Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Варонежцаў: «Будоўля АЭС ідзе як бульдозэр з гары»


Юры Варонежцаў

Юры Варонежцаў

У Менск зь візытам прыбыў генэральны дырэктар МАГАТЭ (Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі) Юкіё Амана. Урад Беларусі спадзяецца на пашырэньне супрацоўніцтва з МАГАТЭ ў справе будоўлі АЭС у Астраўцы.

Юкіё Амана ў першы ж дзень візыту выказаў падтрымку ў справе будоўлі беларускай АЭС:

«Беларусь — значны партнэр МАГАТЭ на працягу многіх гадоў, і асабліва шчыльна мы супрацоўнічаем цяпер па пытаньнях будоўлі ў вашай краіне атамнай электрастанцыі», — заявіў ён у Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэньня кваліфікацыі МНС Беларусі.

Ён дадаў, што МАГАТЭ гарантуе аказаньне падтрымкі краінам, якія прынялі рашэньне разьвіваць атамную энэргетыку. Амана таксама паведаміў, што ў чэрвені бягучага году заплянаваны візыт у Беларусь місіі МАГАТЭ.

Пэрспэктывы супрацоўніцтва Беларусі і МАГАТЭ будуць абмяркоўвацца на перамовах Юкіё Амана зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, заплянаваных на аўторак 3 красавіка. Заплянаваныя таксама сустрэчы спадара Амана ва ўрадзе.

Беларусь у сувязі з намерам будаваць уласную атамную станцыю падпісала з МАГАТЭ дамову аб тэхнічным супрацоўніцтве. Сярод іншага МАГАТЭ абавязалася дапамагчы ў выпрацоўцы варыянтаў уключэньня АЭС у энэргетычную сыстэму Беларусі, навучаньні кадраў для ядзернай праграмы.

Будаўніцтва АЭС на Астравеччыне

Будаўніцтва АЭС на Астравеччыне

Тым часам літоўскі ўрад працягвае выказваць засьцярогі што да будоўлі АЭС у Астраўцы. Пра гэта Літва паведамляла і ўраду Беларусі, і МАГАТЭ, але сытуацыі гэта не зьмяніла, кажа віленскі палітоляг Віціс Юрконіс. Перш за ўсё Літву непакоіць бясьпека атамнай станцыі, якую будуюць за 50 кілямэтраў ад Вільні:

«Найбольш турбуе сам працэс, празрыстасьць гэтага будаўніцтва. З гэтым зьвязаныя пытаньні, наколькі станцыя будзе бясьпечнай».

Віціс Юрконіс зазначае, што цяпер, як бы ў адказ на прэтэнзіі Літвы да Астравецкай АЭС, у Менску пачалі выказваць прэтэнзіі да пляну будоўлі літоўскай АЭС у Вісагінасе:

«Двухбаковыя абвінавачаньні паказваюць, што не хапае размовы паміж суседзямі, рэальнай размовы, а не праз СМІ».

Прадстаўнік грамадзкай экалягічнай экспэртызы Беларускай АЭС Юры Варонежцаў кажа, што мае дзясяткі прэтэнзіяў да праекту Астравецкай станцыі. Галоўныя зь іх — пасьпешлівы выбар пляцоўкі пад будоўлю і тое, што прапанаваная Расеяй мадэль рэактара ВВЭР-1200 яшчэ нідзе не працавала. Але, нягледзячы на гэта, будоўлю АЭС у Астраўцы спыніць ні Літве, ні грамадзкасьці ўжо нельга, мяркуе спадар Варонежцаў:
Ёсьць апасеньні, што тут Расея на нашай тэрыторыі пабудуе сваю станцыю, а нам застануцца толькі адкіды.

«Сам праект ужо як бульдозэр без кіраваньня, спушчаны з гары, коціцца. Штосьці павінна адбыцца ва ўзаемаадносінах Беларусі і Расеі, каб ён быў не рэалізаваны. І ёсьць апасеньні, што тут Расея на нашай тэрыторыі пабудуе сваю станцыю, а нам застануцца толькі адкіды».

Апошняе стане рэальным, калі Беларусь ня зможа выплаціць шматмільярдны расейскі крэдыт на АЭС і працэнты, кажа спадар Варонежцаў. У тое, што МАГАТЭ можа неяк падкарэктаваць беларускія пляны будоўлі АЭС, ён ня верыць:

«МАГАТЭ, наколькі я знаёмы з гэтай структурай, гэта спэцыфічная арганізацыя, якая ў прынцыпе вітае разьвіцьцё атамнай энэргетыкі. Для іх чым больш АЭС, тым лепей. Пад тыя патрабаваньні, якія вылучае МАГАТЭ, гэты праект нібыта падыходзіць. У адказ на нашыя заўвагі яны кажуць, што так, гэта мае месца, але гэта ўсё можна пераадолець».

Грамадзкая экспэртная група, у якой працуе Юры Варонежцаў, зьбіраецца працягваць сваю працу. Бліжэйшыя яе ініцыятывы чакаюцца ўжо ў красавіку, да гадавіны аварыі на ЧАЭС. «Сытуацыя можа памяняцца, і трэба быць гатовымі да гэтага», — мяркуе спадар Варонежцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG