Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора — хабарнік, заўтра — дырэктар радыёстанцыі


Ягор Рыбакоў
Ягор Рыбакоў

Прадстаўленьне калектыву менскага «Альфа Радыё» новага кіраўніка адтэрміноўваецца на няпэўны час.

На мінулым тыдні зьявіліся зьвесткі, што 2 красавіка радыёстанцыю ўзначаліць былы старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў. У 2004 годзе ён быў асуджаны за хабарніцтва і злоўжываньне службовым становішчам на 11 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і бяз права займаць адказныя пасады на працягу 5 гадоў. Выйшаў на волю ў 2010-м, адседзеўшы палову тэрміну. Цяперашняе кіраўніцтва «Альфы» кажа, што пра новага начальніка яно папярэджанае, але ня ведае, калі ўсё здарыцца.

Выканаўца абавязкаў дырэктара «Альфа Радыё» Яўген Урыўскі пацьвердзіў, што прозьвішча Ягора Рыбакова як кандыдата на дырэктарскае крэсла сапраўды фігуравала, але, прынамсі сёньня прызначэньня не адбылося:

«Пакуль што гэта толькі на ўзроўні абмеркаваньняў дзесьці там наверсе, ніякіх афіцыйных папераў адносна ягонага прызначэньня ў нас няма. Не выключаю, што могуць быць і іншыя кандыдатуры, ня толькі Рыбакоў, таму хто канкрэтна прыйдзе — пакуль невядома».

Карэспандэнт: «Але прызначэньне павінна адбыцца ў любым выпадку?»

«Так, па ідэі гэта сапраўды павінна адбыцца...»

Хто рэкамэндаваў Ягора Рыбакова на вакансію ў «Альфа Радыё» — для супрацоўнікаў FM-станцыі застаецца таямніцай. Але відавочна, што без удзелу Міністэрства інфармацыі справа не вырашалася. Ведамства — заснавальнік радыё, яно валодае кантрольным пакетам акцыяў — 51%. Гэта значыць, загад з ухваленьнем кандыдатуры мусіць падпісаць міністар Алег Праляскоўскі. Ці ёсьць адпаведны дакумэнт — у ведамстве не ўдакладняюць.

Тым часам экспэрты задаюцца пытаньнем: калі прызначэньне Рыбакова ўсё ж адбудзецца, то як яно будзе стасавацца з нормамі закону? Судовым выракам асуджанаму за фінансавыя злачынствы экс-кіраўніку Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі забараняецца займаць адказныя пасады на працягу 5 гадоў пасьля адбыцьця пакараньня. З моманту вызваленьня Рыбакова мінулі два гады, а фармальна ён будзе пад крымінальным артыкулам яшчэ тры.

Паводле зьвестак Яўгена Ўрыўскага, судзімасьць Рыбакова, хутчэй за ўсё, яшчэ не пагашаная:

Наколькі мне вядома, у яго судзімасьць не пагашаная...

«Наколькі мне вядома, у яго судзімасьць не пагашаная. Гэта відаць і з матэрыялаў, якія ёсьць у вольным доступе ў інтэрнэце. Таму як будуць разгортвацца падзеі — абсалютна невядома».

Згодна з выракам, Ягор Рыбакоў мог яшчэ да 2015 году кіраваць турэмнай тэлестудыяй у шклоўскай калёніі — такую пасаду яму даручыла адміністрацыя ўстановы за адпаведны досьвед працы ў мінулым. Аднак, адбыўшы 6 гадоў за кратамі, карупцыянэр на загад Аляксандра Лукашэнкі быў памілаваны.

За прамінулыя два гады Рыбакоў на публіцы амаль не зьяўляўся. Апошні год, па прыкладзе многіх адстаўных беларускіх чыноўнікаў, спрабаваў знайсьці працу дарадцы ў Маскве. Але ў Расеі кар’ера ня склалася.

Заснавальніка «Альфа Радыё» Сяргея Кузіна, які быў пазбаўлены свайго дзецішча ў 2003 годзе і зьехаў ва Ўкраіну, спроба паставіць кіраўніком радыёстанцыі «крымінальніка» шакавала. Але ён кажа, што сур’ёзна ставіцца да гэтага наўрад ці трэба:

«Вельмі спадзяюся, што жыцьцёвы досьвед, набыты ў такой „творчай сытуацыі“, дапаможа нарэшце „Альфа Радыё“ вярнуць былыя пазыцыі лідэра. Я ім ад усёй
У мяне такі выбар выклікае толькі зьдзіўленьне ...

душы жадаю ўдачы. Прынамсі ў менскага „Радыё Рокс“ павінен зьявіцца сур’ёзны канкурэнт. Бо калі зьявіцца яшчэ адно радыё шансону, то, баюся, для аднаго гораду зашмат будзе. Шчыра кажучы, сур’ёзна камэнтаваць усю гэтую лухту нельга, таму што, па-першае, ён сам не радыст, па-другое, у Беларусі папросту няма радыёрынку. Зь іншага боку, сьмяяцца з чалавека, які „шасьцёрку“ адмалаціў, таксама негуманна. Як бы там ні было, усё ж сядзеў — і хто яго ведае, ці толькі за сябе, ці яшчэ за кагосьці. Але ў мяне такі выбар выклікае толькі зьдзіўленьне. Я ўжо ня ведаю, што ён там будзе рабіць, што зьбіраецца мяняць. Жадаю толькі аднаго — каб радыё не зайграла шансон».

Прэцэдэнты, калі на высокія пасады прызначалі абвінавачаных у фінансавых злоўжываньнях, ужо ёсьць. Так, у 2007 годзе ў рангу генэральнага дырэктара канцэрну «Белнафтахім» за злоўжываньне службовым становішчам быў затрыманы Аляксандар Бароўскі. Яго асудзілі на 5 гадоў турмы з пазбаўленьнем права займаць кіроўныя пасады цягам 3 гадоў. Аднак ужо ў 2009-м Бароўскі быў прадстаўлены ў якасьці гендырэктара аднаму з найбуйнейшых калектываў Беларусі — працаўнікам Менскага аўтазаводу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG