Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі — пра кніжныя замкі


Яраш Малішэўскі
Яраш Малішэўскі
Беларусь — краіна замкаў. Сярэднявечныя абарончыя муры шмат у чым — своеасаблівая квінтэсэнцыя нашай краіны. Бо кожны зь іх мае за плячыма столькі, што хапіла б на сотні раманаў. Пра замкі ў кнігах мы і паразважаем.

Уладзімер Караткевіч. Чорны замак Альшанскі. Збор твораў у 8 т. Т. 7. Менск, «Мастацкая літаратура», 1990

Закранаючы «замкавую» тэму, натуральна, што рука сама набірае на клявіятуры назву, вядомую амаль кожнаму беларусу. Як замкі ёсьць адным з сымбаляў трываласьці, славы, гонару, як зь імі атаясамліваюць і адраджэньне нашае, так і з гэтай кнігай зьнітаванае далучэньне да беларушчыны многіх і многіх — глыток напою, які жывіць цябе. Тут ёсьць усё, што трэба. Дэтэктыў, гісторыя, любоў да краіны... Для мяне асабіста «Чорны замак...», праўдзівей, ягонае перачытваньне — гэта сваеасаблівы рытуал. Смакуеш, насалоджваешся. А тады, у васьмідзясятыя, паспалітыя грамадзяне рознага веку зь немалым зьдзіўленьнем упершыню даведваліся пра тое, што ў нас, аказваецца, гісторыя ёсьць. Усё паўтараецца, і сёньня прыўладныя «прахвэсары» зноў даводзяць, што нічога ў нас не было, і быць ня можа, а калі і ёсьць, дык ня нашае.

Адзін замак можа сёньня ажывіць цэлае мястэчка: хоць у Смалянах, хоць у Крэве, хоць у Быхаве. Ці у Гальшанах. А любоў, бязьмежная — да Беларусі, наагул зьдзейсьняе цуды.

«Край мой! Родная мая зямля! Як жа мне жыць, калі я пайду зь цябе? Як мне быць, калі я памру і, можа, быцьцё маё яшчэ некаторы час ня скончыцца — і гэта й ёсьць абяцанае мне пекла? Безь цябе.»

Людміла Рублеўская. Замак месячнага сяйва. Менск, «Мастацкая літаратура», 1992

«Замак...» — гэткая сабе энцыкляпэдыя беларушчыны, сёньняшняй і далёкай. Тут, на старонках, зь кім толькі не сустрэнесься! Князі, паэты, героі, палітыкі, паўстанцы... Галерэя славутых імёнаў у вершах, калі кожны зь іх паўстае, так бы мовіць, паэтычна. Ды й час быў такі напачатку дзевяностых — найцікавейшы. Час, калі абрынулася змрочная канструкцыя, што здавалася, будзе панаваць вечна, і раструшчыць, перамеле гэтую Беларусь і ейных насельнікаў у нішто. І вось беларушчына, якая раней ўважалася за крамолу, раптам кінулася — у вокны, дзьверы, нібы намагаючыся запоўніць пустэчу, кампэнсаваць сваю доўгую і змушаную адсутнасьць. На сьвет зьяўляліся гістарычныя постаці, падзеі, краіна паўставала зь небыцьця. І на экранах, і ў навуковых, і ў мастацкіх творах...

І «Замак месячнага сяйва» — яскравая ілюстрацыя тае пары, якая зараз узгадваецца, як штосьці маларэальнае. На шчасьце, аўтарка, як была, гэтак і засталася цалкам сапраўднай асобай, ды й кірунак працягвае. А замкі — ці ня кожны з нас стварае свой, каб краіна ператрывала.

Мікола Арочка. Падземныя замкі. Менск, «Мастацкая літаратура», 1986

Сапраўды, мэтафара дужа трапная: падземныя замкі. Асабліва, калі ўлічваць, што большая іхная частка сапраўды пад зямлёй. А як ужо намагаліся, шчыравалі прыхадні ды ўзгадаваныя імі манкурты, каб нічога тут, па-над паверхняй, не засталося... Бо тое, што навідавоку, змушае задумляцца, разважаць, рабіць высновы. А яны, высновы, апошнія дзьвесьце гадоў — вой, якія нязручныя! І сьледам за аўтарам хочацца паўтарыць: як бы ня сталі сьледам за імі, замкамі, падземнымі — нашая мова, культура, каб ня стала падземнай Беларусь. Бо й жывучы над зямлёю, гэты народ выракаецца свайго гэтак, што толькі дзіву даешся.

Але падземнае, апрача трагізму, ды наагул, адмоўнасьці, мае яшчэ значэньні. Як вядома, у прыродзе, да пары ў зямлі, сьпіць тое, чаму наканавана ў свой час выходзіць на белы сьвет і зьдзіўляць. І адбываецца цуд. Зь зярнятак, з насеньня вырастае ўсё, што вакол нас. Падземныя замкі — я спадзяюся, што нават яны — даюць і дадуць нам моцы. Імкненьне зразумець самога сябе так важна для беларусаў, і дзякуй Богу, яно выяўляецца. А калі ёсьць тое, што дапамагае ў гэтым, ёсьць і надзея.

Мы ўсе са свайго гістарычнага дому
Пакуль у нас вы — не бяздомнікі мы.

Міхась Ткачоў. Замкі і людзі. Менск, «Навука і тэхніка», 1991

Ці нараджэньне ў знакавым Амсьціславе, ці паходжаньне, ці Бог наканаваў, але Ткачоў стаўся галоўным дасьледнікам беларускіх замкаў з тых часоў, калі самое гэта спалучэньне выклікала ў многіх скрыгат зубоўны. Тады афіцыйныя пэрліны выглядалі гэтак: «узводзілі замкі літоўскія і польскія фэадалы, каб за высокімі мурамі хавацца ад гневу беларускага народу».

Чалавек-гара, волат, які адзін зрабіў гэтулькі, што раўняцца можна любой грамадзе. Галоўны беларускі замказнаўца — гэтае азначэньне ідэальна пасуе Ткачову. Кніга «Замкі і людзі» на падставе багатых крыніцаў ды ўласнаручных — у наўпроставым сэнсе досьледаў аўтара апавядзе, што такое старыя беларускія муры: сёньня і ў мінуласьці.

А замак — гэта і фартэцыя, пры поглядзе на вежу якой падае шапка, ды наведваюць глябальныя думкі, гэта і цагліна-пальчатка, з адбіткам рукі невядомага майстра, што пакінуў нам памяць пра сябе шэсьць стагодзьдзяў таму. Наваградак, Іказьнь, Геранёны, Віцебск, Горадня... Іх мы ведаем у немалой ступені дзякуючы галоўнаму замказнаўцу. Менавіта ён, Міхась Ткачоў, заснавальнік беларускай сярэднявечнай археалёгіі і сфармаваў цяпер такі звыклы тэзіс: «Беларусь — краіна замкаў». Ён закладаў і новыя, трывалыя падмуркі. Адбіткі ягоных пальцаў добра відаць на цаглінах, адной зь якіх ёсьць кніга «Замкі і людзі».

Вацлаў Ластоўскі. Троцкі замак. Выбраныя творы. Менск, «Беларускі кнігазбор», 1997

Гаворачы пра чарговага волата беларушчыны — а яны, як зірнуць, тэму замкаў звычайна не абміналі, прыходзіш да чарговай фартэцыі, што згодна вірлівым падзеям дваццатага стагодзьдзя апынулася назаўжды па-за нашымі межамі. І сёньня абсалютная бальшыня беларусаў ведае яго, як Тракайскі замак, і ўяўляецца ён ім неадлучна летувіскім здабыткам. Дый лёс у яго інакшы. У той час, як беларусы пад правадырствам панамарэнкаў-машэравых заўзята трушчылі свае сьвятыні, аддана азіраючыся на ўсход і чакаючы чарговага паляпваньня па плячы, нашыя паўночна-заходнія суседзі крочылі іншым шляхам. Яны, да прыкладу, рэстаўравалі той самы замак у Троках, зрабіўшы з руінаў цацачку, шырока вядомую ўжо за позьнесавецкім часам.

Праўда, на той час, калі Ластаўскі пісаў свой абразок, Троцкі замак знаходзіўся па стане захаванасьці ў адным шэрагу з Наваградскім ці Крэўскім... Сёньня нашыя — хто працягвае развальвацца на вачох, а хто, як Лідскі: ад позірку на дажынкавую рэканструкцыю якога ня ведаеш, плакаць ці сьмяяцца.

Тут яшчэ пакуль «увесь востраў засыпалі разваліны і выгналі назаўсёды згэтуль жывое жыцьцё». Альбо зусім іншае, акурат да дня сёньняшняга:

«Яны, як і мы. Жылі і мучыліся на ўзьмежжы двух сьветаў, дзьвюх культур, двух процілеглых сабе сьветаглядаў, уяўленьняў. Яны не маглі прыклеіцца да ўсходу ані прымірыцца з захадам. І ў сьвядомасьці прамігнула моднае ад нейкага часу слова «Эўразія».

Легенды, паданьні, волаты мінуўшыны на зялёнай высьпе, аточанай азёрным блакітам... І гэта сталася падмуркам, на якім узрастаў геній Власта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG