Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Шыбека: "Калі сытуацыя зьмяняецца, дэпутаты вымушаны рабіць тое, што патрабуе народ”


Захар Шыбека

Захар Шыбека

Такую думку ён выказаў у інтэрвію газэце «Народная воля», якае распачынае цыкл Марата Гаравога "Гісторыя Беларусі ў асобах", прысьвечаны дасягненьню незалежнасьці краіны ў пачатку 1990-ых гадоў.

«Меркаваньне, што незалежнасьць звалілася на нас зь неба, дамінуе сярод людзей, якія ня ведаюць мінулага Беларусі і ніколі не жылі ў нацыянальным кантэксьце, -- перакананы Захар Шыбека. -- Для такіх асоб назалежнасьць стала нечаканым гістарычным паваротам.

Але нічога выпадковага не бывае ў гісторыі, бо яна будуецца на прычынна-сьледчых сувязях. Вынікам можа быць толькі падзея, якая рыхтавалася стагоддзямі і выцякае з папярэдняга этапу.

У складзе Расійскай імпэрыі мы былі захопленай эўрапейскай краінай.

Дык вось беларусы — гістарычны народ, у нас і раней была дзяржаўнасьць: Полацкае княства і Вялікае Княства Літоўскае. У складзе Расійскай імпэрыі мы былі захопленай эўрапейскай краінай. За незалежнасьць ад Расіі пасьлядоўна змагаліся лепшыя прадстаўнікі беларускай шляхты і разначынцаў, дзеячы народніцкага руху, Беларускай Народнай Рэспублікі і антыкамуністычнага супраціву 1920—1980-х гадоў.

Ідэя незалежнасьці, як ні хацелі яе вынішчыць бальшавікі, жыла не толькі ў асяродку беларускай эміграцыі, але і сярод дасьведчаных і адукаваных грамадзян БССР. Існаваў народ, яго мова, культура, гісторыя і традыцыя. І ўсё гэта некалі павінна было выліцца ў акт дзяржаўнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Пасьля сьмерці Сталіна рух за ідэю дзяржаўнай незалежнасьці актывізаваўся.

Заслуга апазыцыі БНФ у тым, што яна захавала гістарычную пераемнасьць і пачала актыўна рэалізоўваць яе. Пасьля сьмерці Сталіна рух за ідэю дзяржаўнай незалежнасьці актывізаваўся, нягледзячы на тое, што засталіся адзінкі — носьбіты гэтай ідэі. Але гэтыя адзінкі стваралі вакол сябе кола аднадумцаў. Вялікую ролю ў гэтай справе адыграла Ларыса Геніюш, бо ўсе дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі так ці інакш былі зьвязаны з ёй. І яна — як апошні з магікан — перадала ідэю незалежнасьці Беларусі маладому пакаленьню, якое дало разьвіцьцё гэтай ідэі, стварыла Беларускі Народны Фронт і аб’яднала вакол сябе значную частку грамадзтва.

Часта БНФ абвінавачваюць у тым, што ён зрабіў памылку, бо прытрымліваўся вузка нацыяналістычных пазыцый у час, які адрозьніваўся ад пэрыяду 1920—1930-х гадоў, калі працавала нацыянальная ідэя. На самай справе я ня бачу падстаў для абвінавачваньня, бо нацыянальную ідэю заўжды хтосьці павінен прэзэнтаваць і адлюстроўваць настрой той часткі грамадзтва, для якой гэтая ідэя з’яўляецца сьвятой. А калі б не было БНФ, хто прэзэнтаваў бы гэтую ідэю? Тады б у нас нічога беларускага не было, і мы б даўно былі ў складзе Расіі як яе правінцыя” -- лічыць Захар Шыбека.

Ва ўмовах татальнага засільля камунізму Пазьняк ня мог напоўніцу рэалізаваць свае здольнасьці

“Сярод камуністычных дзеячаў пачатку 1990-х гадоў я не бачу ні аднаго, хто змог бы параўнацца з нацыянал-бальшавікамі пэрыяду ўтварэньня БССР — са Зьміцерам Жылуновічам і Алесем Чарвяковым,— адзначае гісторык.— Дзеячы КПБ пачатку 1990-х у пераважнай большасьці страцілі сваю нацыянальную адметнасьць і былі шэрымі, безыніцыятыўнымі і паслухмянымі выканаўцамі волі Масквы. Іншая справа — бясспрэчны лідэр апазыцыі Зянон Пазьняк. Калі б ён нарадзіўся раней і быў сталым палітыкам ў 1918 годзе, магчыма, Пазьняк змог бы дабіцца незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі нават у тых няпростых умовах. Бо ён быў больш моцнай і харызматычнай асобай, чым мяккія і нерашучыя лідэры БНР... Але на пачатку 1990-х ва ўмовах татальнага засільля камунізму Пазьняк ня мог напоўніцу рэалізаваць свае бліскучыя здольнасьці лідэра. Нават тое, што яму ўдалося зьдзейсьніць, — гэта фантастыка. Узровень сябраў дэпутацкай фракцыі БНФ таксама аказаўся на парадак вышэй патэнцыялу лідэраў БНР. Вакол Пазьняка сфарміравалася даволі моцная каманда, якая магла ўтварыць сапраўды нацыянальны ўрад і правесьці дэмакратычныя рэформы. А калі б Беларусь стала дэмакратычнай, дык і Расія таксама атрымала б больш шанцаў стаць дэмакратычнай. Ва ўсялякім разе працэс яе дэмакратызацыі ішоў бы хутчэй, бо эўрапейскія каштоўнасьці заўсёды траплялі ў Расію праз Беларусь, якая была кантактнай зонай паміж заходнеэўрапейскай цывілізацыяй і ўсходнім еўразійствам..”.

У вострай гістарычнай сытуацыі вельмі важным фактарам з’яўляецца настрой грамадзтва

Адказваючы на пытаньне, якія высновы можа зрабіць беларускае грамадзтва з перамогі апазыцыі БНФ у 1991 годзе, гісторык Захар Шыбека сказаў: «Гэтая перамога засьведчыла вялікія магчымасьці парлямэнтарызму і паказала, што парлямэнцкім шляхам можна вырашаць вельмі сур’ёзныя праблемы і нават пытаньні палітычнай улады. І ня трэба ні рэвалюцый, ні крыві, ні барыкад, бо парлямэнт — гэта такі мэханізм, які дазваляе мірным шляхам перайсьці ад адной мадэлі палітычнай улады да другой...Трэба мець на ўвазе, што ў вострай гістарычнай сытуацыі вельмі важным фактарам з’яўляецца настрой грамадзтва. І дэпутаты-апазыцыянэры гэты фактар выкарысталі напоўніцу. У маштабах краіны парлямэнцкая камуністычная большасьць аказалася ў меншасьці са сваімі састарэлымі ідэаламі і палітычнай праграмай. Вось чаму прадстаўнікам партнамэнклятуры ў Вярхоўным Савеце не заставалася нічога іншага, як падпарадкавацца волі народа, якую ў парлямэнце адлюстроўвала фракцыя дэпутатаў, што былі сябрамі Беларускага Народнага Фронту. Гэты факт сьведчыць, што, у прынцыпе, не вельмі важна, хто знаходзіцца ў парлямэнце. Калі сытуацыя рэзка зьмяняецца, то гэтыя дэпутаты вымушаны будуць рабіць тое, што патрабуе час і да чаго іх прымушае народ. І гэта самы галоўны ўрок тых падзей 20-гадовай даўніны”- лічыць гісторык Захар Шыбека.

Наступная публікацыя цыклю "Гісторыя Беларусі ў асобах", які анансуе «Народная воля», будзе прысьвечаная дэпутату ВС 12 скліканьня Галіне Сямдзянавай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG