Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ не абмяркоўвае новай праграмы зь Беларусьсю


Сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна

Сталая прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна

Сталы прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду ў Беларусі Натальля Калядзіна лічыць заўчасным абмеркаваньне новай праграмы зь Менскам на фоне яго палітычных праблем з Эўразьвязам і рознагалосьсяў з уладамі па пытаньнях макраэканомікі.

«Мы ня бачым рэальных крыніц заплянаванага ў Беларусі на гэты год эканамічнага росту на 5-5,5% пры адначасовым зьніжэньні інфляцыі да 19-22%. Гэты прагноз зьмяшчае ў сабе пэўныя ўнутраныя неадпаведнасьці. Мы не падтрымліваем і ўзмацненьне дзяржаўнага рэгуляваньня цэн, да якога ўлады вярнуліся ў канцы мінулага году», — адзначыла Калядзіна ў інтэрвію Інтэрфаксу.

Камэнтуючы верагоднасьць паўтарэньня крызісу ў беларускай эканоміцы, прадстаўнік МВФ сказала, што «на гэтым этапе ўлады будуць больш асьцярожна падыходзіць да пытаньняў макраэканамічнай палітыкі. Я бачу, што ў іх існуюць значныя асьцярогі з нагоды таго, што неапраўданыя меры могуць прывесьці да дэстабілізацыі».

«Ня думаю, што яны дапусьцяць паўтору крызысу. Аднак, я не выключаю, што ў далейшым грашова-крэдытная палітыка можа быць аслаблена і інфляцыя будзе вышэй, чым заплянаваныя на 2012 год 19-22%. Таксама існуе рызыка нестабільнасьці зьнешнеэканамічнай сытуацыі, у выпадку пагаршэньня якой, напрыклад, зьніжэньня коштаў на энэргарэсурсы, эканоміка Беларусі адчуе адпаведны ціск празь цесную сувязь з расейскай эканомікай», — сказала Калядзіна.

У сувязі з гэтым яна адзначыла, што важна працягваць жорсткую эканамічную палітыку, якой беларускія ўлады прытрымліваліся з восені 2011 году.

«У прыватнасьці, павінна быць асьцярожнай палітыка даходаў: устанаўленьне мэтавых паказчыкаў у гэтай сфэры не прывядзе да добрых вынікаў. Непажадана таксама заўчаснае зьніжэньне працэнтных ставак. Яны павінны заставацца станоўчымі ў рэальным выражэньні».

Натальля Калядзіна пакідае Беларусь 6 красавіка ў сувязі з заканчэньнем тэрміну яе паўнамоцтваў сталага прадстаўніка МВФ. Раней МВФ заявіў, што ня мае намеру прызначаць новага сталага прадстаўніка з-за адсутнасьці праграмы фінансавага супрацоўніцтва.
XS
SM
MD
LG