Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН атрымае болей інфармацыі ў справе Кавалёва


У Камітэт па правах чалавека ААН накіравана дадатковая інфармацыя ў рамках разгляду індывідуальнага паведамленьня маці асуджанага да сьмяротнага пакараньня і расстралянага Ўладзіслава Кавалёва — Любові Кавалёвай і ягонай сястры Тацьцяны Казяр.

Мэта дадатковага паведамленьня — праінфармаваць Камітэт пра афіцыйную дату выкананьня прысуду і пра акалічнасьці пакараньня.

Праваабаронца Раман Кісьляк кажа, што Любоў Кавалёва не магла даведацца, дзе яе сын знаходзіўся ўвесь тыдзень пасьля таго, як стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка адмовіўся памілаваць Кавалёва і Канавалава.

Адвакат таксама ня мог трапіць на сустрэчу да Кавалёва як мінімум два дні, якія папярэднічалі выкананьню сьмяротнага пакараньня. Гэтыя акалічнасьці, зьвязаныя з выкананьнем сьмяротнага прысуду, таксама могуць стацца прадметам разгляду ў Камітэце, перадае праваабарончы цэнтар «Вясна».

Уладзіслава Кавалёва і другога фігуранта справы пра выбух у менскім мэтро Дзьмітрыя Канавалава расстралялі 15 сакавіка.

Міжнародная супольнасьць асудзіла выкананьне сьмяротнага пакараньня.

14 сакавіка стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка не памілаваў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава.

30 лістапада 2011 году Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Уладзіслава Кавалёва вінаватым у саўдзеле ў тэрарызьме і прысудзіў яго да сьмяротнага пакараньня. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Дзьмітрый Канавалаў прашэньне аб памілаваньні падаваць адмовіўся.

11 красавіка 2011 году на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» спрацавала выбуховае прыстасаваньне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацьвёра памерлі ў шпіталях. Агулам пацярпела больш за 300 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG