Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты незаменны, самаахвярны дзядзька Пузыня з Ганалеса...»


У вёску Ганалес, што за паўтара кілямэтра ад цэнтру «Юнацтва» і на самым беразе Менскага мора, я прыехаў найперш на 72-я ўгодкі вядомага далёка за межамі краіны, славутага музыкі, майстра, які рэстаўруе і вырабляе старажытныя нацыянальныя музычныя інструмэнты, дзядзькі Валодзі Пузыні. Асабіста я так называю яго больш за два дзесяцігодзьдзі — столькі мы добра знаёмыя. Дзьверы яго акуратнага двухпавярховага катэджа былі гасьцінна расчыненыя, сам жа гаспадар быў традыцыйна рады сустрэчы.

Уладзімер Пузыня
Уладзімер Пузыня
Пузыня: «Я вельмі задаволены, Віталь, што ты да мяне завітаў — пры канцы жыцьця са здароўем, адчуваю, ня так, як хацеў. Але Божанька даў мне рукі, вушы і тое, што змог адрадзіць і ўдасканаліць...»

Зрэшты, пра сустрэчу зь дзядзькам Валодзем пазьней. Я ж спачатку хацеў знайсьці сьведак падзеі, зь якой Ганалес ужо ўвайшоў у гісторыю. 9 траўня 1953 году ранішнюю цішыню ў раёне паселішча разарваў незвычайнай сілы выбух. На вышыню 3 кілямэтры ўзьняліся ў неба часьцінкі пылу, засланяючы веснавое сонца. У Ждановічах адпачывальнікі санаторыя кінуліся шукаць прытулак, думаючы пра найгоршае — атамную бамбардзіроўку. Пад прыкрыцьцём сьвяточнага салюту адбыліся тады не санкцыянаваныя афіцыйна, але на словах ухваленыя першым сакратаром ЦК КПБ Мазуравым выбуховыя працы, каб стварыць Менскае мора. Але ў Ганалесе пра гэта ўжо ніхто ня памятае. Нават 86-гадовы Мікола Хведаравіч Палюховіч, якога я абудзіў ад сну.

Карэспандэнт: «Вы сёньня галоўны старажыл у Ганалесе?»

Палюховіч: «Ага!»

Карэспандэнт: «Вы наагул нічога ня чулі, што ўзрывалі?»

Палюховіч: «Ужо нічога ня помню...»

Аднак з тых часоў у самой вёсцы адбыліся велізарныя зьмены. Яна ўжо сёньня прэтэндуе на званьне беларускай Рублёўкі — малады дзяцюк, зь якім ішоў ад прыпынку, паведаміў, што адна сотка пад будоўлю тут каштуе да 10 тысяч даляраў. У вёсцы пагутарыў з карэннай, сталага веку, спадарыняй Валяй.

Карэспандэнт: «Разрастацца калі Ганалес пачаў?»

Валя: «Дзесьці пасьля 2000 году. Людзі лепей сталі жыць, куплялі ўчасткі...»

Карэспандэнт: «Праўду мне казалі, што адна сотка тут каштуе да 10 тысяч даляраў?»

Валя: «Мы прадаваць не зьбіраемся, але зямля тут дарагая...»

Карэспандэнт: «Хто тут лецішчы купляе, у асноўным?»

Валя: «Ну, канечне, у каго грошы ёсьць — бедныя ж ня купяць. Вельмі прэстыжнае месца зараз — мора, тут ніколі вятроў няма, з абодвух бакоў лес, рыбалка, ягады...»

Спадарыня Зінаіда, падыйшоўшы, распавяла пра адваротны бок тутэйшага жыцьця.

Спадарыня: «Кацёл, батарэя, ацяпленьне — усё вельмі дорага, калі няма першапачатковага капіталу...»

Карэспандэнт: «Ёсьць карэнныя ганалесцы, якія з-за бытавых цяжкасьцяў вымушаныя прадаваць зямлю?»

Спадарыня: «Не! Тыя, хто хацеў прадаць, ужо прадалі. А ўзяць канкрэтна мяне — нават думкі не было прадаць тут кватэру і купіць недзе ў горадзе. Мы прызвычаіліся тут жыць, і свой дом — лепей, чым кватэра ў горадзе...»

Затое пра адносіны да дзядзькі Валодзі суразмоўніцы загаварылі разам.

Спадарыні: «Вельмі добры чалавек, мы сябруем з Пузынямі. Ня раз сьвяты ладзіў, на дудцы нам граў. Вельмі рады, што побач пасяліўся — здароўя яму!»

У той дзень у госьці да майстра завітала і кінарэжысэр Ірына Волах. Яе першая кінапраца была шчыльна зьвязаная з Уладзімірам Пузынем.

Волах: «Гэта быў 1992 год, калі ў нас было Адраджэньне і беларускія тэмы былі запатрабаваныя. Уладзімір Якаўлевіч вельмі дапамог у першай працы па Баршчэўскім і Галубку, якая называлася „Шукальнікі скарбаў“. Там сюжэт просты — аднавяскоўцы сядзелі ў карчме і нехта сказаў, што французы, уцякаючы, бочку чырвонцаў закапалі. Яны паплёнталіся ў гэты лес, напалохалі там адзін аднаго да непрытомнасьці, прыцёгліся назад і памірыліся. Там была асноўная лінія сьляпога лірніка, які аб’ядноўваў усю грамаду. Гэта быў, безумоўна, Уладзімір Якаўлевіч Пузыня, які ўрэшце зайграў на ліры „Лявоніху“, і ўсё завяршылася вялікімі танцамі. І аўтарская песьня там была, якую выконваў тады яшчэ хлопчык, сын Уладзіміра Якаўлевіча Алесь — граў на скрыпцы. Асноўная ж ідэя была закладзеная — сьвята скончылася, я іду дамоў, а мой дом — дарога. І пайшоў сьляпы лірнік... І вось Пузыня — чалавек дакладнай старой загартоўкі: сказана а 8-й раніцы сабрацца на здымкі, дык хто так, хто сяк, а ён, нягледзячы, што было напярэдадні, — як штык! І ён быў нашым стрыжнем і сьцягам. І не губляем з тых часоў адно аднаго...»

Карэспандэнт: «Нехта слухае нас і думае: навошта дудзіць чалавек у сваю дуду? А што стаіць за гэтым?»

Волах: «Кожная мясцовасьць гаворыць сваімі галасамі — гэта і ў мове адлюстроўваецца, і ў музыцы, і ў народных інструмэнтах. І калі слухаць дуду ў „правільным“ асяродку, краявідзе, увечары, як у Турава ў „Людзях на балоце“, дзе ўсе эпізоды былі агучаны Пузыневай альтовай дудой — як загучалі гэтыя балоты! Зараз у яго дзень народзінаў — дай яму бог здароўя, і будуць пра яго яшчэ фільмы. Ён незаменны — ёсьць у Бібліі, што няма прарокаў у сваёй Айчыне, але і Айчыны няма без прарокаў! І Пузыня адзін зь іх, і будуць да гэтай постаці вяртацца і вяртацца...»

* * *
Я ўпершыню ўбачыў яго ў Вільні, на адкрыцьці першага зьезду БНФ.

Карэспандэнт: «Дзядзька Валодзя, узгадаем-ткі чэрвень 1989-га. Усе перагаворваюцца, палітычнае напружаньне і чаканьне нейкага вызваленьня, выбуху. І выбухае сурма! Зал замер, і было адчуваньне, што пачынаецца новы час...»

Пузыня: «Так, упершыню не гучалі бальшавіцкія трубы, а была сурма! Спачатку на вуліцы склікала ў хату, потым другая была ў Палацы, і трэцяя — на сцэне...»

Карэспандэнт: «Вы адчувалі гістарычнасьць моманту?»

Пузыня: «Так, цуд, я ж на гэта і працаваў! Я адчуваў сябе беларусам!»

У разьмешчанай у катэджы «Беларускай хатцы» разглядаю зробленую Сяргеем Кляшчуком скульптуру гаспадара, герб на 2 роды — Пузыняў-Агінскіх, на якім крыж на браме. Уголас чытаю прысьвечаныя дзядзьку Валодзю вершы.

«І зноў загучала над Плошчай сурма — трывожна, бунтоўна, зазыўна.
Так, гэта Валодзька, ён тут нездарма — славуты маэстра Пузыня.
Музыка ад Бога, ад роду крывіч, ён духам на крыўдах узрослы —
Пачуйце, пачуйце яго гэты кліч, збудзіцеся, брацьця і сёстры!»


Гэта радкі Ніла Гілевіча, і дзякуючы яго 70-годзьдзю споўнілася ваша вялізная мара — старажытная дуда загучала ў храме..."

Пузыня: «Яна загучала ў нашым храме — мы грэка-католікі. А Ніл Сымонавіч — мой творчы бацька. Калі ён быў старшынёй камісіі па культуры Вярхоўнага Савету, сказаў, што калі хто ня ведае, хто такі Пузыня, калі ласка, ім растлумачце. Так я стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі. Была перадача „Нядзельная пропаведзь“, і калі запісалі мяне з Алесем, людзі беглі да прыймачоў слухаць Боскае слова. Я інструмэнты і рабіў, каб яны маглі быць ня сольнымі, а аркестравымі. Каб у сымфоніі, у опэры загучалі — „Дзікае паляваньне караля Стаха“ і „Князь Наваградзкі“. А як здарылася — я сустрэў Солтана ў Саюзе кампазытараў, з папкай усё лётаў. І ён мне паказаў партытуру — як пачынаецца паляваньне, павінны быць валторны. Я кажу: навошта — хай сурмы! Яны прыйшлі да мяне ў майстэрню, і калі я сыграў, кажа — „Ты так нагадаў маю Радзімку!“ І як гакнулі ў тэатры шэсьць сурмаў, усе спалохаліся — такі гром!»

Карэспандэнт: «У кінэматографе што найбольш значнае?»

Пузыня: «У „Людзях на балоце“ ў нас з Алегам Янчанкам загучалі ўсе нацыянальныя інструмэнты і нават дуда, над якой тады працаваў. Але меха скуранога не было — я прыстасаваў цэляфанавы. Дык калі я пачаў граць, паўкінастудыі зьбеглася — яна даўно не гучала. Ва ўсіх тэатрах нашых выконваў на дудцы, жалейцы, ліры. Я вельмі шчасьлівы, бо ўздым дуды — уздым сьвядомасьці. І калі я прыходзіў у садкі ў 90-я, мне казалі — „дзядзька“, „дзень добры“, а ня „здравствуйте“. Я ж зараз знаходжуся пад гнётам маскаля — не саромлюся гэтага слова! Яны вынішчаюць нашу мову, сьвядомасьць, культуру! Зараз ва ўсім сьвеце не магу пачуць сваю родную мову — гэта жах, ганьба тым, хто намі кіруе. Нават у маскалёў мяне паважаюць больш, чым на маёй роднай Радзіме. Я працаваў на 23–24 зьездах КПСС, дзе сустракаліся і з Мусьлімам Магамаевым, Валодзькам Назаравым, з Надзькай Бабкінай — таксама для іх рабіў інструмэнты. Але ж зрабілі двухмоўе — як так можа быць?! Што я, павінен мяўкаць і гаўкаць адначасова?!»
Але ж зрабілі двухмоўе — як так можа быць?! Што я, павінен мяўкаць і гаўкаць адначасова?!

Карэспандэнт: «Дзядзька Валодзя, непадалёк ад Ганалеса ўзьнік першы дударскі фэст „Заслаўскі дуднік“. Ці можна гаварыць пра рух дударскі, ці няспынны ён?»

Пузыня: «Няспынны, бо ёсьць майстры, што ладзяць дуды — і Сасноўскі, Кашкурэвіч, выйшаў першы нумар часопіса „Дудар“ днямі...»

Не абмінулі ўвагай крыўду і боль, якія зазнаў славуты майстар ад лукашэнкаўскай улады.

Пузыня: «Я працаваў у „Беларускай хатцы“, што існавала ў Інстытуце культуры 20 гадоў! Нават Ельцына Наіна была ў мяне, жонка Мілошавіча. Для Ельцынай зайграў „Клён ты мой опавший“, і яна заплакала — „Гэта любімая песьня майго Боранькі“. Ну, а потым не ўпісаўся ў паварот. Быў Лукашэнка, і мне сказалі, што з вамі сустрэнецца Рыгоравіч. Я сказаў: „У мяне алергія ад гэтага чалавека, я захварэю“. Быў Спэкхард, ён са мной размаўляў на беларускай мове. А тут данесьлі, і ўсё. У мяне ж была спэцыяльнасьць „майстар-рэстаўратар вышэйшай катэгорыі“. Мяне адразу прымусілі звольніцца — скончыліся „мае ўнівэрсытэты“. Я ж хацеў зрабіць беларускую школу майстроў...»

Карэспандэнт: «Дзядзька Валодзя, што вы аднавілі?»

Пузыня: «Усё — і сурма, і жалейка, і ліра — чарцяжы, мэханіка, парады прафэсіянала, як трымаць інструмэнт. Вось хорум...»

Карэспандэнт: «Гэта ж ваша ноў-хаў!»

Пузыня: «Ён зьявіўся ў Радзівілаўскім летапісе 13 стагодзьдзя. Хорум высушвалі з гарбуза — унізе ўдуваеш, там галасавік і бурдон, унізе рагавень. Магу табе найграць — гэта самае апошняе, што я адрадзіў, знайшоўшы гук, строй.

(Сьпявае пад дудку і ліру.) «Усе людзі, людзі просяць, кабы жыта ўсхадзіла. Усе людзі, людзі просяць, кабы гора не ўсхадзіла. Узыдзе, узыдзе маё жыта поўнымі каласочкамі, узыдзе, узыдзе маё гора сінімі васілёчкамі...»

Карэспандэнт: «А на што ўсё-ткі сёньня кліча дуда Ўладзіміра Пузыні?»

Пузыня: «Барадулін напісаў: «Маэстра гоніць прэч нуду, з зануды выхітрыць дуду — з былых цэкоўскіх дундукоў наробіць для чарцей смыкоў» (сьмех). Дуда пратэстуе супраць насільля. У «Інструмэнтах жыцьця», як я назваў кнігу — «сурма, каб склікала на добрыя сьвяты, а ў цяжкую гадзіну на абарону Радзімы. Ліра — каб не забывалі мову сваю, паданьні, легенды. Жалейка — каб прасіла Бога на добрае здароўе ўсім людзям і жываціне. Дудка — каб весяліла і кранала душы людзей да любові і каханьня. Скрыпка — каб не забывалі дар Божы. Дуда — каб не забывалі продкаў, каранёў сваіх...»

Карэспандэнт: «Жыве Беларусь, дзядзька Валодзя!»

Пузыня: «Жыве Беларусь!»

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG