Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакумэнт, падпісаны Макеем, трапіў на апазыцыйны сайт


Сакрэтныя дакумэнты з адміністрацыі прэзыдэнта працягваюць трапляць на апазыцыйны сайт «Хартыя’97». Паводле службовага ліста, які разьмясьціла «Хартыя’97», кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей незадаволены абаронай унутранай інфармацыі ў дзяржаўных органах.

Сайт «Хартыі 97» друкуе копію дакумэнту «Аб абыходжаньні са службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюду», падпісанага кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Макеем. Дакумэнт нібыта адрасаваны кіраўнікам дзяржаўных органаў і арганізацыяў. Макей абураецца, што ў кастрычніку 2011 году на сайце «Хартыя’97» была «несанкцыянавана разьмешчана» копія пратаколу даручэньняў кіраўніка краіны. Тыя даручэньні тычыліся «вызначэньня межаў зямельных участкаў» і «максымальна ільготнага рэжыму» для інвэстпраекту «Катарскі востраў». Сярод іншага, праект прадугледжваў стварэньне сумесных прадпрыемстваў па здабычы калійных соляў на Кастрычніцкім і Петрыкаўскім радовішчах, распрацоўцы ў Беларусі радовішчаў жалезнай руды. Паводле рэдактара «Хартыі’97» Натальлі Радзінай, распараджэньне Макея толькі пацьвярджае сапраўднасьць дакумэнту:

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
«Відавочна, што колькасьць уцечак зь дзяржорганаў павялічваецца. Мы пастаянна атрымліваем тыя ці іншыя дакумэнты і з адміністрацыі Лукашэнкі, і зь іншых органаў улады. Натуральна, што ўсё гэта робіцца ананімна. Але відавочна, што ўлады таксама заўважылі гэтую тэндэнцыю і спрабуюць яе прадухіліць, у тым ліку шляхам запалохваньня чыноўнікаў. Сам факт, што гэтыя дакумэнты нам паступаюць, сьведчыць пра вялізны недавер да ўлады. Гэта недавер ня толькі з боку насельніцтва, а і саміх чыноўнікаў да кіраўніцтва краіны. Я думаю, што паток інфармацыі з уладных структураў будзе толькі павялічвацца».

Раней «Хартыя’97» апублікавала яшчэ адзін дакумэнт, які, паводле сайту, паходзіць з адміністрацыі прэзыдэнта — сьпіс пытаньняў для абмеркаваньня 15 сакавіка ў прэзыдэнта, зьвязаных з санкцыямі Эўразьвязу. Пасьля гэтай публікацыі намесьнік начальніка цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Артур Стрэх заявіў БелаПАН, што КДБ правядзе праверку сапраўднасьці дакумэнту і магчымых каналаў уцечкі інфармацыі. На просьбу карэспандэнта «Свабоды» падзяліцца вынікамі праверкі спадар Стрэх сказаў:

«Не, мне пакуль дадаць няма чаго. Ня будзе ніякіх камэнтароў».

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей
Паводле дакумэнту, Уладзімер Макей запатрабаваў прыняць меры дысцыплінарнага спагнаньня да чыноўнікаў, якія парушылі парадак абыходжаньня са службовай інфармацыяй. Аднак у прэс-службе прэзыдэнта карэспандэнту «Свабоды» ня сталі камэнтаваць факт зьяўленьня дакумэнту, падпісанага Макеем, на сайце «Хартыі’97». Маўляў, яшчэ ня бачылі.

Што да сайту «Хартыя’97», то, паводле Натальлі Радзінай, публікацыя сакрэтных дакумэнтаў працягнецца:

«Ня ўсе беларускія СМІ, якія працуюць у Беларусі, могуць іх публікаваць. Бо за гэта іх могуць зачыніць, выносіць папярэджаньні, журналісты могуць зазнаваць розныя рэпрэсіі. Мы гэта добра ведаем па сваёй працы ў Беларусі. Таму насамрэч „Хартыя’97“ можа гэта публікаваць бяз боязі, што газэту зачыняць, а журналістаў заб’юць. Мы ведаем, што існуюць „чорныя сьпісы“ сайтаў, якія блякуюцца ў Беларусі. Мы таксама туды ўваходзім. Таму далейшыя меры могуць быць — гэта наагул заблякаваць інтэрнэт у Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG