Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найлепшым літаратарам — «Залаты апостраф»


Часопіс «Дзеяслоў» уручыў літаратурную прэмію «Залаты апостраф» імя Анатоля Сыса.

У чатырох намінацыях яе атрымалі Ігар Бабкоў, Віктар Жыбуль, Алесь Плотка і Кастусь Цьвірка.

«Залаты апостраф» рэдакцыя часопіса «Дзеяслоў» сёлета ўручае дзявяты раз. Распачынаючы цырымонію ўзнагароджваньня, рэдактар часопіса, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч сказаў:
Рэдактар «Дзеяслова» Барыс Пятровіч.

Рэдактар «Дзеяслова» Барыс Пятровіч.


«Былі спадзяваньні, што сытуацыя ў літаратуры памяняецца і ўсе часопісы ў краіне стануць незалежнымі альбо наадварот. За гэты час нашы спадзяваньні ў чымсьці спраўдзіліся, у чымсьці не. Чарговым разам мы назвалі ляўрэатаў, і калі першыя ўрачыстасьці праходзілі ў Доме літаратара, дзе зьбіралася па чатырыста і больш чалавек, то зараз мы вырашылі ўсё зрабіць больш сьціпла. „Залаты апостраф“ — гэта рэдакцыйная прэмія „Дзеяслова“. І дай Бог, каб колькасьць прэмій у краіне павялічвалася і гэта было б на карысьць нашай літаратуры і культуры».
Барыс Пятровіч уручае прэмію Ігару Бабкову.

Барыс Пятровіч уручае прэмію Ігару Бабкову.


Віктар Жыбуль пасьля атрыманьня прэміі.

Віктар Жыбуль пасьля атрыманьня прэміі.

Атрымальнікаў «Залатога апострафа» рэдакцыя «Дзеяслова» вызначала ў чатырох намінацыях. У намінацыі «Проза» лепшым прызнаны Ігар Бабкоў, у паэзіі — Віктар Жыбуль, у намінацыі «Дэбют» Алесь Плотка, і «За ўклад у літаратуру» прэмію атрымаў Кастусь Цьвірка.
Кастусь Цьвірка.

Кастусь Цьвірка.


Паэт Віктар Жыбуль падчас цырымоніі дэклямаваў свае вершы, а пачатковец Алесь Плотка словы падзякі выказаў гэтак:

«Пачэсна і адказна мне апынуцца ў кампаніі такіх асобаў, якія ўжо шмат зрабілі для беларускай літаратуры. Сёлета ўсе чатыры прозьвішчы пераможцаў складаюцца з шасьці літар, і гэта такі інтэлектоўны „мэрсэдэс“, якім мы ўсе едзем і вязем усё, што мы можам давезьці людзям. Для мяне гэта вялікі гонар, і дзякую, што такую адказнасьць вы ўсклалі на мяне на будучыню».
Алесь Пашкевіч з дыплёмам для Алеся Плоткі.

Алесь Пашкевіч з дыплёмам для Алеся Плоткі.


Алесь Плотка падчас атрыманьня прэміі.

Алесь Плотка падчас атрыманьня прэміі.


Пераможцаў прэміі «Залаты апостраф» рэдакцыя «Дзеяслова» вызначае з улікам грамадзкай думкі. Сёлета, аднак, традыцыя была зьмененая, кажа сябра рэдакцыйнага калектыву Анатоль Івашчанка:

«Гэтым разам меркаваньне рэдакцыі не супала зь меркаваньнем інтэрнаўтаў. І рэдакцыя, у выніку, вынесла сваё рашэньне, якое адрозьнівалася. І сапраўды, як тут ужо сёньня гучала, усе аўтары вартыя ўзнагароды. Будзем спадзявацца, што таго ж самага Алеся Плотку калісьці мы ўбачым тут жа, але ўжо як ляўрэата прэміі паэзіі, а магчыма, і як ляўрэата ў намінацыі «За разьвіцьцё беларускай літаратуры».
XS
SM
MD
LG