Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Пефціеву ў судзе Эўразьвязу нічога ня сьвеціць


Уладзімер Пефціеў
Уладзімер Пефціеў

Пакуль бізнэсоўцы Юрый Чыж і Анатоль Тарнаўскі толькі прызвычайваюцца да статусу неўязных у краіны Эўразьвязу і карэктуюць дзейнасьць сваіх кампаній, якія разам зь імі апынуліся ў чорным сьпісе, іншы набліжаны да ўладаў алігарх — Уладзімер Пефціеў — не пакідае спадзяваньняў аспрэчыць сваё пападаньне пад санкцыі. Ягоны пазоў супраць Рады Эўразьвязу ад жніўня 2011 году знаходзіцца на разглядзе ў люксэмбурскім судзе, але ніякага рашэньня пакуль не прынята.

Уладзімер Пефціеў першым сярод беларускіх бізнэсоўцаў трапіў пад абмежаваньні Эўразьвязу. Па падазрэньні ў фінансавай падтрымцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў ліпені мінулага году Рада ЭЗ забараніла яму наведваць тэрыторыю ЭЗ, ягоным прадпрыемствам — весьці там бізнэс; усе тамтэйшыя рахункі і маёмасьць былі замарожаныя. За прамінулы час становішча Пефціева толькі пагоршылася: сёлета 23 сакавіка да трох ранейшых кампаній: «Белтэхэкспарт», «БТ-тэлекамунікацыі» і «Спорт-пары» — дадаліся яшчэ восем, для якіх выхад на эўразьвязаўскі рынак гэтаксама зачынены.

Летась 12 жніўня ў суд Эўразьвязу быў накіраваны пазоў ад імя Пефціева, а таксама асобна ад кожнай з трох пацярпелых кампаній. То бок, эўрапейскія судзьдзі разглядаюць адразу чатыры пазовы беларускага бізнэсоўца, інтарэсы якога, у сваю чаргу, прадстаўляюць тры адвакаты літоўскага офісу балтыйскай юрыдычнай кампаніі LAWIN — Вілія Вайткутэ-Паван, Андрус Смалюкас і Эльза Матуліанітэ. Такім чынам, Пефціева ад санкцый Эўразьвязу ратуюць грамадзяне адной з краін таго ж Эўразьвязу.

Пазоў грунтуецца на пяці аргумэнтах. Найперш, зь гледзішча Пефціева, Рада ЭЗ не прадставіла адэкватную аргумэнтацыю для ўключэньня яго ў згаданы сьпіс. Па-другое, ён наракае, што было парушанае права на абарону і яму не далі магчымасьці быць выслуханым. Па-трэцяе, сьцьвярджае пазоўнік, сябры Рады ЭЗ памыліліся, лічачы яго спонсарам рэжыму Лукашэнкі і галоўным эканамічным дарадцам прэзыдэнта. У чацьвёртым пункце Пефціеў адзначае, што адказьнік неабгрунтавана парушыў фундамэнтальнае права на ўласнасьць. Нарэшце, ён абвінавачвае апанэнтаў у парушэньні прынцыпу сувымернасьці, якія бяз важкіх доказаў непрапарцыйна абмежавалі ягоныя асноўныя правы.

Уладзімер Пефціеў патрабуе ануляваць рашэньне Рады ЭЗ ад 20 чэрвеня 2011 году, выключыць яго са сьпісу асобаў, закранутых санкцыямі, а таксама настойвае, каб яму былі аплочаныя судовыя выдаткі.

Ці ёсьць шанец у Пефціева абяліць сябе і свой бізнэс праз суд Эўразьвязу? У мінулым пасьпяховы беларускі бізнэсовец, банкір Валеры Кругавы, які ад эканамічнага перасьледу з боку ўладаў зьехаў у Польшчу, лічыць, што гэта тое ж самае, што судзіцца ў Беларусі з Лукашэнкам:
Гэта тое ж самае, каб ён зьвярнуўся ў беларускі суд з пазовам супраць Лукашэнкі.

«Шанцу абсалютна ніякага. Да каго яму там зьвяртацца? Гэта тое ж самае, каб ён зьвярнуўся ў беларускі суд з пазовам супраць Лукашэнкі. Вы ж самі разумееце, які можа быць эфэкт. Гэта проста ягоны жэст, каб паказаць тым жа заходнім партнэрам: маўляў, бачыце? Я чысты, я пушысты, я нават у суд падаў. Бо калі б у суд не падаў, тады ўзьнікла б пытаньне, тым самым прызнаеш, што ты і ня чысты, і не пушысты. Таму гэта абсалютна іміджавы ход — прадэманстраваць нейкім сваім партнэрам: я так клапачуся пра свой аўтарытэт, што нават у суд зьвярнуўся. Але мінула паўгоду, і што? Ніякага гуку. Я так мяркую, гэты пазоў ляжыць там пад кіпай папер, ніхто яго не разглядае і разглядаць нават не зьбіраецца».

У дакумэнтах Рады Эўразьвязу Ўладзімер Пефціеў пазначаны як «ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі, старшыня савету акцыянэраў кампаніі „Белтэхэкспарт“ — найбуйнейшага ў Беларусі экспартэра ўзбраеньняў».

Дзьве іншыя кампаніі — «БТ-тэлекамунікацыі» і «Спорт-пары» — падаюцца як фундатары Прэзыдэнцкага спартовага клюбу, які ўзначальвае сярэдні сын Лукашэнкі Дзьмітрый. Апроч таго, «Спорт-пары» — першы апэратар інтэрактыўных электронных гульняў, рэалізуе лятарэі «Спортлато 5 з 36», «Спортпрагноз», «КЕНО». А вядома, што лятарэйны бізнэс у Беларусі гэтаксама знаходзіцца пад наглядам Дзьмітрыя Лукашэнкі. У сваю чаргу, «БТ-тэлекамунікацыі» далучаныя да рэалізацыі шэрагу буйных праектаў, зьвязаных з фармаваньнем інфраструктуры да хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году, правядзеньне якога ў Беларусі міжнародная супольнасьць ставіць пад усё большы сумнеў.

Як кажа Валеры Кругавы, як бы не спрабавалі алігархі захоўваць твар, санкцыі Эўразьвязу па іх ударылі адчувальна — з падмочанай рэпутацыяй спадзявацца на новыя міжнародныя кантракты не выпадае:

«Гэта так, натуральна. Яны ж сябе — і Пефціеў, і Чыж — апошнія гады пазыцыянавалі як міжнародных бізнэсоўцаў. Так, яны выходзілі на кантакты з буйнымі фірмамі ў іншых краінах — у Славеніі, Літве ці яшчэ дзесьці, бо многіх ні вы, ні я ня ведаем — і гэта факт, што яны выходзілі на гэты ўзровень. Зь імі кантактавалі, зь імі абмяркоўвалі пэўныя кантракты. Магчыма, нейкія праекты рэалізоўваліся, пра адны зь іх вядома, пра іншыя невядома зусім. Вось пра гэта яны могуць забыць. Ніводная буйная заходняя фірма не захоча зь імі проста размаўляць. І нават не таму, што ёй гэта забаранілі, ёй канкрэтна ніхто нічога не забараняў. Але ўсе яны так ці інакш зьвязаныя зь дзяржавай: ці ў тэндэрах удзельнічаюць, ці дзесьці лабіруюць свае пытаньні (я маю на ўвазе буйныя фірмы, любыя — польскія, чэскія, славенскія і г.д.). І натуральна, што яны ня хочуць спрачацца са сваімі ўрадамі. А тым больш — з Эўразьвязам. Таму яны проста спыняць любыя кантакты — забараняе ім гэта нехта ці не».

Іншыя беларускія бізнэсоўцы з чорнага сьпісу Эўразьвязу — кіраўнік і заснавальнік холдынгу «Трайпл» Юрый Чыж і генэральны дырэктар групы кампаній «Юнівест-М» Анатоль Тарнаўскі — пра намер патрабаваць справядлівасьці ў судзе Эўразьвязу пакуль не заяўлялі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG