Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сябры Сырыі» дапамагаюць паўстанцам


ЗША і дзясяткі іншых краін наблізіліся да прамога ўмяшаньня ў баявыя дзеяньні ў Сырыі.

Арабскія краіны выдаткоўваюць 100 мільёнаў даляраў на дапамогу паўстанцам, а ЗША пагадзіліся даць апанэнтам прэзыдэнта Асада сродкі сувязі, каб супрацьстаяць сырыйскаму войску. Пра гэта піша Стывэн Лі Маерс у New York Times.

Гэтыя крокі адлюстроўваюць згоду паміж урадоўцамі розных краін, якія сабраліся ў гэтую нядзелю ў Стамбуле на нараду супольнасьці «Сябры Сырыі», адносна таго, што пасярэдніцкая місія былога генэральнага сакратара ААН Кофі Анана не дала плёну, і цяпер патрэбныя больш рашучыя дзеяньні.

Пасьля таго, як Расея і Кітай заблякавалі рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН, што магла адкрыць шлях для ванных дзеяньняў, шэраг краін імкнуцца дзейнічаць супраць рэжыму прэзыдэнта Асада шляхам пашырэньня паняцьця гуманітарнай дапамогі.

Не была прынятая прапанова пра прамое ўзбраеньне паўстанцаў, на чым настойваюць Савудаўская Арабія і некаторыя чальцы кангрэсу ЗША, з прычыны нявызначанасьці, у чые рукі трапіць гэтая зброя.

Аднак была прынятая прапанова даць паўстанцам – так званай Свабоднай арміі Сырыі – грашовыя сродкі і камунікацыйнае абсталяваньне, каб яны маглі супрацьстаяць урадаваму войску і каб заахвоціць салдат урадавага войска пераходзіць на бок паўстанцаў.

Існуюць розныя погляды на праблему. Некаторыя мяркуюць, што дапамога паўстанцам можа прывесьці да паглыбленьня канфлікту, які доўжыцца ўжо больш за год і падчас якога было забіта больш за 9 тысяч чалавек. Іншыя мяркуюць, што дапамога паўстаньню і яго перамога зьяўляецца найлепшым сродкам скончыць з нестабільнасьцю і разьнёй.

«Мы хацелі б бачыць Свабодную армію Сырыі больш моцнай, абавязак яе ўмацаваньня ляжыць на міжнароднай супольнасьці» – заявіў адзін зь лідэраў Сырыйскай апазыцыі Бурхан Галіоўн, выступаючы ў Стамбуле на нарадзе «Сяброў Сырыі».

На канфэрэнцыі «Сяброў Сырыі» дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан сказала, што прэзыдэнт Асад кінуў выклік міратворчым высілкам пасярэдніка ААН Кофі Анана. Напады ў правінцыях Ідліб і Алепа пачаліся тады, калі Асад публічна пагадзіўся з плянам спыненьня агню.

«Сьвет павінен ацэньваць Асада па тым, што ён робіць, а не па тым, што ён гаворыць» – заявіла спадарыня Клінтан.

Яна абвясьціла пра дадатковыя 12 мільёнаў даляраў гуманітарнай дапамогі сырыйцам, у выніку чаго агульная амэрыканская дапамога складзе 25 мільёнаў даляраў. Яна таксама ўпершыню паведаміла, што ЗША даюць паўстанцам камунікацыйнае абсталяваньне.

Імпэт краін, якія даўно зьяўляюцца гарачымі праціўнікамі кіраваньня Асада – Савудаўскай Арабіі, Катару і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў – зьяўляецца адлюстраваньнем расколу ў мусульманскім сьвеце паміж сунітамі і шыітамі. Асад і яго асяродзьдзе належаць да алаўітаў – адгалінаваньня шыіцкай меншасьці, якая, тым ня менш, дамінуе ў палітычным і эканамічным жыцьці Сырыі, хаця большасьць насельніцтва краіны – суніты.

Прэм'ер-міністар Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган, гаспадар сустрэчы «Сяброў Сырыі», заклікаў Раду бясьпекі ААН дзейнічаць: «Калі Рада бясьпекі ня вырашыць праблему, ня будзе іншага выбару, акрамя як падтрымаць законнае права сырыйскага народа абараніць сябе» – сказаў ён.

Між тым у Сырыі працягваюцца баі. У нядзелю баі ішлі ў горадзе Хомс, у правінцыі Дараа, у Дамаску. У сталіцы ўрадавыя войскі ўжывалі буйнакалібэрныя кулямёты.

Абмежаваньні на працу журналістаў у Сырыі робяць немагчымым пацьверджаньне гэтых зьвестак, якія паступаюць ад апазыцыі.

Злучаныя Штаты і іншыя чальцы «Сяброў Сырыі» пагадзіліся стварыць «працоўную групу», каб кантраляваць краіны, якія працягваюць узбройваць ці інакш падтрымліваюць урад Асада. Яны таксама пагадзіліся падтрымаць намаганьні для дакумэнтаваньня актаў гвалту з боку сырыйскіх войскаў, якія ў далейшым могуць быць выкарыстаныя ў якасьці доказаў у судовых працэсах, калі ўрад Асада ўрэшце будзе скінуты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG