Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыі — ёсьць, дывідэндаў — няма


Багата беларусаў, якія маюць акцыі прамысловых прадпрыемстваў у рэгіёнах, чуюцца ашуканымі. Грашовыя дывідэнды па іхніх акцыях або мізэрныя, або ўвогуле не выплачваюцца.

ГОМЕЛЬШЧЫНА

Завод «ускочыў у балота»

У адкрытым акцыянэрным таварыстве «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» абвясьцілі пра выплату акцыянэрам дывідэндаў: 10 рублёў на акцыю.

Нафтаперапрацоўшчыкі ня дзівяцца такім дывідэндам, бо забыліся, калі мелі годныя выплаты. Хіба толькі на першым часе, як прайшло акцыянаваньне. Пазьней выплаты скаціліся нават не да дзесяці, а да аднаго рубля.

«А раней па рублю ўвесь час плацілі, — апавядае мазырскі акцыянэр Аляксандар. — Кажуць аднойчы: у ашчадным банку на вуліцы Прытыцкага атрымаеце. Дзеля цікавасьці неяк туды пайшоў: дзе ж гэты рубель? „Няма“, — кажуць мне. Наагул, гэта няправільна. Правільным было б разьдзяліць прыбытак заводу паміж чатырма відамі ўласьнікаў — дзяржава, „Слаўнафта“, сам мазырскі завод і мы, менарытарныя ўласьнікі».

«Большага зьдзеку з рабочых няма...»

Некаторыя акцыянэры — як, прыкладам, Уладзімер Рэпка, які цяпер на пэнсіі, — абураныя такімі дывідэндамі:
Усёўхвальна ўхваляю такую выплату

«Усёўхвальна ўхваляю такую выплату, як сказалі б гумарысты. Большага зьдзеку з рабочых, якія адпрацавалі на заводзе па 30–35 гадоў, дый наагул акцыянэраў, няма. Страшэнныя грошы! Прыкладам, у мяне 290 акцый. Памножым на 10 рублёў. Гэта ж колькі я атрымаю? Напіцца і ўдавіцца!»

Сябра незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве Генадзь Мыльнікаў лічыць, што цяперашні памер дывідэндаў — гэта вынік працы заводзкай адміністрацыі:

«Адміністрацыя так спрацавала. У 1992 годзе я адзін супраць усяго заводу паўставаў, прапаноўваў зусім іншую схему акцыянаваньня, тлумачыў людзям. Я прапаноўваў, каб завод атрымаў статус «народнага прадпрыемства».

Акцыі належаць ураду Беларусі й расейскай кампаніі «Слаўнафта»...

Цяпер тых уладальнікаў акцыяў, якія трымаліся прапановы спадара Мыльнікава і не перадалі свае акцыі таварыству з абмежаванай адказнасьцю «МНПЗ плюс», засталося крыху больш за 2 адсоткі. Асноўная частка акцыяў належыць ураду Беларусі (42,7 адсотка) і расейскай кампаніі «Слаўнафта» (42,5 адсотка). Таварыства «МНПЗ плюс» валодае 12,2 адсотка акцыяў нафтаперапрацоўчага прадпрыемства.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«Адна акцыя каштуе 1,5 тысячы рублёў, а кіляграм каўбасы — 100 тысяч»

Акцыянэры прамысловых прадпрыемстваў на Гарадзеншчыне ня могуць патлумачыць прычыны мізэрных дывідэндаў ад сваіх акцыяў. Экспэрт сьцьвярджае, што ў такіх умовах, якія стварыла дзяржава, ня можа ісьці гаворкі пра сур’ёзныя дывідэнды.

Працаўніца Гарадзенскага мясакамбінату спадарыня Сьвятлана разам з мужам набыла акцыі прадпрыемства ад самага пачатку яго акцыянаваньня — гадоў 20 таму. Вось толькі дывідэнды ня вельмі задавальняюць:

З акцыянэрамі ніхто ня раіцца...

«Летась выплачвалі па тры тысячы за акцыю, а сёлета я мужу сказала, што нават ня варта ісьці атрымліваць. У газэце ўжо надрукавалі, што на пачатак году сума складала паўтары тысячы, а напрыканцы — толькі тысячу трыста рублёў. Ну то што гэта — 70 акцыяў маем, і атрымліваць 70 тысяч рублёў? Іх каўбаса цяпер каштуе па 100 тысяч рублёў за кіляграм. Гэта сорам для мясакамбінату...»

Спадарыня Сьвятлана сама патлумачыць ня можа, чаму іхнае прадпрыемства плаціць такія малыя дывідэнды. Кажа, што з акцыянэрамі цяпер наагул ніхто ня раіцца.

Дывідэнды налічваюць ня кожны год...

Спадар Мікалай мае болей за 100 акцыяў шчучынскага прадпрыемства «Аўтапровад», але дывідэнды там налічваюць нават ня кожны год. Сума апошніх дывідэндаў склала ня болей за 10 даляраў.

«З аднаго боку, можна зразумець тое, што грошы ўкладаюцца ў прадпрыемства, на яго мадэрнізацыю, — мяркуе спадар Мікалай. — Але калі так яны ўкладаюцца ўжо 20 гадоў, то павінна ж яно прыносіць нейкі прыбытак...»

«Наш прыбытак забірае дзяржава...»

Прафсаюзны дзеяч Анатоль Хацько, якога Свабода запрасіла ў якасьці экспэрта, найперш зазначае, што насамрэч так званыя акцыі ў Беларусі — гэта ўсяго толькі разьліковыя білеты, бо ў краіне няма рынку каштоўных папераў і прадпрыемствы іх нідзе не выстаўляюць у вольны продаж — іх кошт нідзе і нікім ня вызначаны:
Калі грошы ў мадэрнізацыю ўкладаюцца ўжо 20 гадоў, то павінна ж прадпрыемства прыносіць нейкі прыбытак

«Самы галоўны акцыянэр на ўсіх прадпрыемствах — дзяржава, практычна ў сярэднім 99,6% акцыяў у яе. І дзяржава ўвесь свой прыбытак забірае тады, калі ёй трэба, а не па выніках году. І ўвесь наш прыбытак папросту забіраецца».

Паводле экспэрта, адным з галоўных момантаў тут павінен быць кантроль акцыянэраў за атрыманым прыбыткам. Але паколькі ў дзяржавы амаль усе акцыі на руках, то яна і ёсьць галоўны кантралёр, а той адзін адсотак акцыяў, якія маюць на руках працаўнікі, ня мае на стан рэчаў ніякага ўплыву.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

Пэнсіянэркі працягваюць змагацца за акцыі панчошнага камбінату

Пэнсіянэркі, якія працавалі на Берасьцейскім панчошным камбінаце, надалей дабіваюцца, каб кошт акцыяў, што яны папрадавалі, быў пералічаны нанава. Па дапамогу яны зьвяртаюцца ва ўсе магчымыя інстанцыі.

Як распавяла пэнсіянэрка, раней — працаўніца панчошнага камбінату Зінаіда, акцыянэры гэтага прадпрыемства незадаволеныя аб’ёмам дывідэндаў па акцыях:

«Год таму на дывідэнды мы ўвогуле нічога не атрымалі. Там нейкая была зусім мізэрная сума. А ў мінулым годзе ў нас было за акцыю тры тысячы, здаецца. Але заплацілі нам па паўтары. Сказалі, што астатнія паўтары тысячы ідуць на разьвіцьцё вытворчасьці».

«Начальства агітавала прадаць акцыі па 78 тысяч рублёў, а праз пару тыдняў кошт павялічыўся да 580 тысяч рублёў...»

Спадарыня Зінаіда кажа: якраз тое, што акцыі не прыносяць значных дывідэндаў, і падштурхнула акцыянэраў прадаць іх на заклік начальства па 78 тысяч. Аднак літаральна праз пару тыдняў акцыянэры пашкадавалі аб гэтым, бо кошт акцыяў узьняўся да 580 тысяч.

Пэнсіянэркі палічылі сябе падманутымі і патрабуюць або пералічыць кошт акцыяў па новай цане, або іх вярнуць. Спадарыня Зінаіда кажа, што яны зьвяртаюцца са сваёй праблемай у шмат якія інстанцыі:

«Людзі зьбіраюцца ехаць да прэзыдэнта на прыём»

«Мы зьвярталіся, пісалі ліст прэзыдэнту. Двойчы. Адна група паслала і другая. Прыйшло апавяшчэньне, што ліст атрыманы, але вынікаў пакуль няма. Я на сайт зьвярталася прэзыдэнта. Людзі таксама тэлефануюць, зьбіраюцца ехаць да прэзыдэнта на прыём. Зьбіраюцца яшчэ людзі да Сумара пайсьці. З пракуратуры нам пакуль яшчэ адказу няма. Так што людзі хвалююцца, перажываюць, бо час ідзе, а вынікаў няма».

Тым ня меней, кажа спадарыня, акцыянэры маюць намер дабівацца вяртаньня сваіх акцыяў.

МЕНШЧЫНА

«Летась на адну акцыю было 36 тысяч рублёў, а сёлета — 7800»

ААТ «Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат» трымае цяпер ня менш як 30% беларускага рынку цукру, або звыш 200 тысяч тон гатовага цукру ў год. Пляны на 2012 год яшчэ амбітнейшыя. Між тым акцыянэры адкрытага таварыства скардзяцца. Людзей расчароўваюць налічаныя ім дывідэнды. Пра гэта паведаміў сёньня «Свабодзе» случанін Павал Ждановіч:

«У мяне цяпер 22 акцыі ААТ „Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат“. У папярэднім годзе на адну акцыю было 32 тысячы рублёў дывідэндаў, а сёлета будзе толькі 7 тысяч 800 рублёў. І выплацяць гэтыя грошы толькі ў траўні.

Быццам бы й прыбытак цяпер большы ў нашага прадпрыемства ў два разы, і ўсе іншыя паказчыкі таксама ўдвая вырасьлі. А дывідэнды ўпалі... Можа, я чаго не разумею? Магчыма, укладаюць сродкі ў разьвіцьцё? Я чуў, што на цукровым ня хочуць, каб у Беларусі будавалі яшчэ адзін цукровы завод, а хочуць, каб завод у Слуцку яшчэ больш пашыраўся...»

Дырэктар Беларускага эканамічнага навукова-дасьледчага адукацыйнага цэнтру (BEROC) Павал Данэйка мяркуе: «Адсутнасьць грашовых дывідэндаў альбо мізэрныя грашовыя сумы — гэта заканамерны вынік кіраваньня эканомікай у крызісны пэрыяд».

«Паводле беларускай справаздачнасьці, прадпрыемствы маюць на паперы вялікі прыбытак, а калі зьвярнуцца да Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасьці (МСФО), то паказчыкі выглядаюць зусім іншымі. Рэальна ж грошай няма. Гэта ж фіктыўныя грошы, за кошт курсавой розьніцы. Да прыкладу, нафтавікі, якія пастаўлялі паліва на ўнутраны рынак па заніжаных коштах і праз гэта апынуліся са страшэннымі фінансавымі стратамі. Тое ж самае і з цукровымі заводамі. Гэта — тыповыя крызысныя сытуацыі, дзе адбывалася жорсткае рэгуляваньне цэнаў. Таму калі няма нармальных прыбыткаў, то й дывідэндаў таксама...» — лічыць эканаміст Павал Данэйка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG