Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Саньнікаў атрымаў праз «Народную волю» віншаваньне ад жонкі


Галадоўніку Сяргею Каваленку працягваюць ставіць кропельніцы. Андрэй Саньнікаў атрымаў віншаваньне з днём народзінаў ад жонкі праз газэту. Мікалай Статкевіч павіншаваў сваякоў і аднадумцаў з Днём волі. Алесь Бяляцкі пераведзены ў атрад, які працуе на швейнай вытворчасьці. Павал Севярынец атрымаў ліст ад Зьмітра Дашкевіча, напісаны паміж карцэрамі. Эдуарду Лобаву дазволілі патэлефанаваць дадому — званок быў усяго на хвіліну.

Вязьню псыхіятрычнага шпіталя пры калёніі «Віцьба-3» Сяргею Каваленку працягваюць ставіць кропельніцы з рознымі прэпаратамі, каб падтрымаць ягонае здароўе. «Стан ягоны лекар вызначыў як здавальняючы, хаця мне падаецца, што ён быў на мяжы жыцьця і яго трэба лячыць больш рашуча, а галоўнае — ва ўмовах цывільнага шпіталя, дзе ёсьць абсталяваньне для падтрымкі ягоных органаў, — кажа Алена Каваленка, жонка палітвязьня Сяргея Каваленкі. — Учора сказалі, што не пусьцяць да яго сёньня. Можна толькі званіць, лекар даў тэлефон».

Там жа ў калёніі «Віцьба-3», куды зьмясьцілі Сяргея Каваленку, адбывае пакараньне былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў. Жонка палітвязьня Ірына Халіп распавяла «Свабодзе»:

«Апошні раз адвакат наведваў Андрэя яшчэ на мінулым тыдні, таму што на гэтым тыдні Андрэй працуе ў першую зьмену. А гэта значыць, што адваката да яго ўсё роўна б не дапусьцілі. З апошніх зьвестак гэта вельмі кароткі ліст, які ён даслаў некалькі дзён таму. Там ён піша, што выпісаныя газэты яму не прыносяць, калі яны выходзяць. Могуць тыдзень ці болей трымаць недзе, а потым разам аддаць цэлы пачак. Але паведаміў, што тая „Народная воля“, дзе я віншавала яго з днём народзінаў, да яго, на шчасьце, дайшла».
Выпісаныя газэты яму не прыносяць, калі яны выходзяць.

8 сакавіка Андрэй Саньнікаў у калёніі адзначыў дзень народзінаў — палітыку споўнілася 58 гадоў.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі праз ліст паведаміў жонцы пра зьмены ў сваім жыцьці ў Бабруйскай калёніі.

«Прыйшоў ліст, у якім ён піша, што вось ужо 22 сакавіка яго перавялі ў атрад. Гэта той атрад, які працуе на швейнай вытворчасьці. У яго будзе праца, зьвязаная з упакаваньнем».

Мікалай Статкевіч ў лісьце жонцы павіншаваў усіх з 25 Сакавіка.

Марына Адамовіч: «Віншуе мяне і ўсіх з Днём волі. Напісаў асьцярожна — са сьвятам. А ўнізе — 25 сакавіка. Гэта, відаць, для цэнзуры. Пра сябе піша, каб за яго не хвалявалася, што ён моцны, яшчэ шмат можа вытрываць».

«Хімік» Павал Севярынец пра сябе паведамляе, што па-ранейшаму працуе, шмат піша, адказвае на лісты сяброў. У тым ліку днямі Севярынец атрымаў лісты ад Алеся Бяляцкага і Зьмітра Дашкевіча, які, як мяркуе Павал Севярынец, пасьпеў яму напісаць паміж карцэрамі. Павал працытаваў ліст Дашкевіча.
Піша, што сядзець нам не перасядзець, але, кажа, Госпаду лепш бачна, дзе нам быць зараз.

«Дзесяць смайлікаў, цалкам пазытыўны ліст. Піша, што сядзець нам не перасядзець, але, кажа, Госпаду лепш бачна, дзе нам быць зараз».

Зьміцер Дашкевіч ужо болей за 20 дзён знаходзіцца ў карцэры Глыбоцкай калёніі. На гэтым тыдні палітвязьня наведаў адвакат.

Маладафронтавец Эдуар Лобаў, які праходзіў па адной справе з Дашкевічам, змог пазваніць дадому, але толькі на адну хвілінку. Маці вязьня Марына Лобава кажа, што сын пасьпеў толькі паведаміць, што жывы і здаровы.

«Аказваецца, там ў калёніі праблема з тым, каб набыць тэлефонную картку. Пасьпелі толькі павітацца, спытала як ён, адказаў, што ўсё нармальна. І ўсё».
XS
SM
MD
LG