Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Значная частка неўязных у Эўрапейскі Зьвяз грамадзян Беларусі – жанчыны. Значная частка гэтых жанчын – судзьдзі.

Калі эўрапейцы пытаюцца, як беларуская апазыцыя выкарыстоўвае для дэмакратызацыі грамадзтва гендэрны фактар, многія сьмяюцца: маўляў, вось жа дурні, жаночае пытаньне іх хвалюе, калі ў нас тут такія справы дзеюцца.

Ну, эўрапейцаў заўсёды што-небудзь хвалюе. Ды і справы ў нас усё яшчэ не такія, каб ставіць нас, скажам, нароўні зь Бірмай. Таму гендэрны фактар і хвалюе час ад часу якую-небудзь юную швэдку ці нават немку. Дамы сталыя ўжо ні пра што падобнае не пытаюцца.

А калі пытаюцца – адказваем.

Значная частка неўязных у Эўрапейскі Зьвяз грамадзян Беларусі – жанчыны.

Значная частка гэтых жанчын – судзьдзі.

Шчыра скажу: ня я зьвярнуў на гэта ўвагу. Хтосьці з палітолягаў-тэарэтыкаў, Андрэй Ягораў, здаецца. Па-мойму, менавіта ён у адным з артыкулаў напісаў, што большасьць судзьдзяў, якія выносілі прысуды ў «палітычных справах» – жанчыны.

Ну, нічога ня зробіш. Фэміда, урэшце, таксама – жанчына.

І далей пачынаецца спрэчка: а чаму жанчын «кідалі» на палітычныя працэсы ў якасьці судзьдзяў?

Тут некалькі вэрсіяў было. Першая: баяцца, што зловяць потым судзьдзю таго страшныя апазыцыянэры і наб'юць яму пысу. А ў жанчыны ня столькі морда, колькі твар, дый біць яе мужыку сорамна.

Вэрсія гэтая не вытрымлівае ніякай крытыкі ў вачах чалавека, хоць трохі знаёмага з нашай цалкам траваеднай апазыцыяй. Апазыцыянэры і паміж сабой не кулачныя баі, а ўсё больш сваркі ды звадкі на сайтах ладзяць. А ўжо каб пайсьці й адмутузіць прадстаўніка зласьлівага рэжыму – да гэтага гадоў 100 жыць яшчэ прыйдзецца. Ну, дзеўбане Лябедзька па відэакамэры мянтоўскага апэратара – ня больш. І гэта за подзьвіг лічыцца.

Другая вэрсія – у большай кіравальнасьці судзьдзяў-жанчын. Ну, пытаньне спрэчнае. Кіравальнасьць – гэта як? Праграму ў яе кампутарную іншую закладваюць? За нітачкі тузаюць? Так у гэтым сэнсе мужык мала чым бы ад жанчыны адрозьніваўся: якая розьніца, да якой рукі нітачку прывязваць? Да мужчынскай або да жаночай?

Кіравальнасьць – гэта іншае. Гэта калі табой кіруе твой уласны страх.

І тут паўстае пытаньне аб прыродзе жаночага страху. Зразумела, жаночага страху – у беларускім варыянце.

Беларускае грамадзтва значна больш патрыярхальнае, чым нават расейскае. Яно ня ведае гісторый жаночага посьпеху, якія былі б прызнаныя ўсімі. Ёсьць посьпех асобных дзяячак – перш за ўсё, альбо грамадзкіх, альбо ў традыцыйна жаночых галінах эканомікі і соцыюму. Ня больш.

Менавіта таму, што жанчына ў беларускім грамадзтве амаль ня мае шанцаў на ўласны посьпех – настолькі, каб зладзіць канкурэнцыю мужчыну ў роўных умовах (на гэта могуць і маглі разьлічваць адзінкі) – яна асуджаная на страх перад стратай. Стратай працы. Стратай статусу. Стратай сям'і. Стратай будучыні сваёй сям'і, сваіх дзяцей, нарэшце.

Большасьці судзьдзяў, якія вялі палітычныя працэсы, гэты страх вядомы. Адзін мой сябар распавядаў, як сустрэўся на пахаваньні са сваёй далёкай сваячкай, якая вынесла напярэдадні прысуд аднаму выдатнаму апазыцыйнаму дзеячу зь ліку «дзекабрыстаў»:

– Пытаюся яе: ці вольная была ў вынясеньні прысуду? Адказвае: толькі ў рамках артыкула. Артыкул «спусьціла» начальства. І сказала: сама разумееш, апраўдаць нельга.

І не апраўдала.

І не яна адна не апраўдала.

Таму што маці-адзіночка, гадуе дзіця. Таму што стаіць у чарзе на кватэру. Таму што трэба выплачваць крэдыт. Таму што на яе ёсьць зачэпкі. Таму што калі звольняць – з судзейскай пасады – працу па спэцыяльнасьці нідзе ня знойдзе. І – што тады?

Гэты страх замінае ім апраўдваць іншых. Але пры гэтым служыць для безумоўнага апраўданьня ўласных дзеяньняў. Маўляў, чаму я павінна выбівацца з агульнага шэрагу? Мне што – больш за ўсіх трэба? У мяне дзіця. Ад крэдыту што – у пятлю лезьці?

Вядома, усім гэтым апраўдваюць сябе і мужчыны.

Але судзілі ў большасьці сваёй – жанчыны.

І таксама – па-рознаму паводзілі сябе.

Адна з адвакатэс (не паварочваецца язык называць нашых абаронцаў – адвакаткамі) прыйшла да падсуднага пасьля прызначэньня судзьдзі ў іх справе:

– Радуйцеся! Прызначылі судзьдзю! ZZ!

– Чаму радавацца?

– Яна высока прафэсійная судзьдзя! Рэпутацыя ў вачах карпаратыўнае супольнасьці для яе вельмі важная.

– Што – апраўдаць можа?

Судзьдзя тая ўжо была «неўязная» ў Эўрапейскі Зьвяз. Якая рэпутацыя? «Чорная метка» ўжо на рукі выдадзена.

– Не, гэтая – наўрад ці. Але яна ня любіць здавацца дурніцай. Таму, ва ўсякім выпадку, вычысьціць з прысуду тое, што ўжо зусім да справы ня вяжацца.

Я потым чытаў гэты прысуд. Судзьдзя і сапраўды аказалася цалкам прафэсійным юрыстам: прысуд да справы «вязаўся», але асуджаным ад гэтага было не лягчэй. Хоць прызнаюць, што магло быць і горш.

Дый на судах паводзіліся яны па-рознаму.

Была судзьдзя, якая адчувала амаль фізычнае задавальненьне, абрываючы сьведак абароны. Маўляў, хто вы ўсе такія? Я гаспадыня на працэсе! І – практычна не давала слова ўставіць.

А былі і іншыя.

На нашым працэсе, напрыклад, пракурор паспрабаваў агучыць стэнаграмы запісаў «гутарак», якія праводзіліся апэратыўнымі супрацоўнікамі без адваката з аўтарам гэтага тэксту. Гутаркі праводзіліся з усімі, а ў справу падшылі толькі мае. Прычым і самі гутаркі, і іх выкарыстаньне ў справе былі відавочна незаконнымі.

Мае «змоўшчыкі» – усе, у тым ліку Віталь Рымашэўскі, які ня меў да нашага штабу ніякага дачыненьня – запатрабавалі альбо спыніць гэтае бязладзьдзе, альбо выдаліць іх з залі.

Я папрасіў выдаліць з залі мяне – з фармулёўкай «за непавагу да суду». Таму што, сказаў падсудны Фядута, я не змагу пасьля гэтага зьвяртацца да суду ні «Ваша чэсьць», ні «Высокі суд».

Судзьдзя Жукоўская выглянула з-за стосу тамоў справы, якія неяк так разьмясціліся на яе стале, што міжволі ўзьнікала адчуваньне, быццам яна за імі схавалася. Па інтанацыі стала зразумела, што я яе закрануў. Можа, нават пакрыўдзіў.

– А вы, падсудны, не сьпяшаецеся з такімі заявамі!

І высокі суд пайшоў на нараду для праверкі законнасьці зьяўленьня ў справе адпаведных раздруковак размоваў зь СІЗА КДБ, якія праводзіліся без адваката.

Пасьля перапынку, аднак, ні суд – ні пракурор! – да гэтага пытаньня не вярталіся.

На днях я прачытаў інтэрвію некага з членаў Вярхоўнага суду Беларусі. Інтэрвію відавочна было выклікана бурай ў інтэрнэт-шклянцы з вадой: гісторыя расстрэлу Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва шуму нарабіла, перш за ўсё, менавіта ў Інтэрнэце. Дык вось, у гэтым інтэрвію асабліва зьвяртаецца ўвага на неабходнасьць павагі да рашэньняў суду. І робіцца акцэнт якраз на тым, як правільна называць судзьдзю, а таксама на тое, чаму судзьдзі носяць мантыі.

Думаю, мантыя патрэбная ня толькі для таго, каб выклікаць павагу да судзьдзі з боку абывацеля. Мантыя ўзвышае ва ўласных вачах і абараняе судзьдзю. Ня так надзейна, як браня, аднак – абараняе. Ставіць над усімі астатнімі ўдзельнікамі працэсу.

Але яна ж робіць судзьдзю і ў чымсьці безабаронным. Ператварае судзьдзю ў мішэнь. Таму што незалежна ад вынікаў працэсу абавязкова застаецца бок, які не задаволены рашэньнем. Можна, вядома, яго абскардзіць. Але нават калі рашэньне будзе зьменена вышэйшай інстанцыяй, судзьдзя, які прыняў яго, ворага сабе – асабістага! – ужо нажыў. І ён (або яна) гэта разумее, як ніхто іншы.

Менавіта таму судзьдзя сьвядома выбірае сабе таго ворага, які ўяўляецца ёй менш небясьпечным. І гэты «вораг», часьцяком – уяўны, таму што ня будзе ён перасьледаваць і помсьціць, – успрымаецца слугою Фэміды цалкам адэкватна. Кошт уласным рашэньням судзьдзя ведае. У гэтым жа і палягае сутнасьць юрыдычнай адукацыі і судзейскай прафэсіі: ведаць і даваць ацэнку, хто і чаго заслугоўвае. Бяз гневу ці прыхільнасьці.

І таму, на мой погляд, гэтыя рашэньні і ўспрымаюцца эўрапейцамі як рашэньні цынічныя. Таму што цалкам відавочна, што беларуская Фэміда – цалкам нават відушчая. І вочы ў яе расплюшчаныя – толькі шоры на гэтых вачах: яна бачыць канчатковую, сфармуляваную для яе і ня ёю самой мэту. І ідзе да гэтай мэты напрасткі, нічога іншага не заўважаючы.

У гэтым цынізм беларускіх судзьдзяў – на думку тых, хто ўносіць іх імёны ў сьпісы «неўязных» у Эўрапейскі Зьвяз. Вядома: сытым і самазадаволеным эўрапейцам жа ня скажаш, што ты павінна (або павінен) выплачваць крэдыт за кватэру! Эўрапейцаў не пераканаеш, што калі ўлада выкіне цябе, саракапяцігадовую жанчыну, на вуліцу, ты проста ня знойдзеш працы! І вось гэтыя праклятыя эўрапейцы, якія не разумеюць тваіх паўсядзённых бед і клопатаў, уносяць цябе ў пракляты «чорны сьпіс»!

А што тычыцца юрыдычнай адукацыі і высокага прафэсіяналізму, то яны сытуацыю толькі пагаршаюць. Ва ўсякім разе, у вачах Эўропы. Таму што з часоў Нюрнбэрскага працэсу юрысты – а многія з тых юрыстаў, што сядзелі на лавах падсудных, былі проста прафэсійнымі знакамітасьцямі! – дык вось, юрысты з тых часоў ня маюць права апраўдвацца іншымі аргумэнтамі, акрамя прававых. Як і салдат ня можа апраўдваць свае дзеяньні злачыннымі загадамі начальства – з тых самых Нюрнбэрскіх часоў.

І ў гэтым сэнсе варта заўважыць: шоры, вядома, зрок абмяжоўваюць, але аб'ектыўнасьці не забясьпечваюць. Не заменяць яны Фэмідзе павязкі.

Як ёсьць і іншы аспэкт той жа самай праблемы.

Шоры гарантуюць страх. Зрок абмежаваны, і ты разумееш: там, за межамі тае прасторы сьвятла, якая ахоплівае ў гэты момант твой погляд, ляжыць цемра. А цемра – невядомае і страшнае. Ты проста ня ведаеш, што чакае цябе ў тым, велізарным сьвеце, які значна большы за асьветлены фрагмэнт. І на сьвятло ты ісьці хочаш, а вось выпрабаваць нязьведанае, тое, чаго ты ня бачыш, – баісься.

І выйсьці тут два. Альбо ты зьмяняеш шоры на сьвятланепранікальную павязку, і тады табе сапраўды ўсё адно, куды ісьці і якое менавіта рашэньне прымаць. Альбо ты проста зрываеш іх – і глядзіш на сьвет шырока расплюшчанымі вачыма, разумеючы, што ёсьць нешта, што ты губляеш альбо ў адным, альбо ў іншым выпадку. І тады ты ажыцьцяўляеш свабодны выбар, ужо не на загад страху.

Але гэта ўжо – ня права.

Гэта ўжо – палітыка.

А палітыка і судзейства – рэчы, на мой погляд, несумяшчальныя. Ужо лепш вярнуць павязку Фэмідзе.

Папярэднія публікацыі сэрыі «Партрэт на фоне мяжы»:

Чалавек зь лічыльнікамі і паўнамоцтвамі


Чалавек з дубінкай і бяз твару


Неўязныя: карпаратыўны партрэт

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG