перапрацоўку, маюць на ўвазе збыт сваіх нафтапрадуктаў на ўкраінскім рынку".

Падчас канфэрэнцыі стала таксама вядома, што брытанска-расейскі канцэрн ТНК-BP плянуе павялічаць давальніцкую перапрацоўку нафты ў Беларусі, каб накіраваць нафтапрадукты на ўкраінскі рынак, паведамляе БЕЛТА.
XS
SM
MD
LG