Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Эўразьвяз дапаможа беларускай мадэрнізацыі?


Эўрапейскі Зьвяз прыняў праграму «Эўрапейскі дыялёг аб мадэрнізацыі» для Беларусі. Што прапануе новая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту па беларускім пытаньні? З кім Брусэль зьбіраецца весьці дыялёг пра мадэрнізацыю Беларусі? На каго арыентаваная новая праграма Эўразьвязу?

Удзельнікі: акрэдытаваны пры эўрапейскіх структурах журналіст Аляксандар Сіліч з Брусэлю і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

Новая рэзалюцыя Эўрапарлямэнту


Валер Карбалевіч: «Незразумелая інтрыга з прыняцьцем Эўрапарлямэнтам рэзалюцыі па Беларусі нарэшце завяршылася. Нагадваю, што два тыдні таму эўрапейскія дэпутаты зьбіраліся прыняць рэзалюцыю, але потым нечакана адклалі, спасылаючыся на тое, што, маўляў, трэба пачакаць пазытыўных сыгналаў зь Менску. Сыгналы былі атрыманыя, але, мусіць, зусім ня тыя, на якія разьлічвалі дэпутаты.

І вось у чацьвер рэзалюцыя па Беларусі была прынятая. Як можна пракамэнтаваць яе зьмест? Што там зьявілася новага?

Аляксандар Сіліч: «Два тыдні таму, калі рэзалюцыя была адкладзеная, мне эўрадэпутаты казалі ў кулюарах паседжаньня Эўрапарлямэнту ў Страсбуры, што такім чынам хацелі ўратаваць ад расстрэлу Канавалава і Кавалёва. Таксама дэпутаты чакалі вынікаў паседжаньня міністраў замежных спраў краін ЭЗ па беларускім пытаньні. Таму прыняцьце рэзалюцыі было адкладзена. А цяпер яе прынялі.

Эўрапарлямэнт у рэзалюцыі асуджае расстрэл гэтых двух людзей, заклікае Міжнародную фэдэрацыю хакею не праводзіць у Беларусі Чэмпіянат сьвету 2014 году, заклікае беларускія ўлады вызваліць палітвязьняў».

Андрэй Фёдараў: «Гэта 35-я рэзалюцыя Эўрапарлямэнту па Беларусі. Яна падобная да іншых дакумэнтаў па беларускім пытаньні, якія прымаліся ў апошнія два гады. Згадваюцца прыкрыя падзеі, якія адбыліся апошнім часам. Новых канкрэтных прапаноў вельмі мала. Падтрыманыя рашэньні Рады ЭЗ па Беларусі. Найперш зьвяртае на сябе ўвагу пункт пра хакей.

Таму і рэакцыя афіцыйнага Менску на гэтую рэзалюцыю была спакойная. Галоўны сэнс рэзалюцыі палягае ў тым, што ЭЗ падае сыгнал беларускаму грамадзтву, што Беларусь не пакінутая, што ў Эўропе пра яе памятаюць і спрабуюць нешта зрабіць».

Дыялёг пра мадэрнізацыю


Карбалевіч: «Беларусь атрымала 35-е эўрапейскае папярэджаньне. Эўракамісар Штэфан Фюле абвясьціў, што Эўразьвяз прыняў праграму „Эўрапейскі дыялёг аб мадэрнізацыі“ зь беларускім грамадзтвам. У чым сэнс гэтай ініцыятывы? На каго яна арыентаваная? Як беларускае грамадзтва, якое ня мае права голасу ў сучаснай Беларусі, можа ўдзельнічаць у мадэрнізацыі, весьці дыялёг?»

Сіліч: «Учора ў Эўракамісіі адбывалася прэзэнтацыя гэтай праграмы. Журналістаў туды не пусьцілі. Там прысутнічалі прадстаўнікі эўрапейскіх інстытуцыяў, прадстаўнікі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Як вядома, Лябедзьку, Калякіна, Атрошчанкава, якія ехалі на гэтае мерапрыемства ў Брусэль, затрымалі ў Воршы.

Прэс-сакратар эўракамісара Штэфана Фюле сказаў мне ў інтэрвію, што праграма прадугледжвае пашырэньне кантактаў ЭЗ з апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. Бо дыялёгу зь беларускімі ўладамі па вядомых прычынах няма. Хоць цяжка сказаць, як можна пашыраць такія кантакты, калі лідэры Беларусі ня могуць фізычна выехаць у Брусэль».

Фёдараў: «Пакуль тэкст ці зьмест гэтай праграмы, па маіх зьвестках, нідзе не зьявіўся. Толькі прапануецца афіцыйная інфармацыя такога зьместу: „Эўрапейскі дыялёг па мадэрнізацыі — гэта шматбаковы абмен думкамі ды ідэямі паміж ЭЗ і прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі па пытаньнях рэформаў, неабходных для мадэрнізацыі Беларусі, па пытаньнях зьвязанага з гэтым патэнцыяльнага разьвіцьця адносінаў з ЭЗ, а таксама па пытаньнях зьвязанай з гэтым магчымай падтрымкі з боку ЭЗ. Дыялёг будзе сканцэнтраваны на чатырох ключавых сфэрах адносінаў ЭЗ і Беларусі: палітычная рэформа; рэформа судовай галіны і кантакты паміж людзьмі; эканамічныя пытаньні і палітыка ў розных галінах; рэформа гандлю і рынку. Дыялёг будзе праводзіцца паэтапна, і першы этап будзе доўжыцца да парлямэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Беларусі ў верасьні“.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што ў пераліку партнэраў ЭЗ у гэтым дыялёгу няма беларускіх уладаў. У зьвязку з тым канфліктам, які існуе паміж Менскам і Брусэлем, гэта зразумела. Але як будзе ажыцьцяўляцца такая падтрымка Эўразьвязам грамадзянскай супольнасьці, калі беларускія ўлады будуць гэтаму процідзейнічаць?»

З кім дыялёг?


Карбалевіч: «Сапраўды, з аднаго боку, няма сэнсу весьці дыялёг з рэжымам па пытаньні, напрыклад, палітычнай ці судовай рэформы, бо гэта супярэчыць сэнсу функцыянаваньня гэтай улады.

Зь іншага боку, узьнікае пытаньне: якім чынам можна ажыцьцявіць мадэрнізацыю Беларусі ў дыялёгу Эўразьвязу зь беларускім грамадзтвам, грамадзянскай супольнасьцю, апазыцыяй? Бо беларускае грамадзтва ня мае права голасу ў краіне».
У Брусэлі ўсьведамляюць, што Беларусь — эўрапейская краіна. Таму трэба рэгулярна нагадваць беларусам, што ў Эўропе іх чакаюць.

Сіліч: «Дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем ня можа быць да той пары, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні. Існуюць спробы бачнасьці дыялёгу. Але ў Брусэлі ўсьведамляюць, што Беларусь — эўрапейская краіна. Таму трэба рэгулярна нагадваць беларусам, што ў Эўропе іх чакаюць. Магчыма, гаворка ідзе пра прыезд сюды нейкіх беларускіх дэлегацыяў, стажыроўкі, пашырэньне кантактаў».

Фёдараў: «Магчыма, гэта разьлічана на той пэрыяд, калі становішча ў Беларусі зьменіцца радыкальна. Калі ў краіну вернецца дэмакратыя, падрыхтаваныя людзі будуць вельмі патрэбныя. Не выключаю, што ЭЗ зьбіраецца калі не згарнуць, то моцна скараціць кантакты з афіцыйным Менскам і скіраваць усю ўвагу на кантакты з грамадзянскай супольнасьцю».

На каго скіравана?


Карбалевіч: «Для беларускага абывацеля сытуацыя выглядае так, што ЭЗ кажа пра санкцыі, уводзіць санкцыі. І гэта дапамагае беларускім уладам ствараць з Эўропы вобраз ворага. Дзеля таго каб памяняць гэты дыскурс, ЭЗ робіць такі крок. Маўляў, мы ня толькі санкцыі ўводзім, але і прапануем пазытыўную праграму, вось вам праект мадэрнізацыі. Ці не падаецца вам, што ў гэтым праекце вялікі піяраўскі складнік?»

Сіліч: «У пэўным сэнсе так. Але піярам займаюцца ўсе дэлегацыі. Эўразьвяз мусіць жа нешта рабіць, каб уцягваць Беларусь у эўрапейскія працэсы. Дарэчы, санкцыі — гэта ня толькі нэгатыўны пасыл Беларусі. Бо санкцыі — ня супраць насельніцтва, а супраць некаторых чыноўнікаў і зьвязаных зь імі фірмаў. Той, хто хоча, ведае праўду. Гэта крок да нармальных стасункаў з будучым дэмакратычным урадам Беларусі».

Фёдараў: «Сам па сабе піяр нічога дрэннага не нясе. Іншая справа, якія тут будуць суадносіны паміж піярам і практычнымі справамі. Але ўсё роўна беларуская афіцыйная прапаганда будзе выкарыстоўваць выгадныя для сябе аспэкты. Таму Эўразьвязу надта спадзявацца на вялікі піяраўскі вынік не даводзіцца. Але вялікага выбару ў ЭЗ няма».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG