Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: «Само паняцьце базавай велічыні — не эканамічнае»


Леанід Заіка

Леанід Заіка

З 1 красавіка 2012 году базавая велічыня ў Беларусі павысілася амаль у 3 разы — да 100 тысяч рублёў. Да падвышэньня яна складала 35 тысяч рублёў. Як да такога істотнага павелічэньня базавай велічыні ставяцца простыя грамадзяне, эканамісты, да якіх наступстваў прывядзе гэта рашэньне ўладаў?

Да базавай велічыні ў Беларусі прывязаныя памеры сацыяльных дапамог і стыпэндыяў, разнастайныя штрафы, таксама стаўкі дзяржаўнай пошліны і арэнднай платы. То бок базавая велічыня ў Беларусі — своеасаблівая ўнівэрсальная мерка для розных плацяжоў. Настаўніцу адной зь берасьцейскіх школ спадарыню Ірыну зьмена базавай велічыні ня ўзрадавала:

«Мне зараз малодшай дачцэ пашпарт мяняць — ёй 16 гадоў, старэйшы сын ужо папярэдзіў, што з-за павелічэньня базавай велічыні за студэнцкі інтэрнат значна больш плаціць давядзецца. Куды ні глянь — спрэс выдаткі. Паднялі адразу ў 3 разы, і гэта ўсё нагрузка на нашы гаманцы. Зразумела, што базавую велічыню ў ранейшым памеры не пакінуць. Але трэба рабіць неяк паэтапна, а не адразу павышаць да 100 тысяч! Гэта ж нейкі жах...»

На думку эканаміста, кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, мэта павышэньня базавай — зразумелая: у Беларусі летась адбылася трохразовая дэвальвацыя, цэны пайшлі ўверх, і трэба збалянсаваць тарыфы, штрафы, пошліны. Але, на думку спадара Заікі, памылка ў тым, што само паняцьце базавай велічыні — не эканамічнае:
Выкарыстаньне базавай велічыні — гэта тое самае, што мераць эканамічныя парамэтры папугаямі, удавамі.

«Выкарыстаньне базавай велічыні — гэта тое самае, што мераць эканамічныя парамэтры папугаямі, удавамі. Калі б урад быў прафэсійны, ён зрабіў бы тое, што даўно прапануюць адмыслоўцы — выкарыстоўваць намінальна канкрэтную велічыню, напрыклад, штраф у транспарце — 20 тысяч, арэндная плата — 54 тысячы. То бок перайсьці на паказьнікі ў нацыянальнай грашовай адзінцы ў канкрэтным выражэньні. А базавая велічыня зьявілася ў часы прэм’ерства Кебіча, калі ня ведалі, як пры вялікай інфляцыі ўправіцца, так бы мовіць, з прапорцыямі ў коштах, тарыфах. 18 гадоў прайшло, а ў мазгах тое самае. Гэта не дапаможа бюджэту».

Утрая павялічацца штрафы за парушэньне правілаў дарожнага руху. За незашпілены рэмень — да 200 тысяч, не прайшоў тэхагляд — яшчэ 200 тысяч.

За перавышэньне хуткасьці да 20 кілямэтраў — 100 тысяч, больш за 30 кілямэтраў — ад 300 тысяч да 1 мільёна. П’янага за рулём аштрафуюць на суму да 3,5 мільёна, калі ён быў без правоў — да 4,5 мільёна.

Арцём Шаркоў

Арцём Шаркоў

Арцём Шаркоў, старшыня грамадзкага аб’яднаньня «За аўто», наконт павышэньня так званых аўтамабільных штрафаў выказаў такое меркаваньне:

«Калі на ўзроўні дзяржавы кажуць, што трэба ў тры разы падняць штрафныя санкцыі ў сувязі з дэвальвацыйнымі і іншымі працэсамі, то трэба казаць пра тое, што заробкі павінны таксама адпаведна падвышацца. На сёньняшні дзень самі ведаеце, што заробкі ўтрая ня вырасьлі. Таму ці рацыянальна было такое падвышэньне — гэта пытаньне. На мой погляд, так жорстка паступаць было нерацыянальна. Калі аўтааматару за непрышпілены рэмень будзе зараз штраф ад 100 да 200 тысяч, гэта, можа, крыху дысцыплінуе. Але шмат якія працэдуры — той жа тэхагляд, атрыманьне вадзіцельскага пасьведчаньня ды іншыя — адштурхоўваюцца ад базавай велічыні, што сур’ёзна б’е па кішэні людзей».

Істотна вырастуць штрафы, да прыкладу, за расьпіцьцё піва ў грамадзкіх месцах — да 800 тысяч. Калі аматар піва на прыродзе трапляецца паўторна — штраф да 1,5 мільёна плюс 15 сутак. Начлег у мэдвыцьвярэзьніку абыдзецца цяпер у 250 тысяч. А за кінутую ў неналежным месцы паперку можна атрымаць 500 тысяч штрафу. За незаконную высечку дрэва — мінімум 2,5 мільёна.
XS
SM
MD
LG