Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы заклікаюць спыніць палітычны перасьлед Каваленкі


Плякат за свабоду Каваленкі на Дні Волі ў Менску 25 сакавіка.

Плякат за свабоду Каваленкі на Дні Волі ў Менску 25 сакавіка.

Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтар «Вясна» заклікаюць улады Беларусі неадкладна спыніць палітычны перасьлед Сяргея Каваленкі і забясьпечыць яму належную мэдычную дапамогу.

«Адказнасьць за жыцьцё і здароўе Сяргея Каваленкі цалкам ляжыць на кіраўніцтве Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у распараджэньні якога ён зараз знаходзіцца», — адзначаюць аўтары заявы.

FIDH і Праваабарончы цэнтар «Вясна» заклікаюць беларускія ўлады «неадкладна і безумоўна вызваліць Сяргея Каваленку, спыніць яго крымінальны перасьлед і забясьпечыць яму неабходную і неадкладную мэдычную дапамогу ў кваліфікаванай мэдычнай установе адкрытага тыпу».

«Публічная дэманстрацыя і вывешваньне Каваленкам сьцяга ні ў якім разе ня можа кваліфікавацца як хуліганскія дзеяньні; яны зьяўляюцца грамадзка-палітычнай акцыяй, ня носяць „характару асаблівага цынізму і відавочнай непавагі да грамадзтва“ і не мелі гэтага на мэце.

Паўторнае прыцягненьне Сяргея Каваленкі да крымінальнай адказнасьці за нібыта ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня — непрыхаваны працяг палітычных рэпрэсій у дачыненьні да яго і спроба далейшай ізаляцыі актывіста апазыцыйнай партыі», — адзначаецца ў заяве.

З моманту арышту Сяргей Каваленка абвясьціў галадоўку, якая зь перапынкамі працягваецца з 19 сьнежня 2011 году. Асаблівую занепакоенасьць FIDH і «Вясны» выклікае тое, што мэдычная дапамога Сяргею Каваленку аказваецца ва ўмовах пэнітэнцыярнай установы. 26 сакавіка 2012 года Сяргей Каваленка быў адпраўлены ў псыхіятрычнае аддзяленьне на тэрыторыі папраўчай калёніі «Віцьба-3». Стан яго здароўя, паводле атрыманай інфармацыі, крытычны. У гэтых умовах FIDH і «Вясна» выказваюць трывогу за яго жыцьцё, а таксама сур’ёзную занепакоенасьць магчымым ужываньнем да яго прымусовага псыхіятрычнага лячэньня.
XS
SM
MD
LG