Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марачкін паказаў «Двух генэралаў, пугу і сабаку»


У дзень народзінаў Аляксей Марачкін паказаў 7 апошніх твораў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:54 0:00
Наўпроставы лінк

У дзень народзінаў Аляксей Марачкін паказаў 7 апошніх твораў

30 сакавіка ўвечары знаны беларускі мастак і грамадзкі дзеяч Алесь Марачкін зладзіў выставу сваіх новых твораў.

Яны былі напісаныя пасьля падзеяў на Плошчы 19 сьнежня 2010 году. Гэткім чынам творца адзначыў свой семдзесят другі дзень народзінаў.

Імпрэза адбылася ў Менску ў «Арт-сядзібе». Мастак па чарзе выстаўляў на мальбэртах восем сваіх новых карцін. Пачаў з той, якую прапаноўваў год таму на пэрсанальную выставу ў Палацы мастацтва, але цэнзура не дазволіла тады зьмясьціць яе ў экспазыцыі. На вялікім палатне пад назовам «Пераможцы» ў алегарычнай форме паказаныя тыя, каго нібыта выбраў беларускі народ 19 сьнежня 2010 году.

На наступных працах – «Апазнаны аб'ект», «Два генэралы, пуга й сабака», «Па дарозе ў Гаагу», «Аргумэнт» – алегарычна выяўленыя падзеі, якія адбыліся, адбываюцца і, магчыма, адбудуцца пасьля тых выбараў. На карціне ж «Дровы. Стратэгічны запас» паказаныя простыя людзі, якія здольныя ператрываць усе навалы.

Выстаўленыя творы напісаныя ў змрочных брунатна-сталёвых колерах. І толькі на дзьвюх апошніх – «Мальвы» і «Беларуская Адысэя» – палітра больш жыцьцярадасная і аптымістычная.

Дзелячыся ўражаньнямі ад убачаных карцін, мастак Віктар Маркавец падкрэсьліў іх адметнасьць у беларускім жывапісе:

«Гэта ўнікальная зьява. Можа толькі ў Гойі нешта падобнае было, калі ён маляваў такіх тыпажоў і вобразаў, каторыя адразу ня вельмі зручныя для мастацтва. А цяпер бачна, што ў гэтым ёсьць сэнс і гэта сапраўды ўнікальная зьява ў нашым мастацтве».

Паказваючы свае новыя працы, мастак згадаў свой верш пра невядомага Мірона, які вывешвае на Віцебшчыне бел-чырвона-белыя сьцягі, і прачытаў яго, прысьвяціўшы Сяргею Каваленку – рэальнаму змагару за нацыянальныя каштоўнасьці.

Пасьля паказу нешырокай публіцы ў «Арт-сядзібе» творы вярнуліся ў майстэрню мастака. Ці будуць яны бліжэйшым часам выстаўленыя ў больш працяглай экспазыцыі? Аўтар у гэтым ня ўпэўнены:

«Кола звужаецца. У Палацы мастацтва я не магу гэта паказаць. Адзіная выспа свабоды – гэта сядзіба Беларускага Народнага Фронту, але ўмовы там горшыя, чым тут. Тым ня менш, як бы там ні было, ёсьць людзі, каторыя здымаюць фільмы пра мае творы і нешта даходзіць да гледачоў».
Алесь Марачкін. Два генэралы, пуга і сабака. Фота з сайта nn.by
Алесь Марачкін. Два генэралы, пуга і сабака. Фота з сайта nn.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG