Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы запраграмавалі камлёвыя клеткі пупавіны


Выкарыстаньне пупавіны ў якасьці крыніцы камлёвых клетак можа зьняць этычныя праблемы, уласьцівыя тэрапіі на базе камлёвых клетак эмбрыёна. Для пачатку трэба навучыцца даваць гэтым клеткам каманду на выбар той ці іншай спэцыялізацыі.

Біяінжынэры з унівэрсытэту цэнтральнай Флорыды (University of Central Florida) ператварылі камлёвыя клеткі пупавіны ў алігадэндрацыты, якія ізалююць нэрвы галаўнога і сьпіннога мозгу. Дасягненьне амэрыканцаў можа паспрыяць стварэньню новага мэтаду лячэньня пашкоджаньняў сьпіннога мозгу, расьсеянага склерозу ды іншых захворваньняў нэрвовай сыстэмы.

На сёньня дасьледчыкі ў галіне мэдыцыны навучыліся выкарыстоўваць камлёвыя клеткі пупавіны для лячэньня онкагематалягічных захворваньняў, ішыміі сэрца, цукровага дыябэту, цэрэбральнага паралюшу ды іншых хваробаў.

Камлёвыя клеткі таксама зьяўляюцца сыравінай для вырошчваньня органаў. У 2008 годзе гішпанцы Кляўдзіі Касьціла перасадзілі трахею, вырашчаную зь яе ўласных камлёвых клетак.

Працэдура захаваньня пупавіннай крыві цалкам бясьпечная, не прыносіць болю, займае некалькі хвілінаў і не парушае працэсу натуральных родаў. Кроў з пупавіны зьбіраецца ў адмысловы кантэйнэр і перапраўляецца ў банк камлёвых клетак, дзе праходзіць першую дыягностыку і замарожваецца ў вадкім азоце. У будучыні яны могуць быць выкарыстаны для лячэньня цяжкіх захворваньняў дзіцяці ці яго найбліжэйшых сваякоў.

Паслугу захаваньня камлёвых клетак пупавіны аказваюць банкі пупавіннай крыві ў Беларусі. Да прыкладу, паводле расцэнак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, працэдура забору пупавіннай крыві для грамадзянаў Беларусі каштуе 896 750 беларускіх рублёў, а захаваньне на працягу года 201 000 беларускіх рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG