Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле нямецкага выданьня «Financial Times Deutschland», нават Уганда (зь яе 21%) і Дэмакратычная Рэспубліка Конга (22%) маюць ніжэйшыя працэнтныя стаўкі, чым Беларусь (звыш 30%). Што да краін-суседзяў, то ва Ўкраіне гэтая стаўка дасягае 7,5%, у Польшчы яе памер — 4,5%, у Латвіі — 3,5%, у Літве — 3,25%, у Расеі — 8%.

Працэнтную або ўліковую стаўку рэфінансаваньня, ад якой у канчатковым выніку залежыць кошт грошай унутры краіны, вызначаюць цэнтральныя банкі. У Беларусі гэта Нацыянальны банк. Кажучы спрошчана, працэнтная стаўка — гэта той працэнт, пад які выдаюцца крэдыты. Зьмяненьне стаўкі — інструмэнт, з дапамогай якога галоўны банк рэгулюе ўзровень інфляцыі ў краіне. Урадам большасьці краін выгадна мець высокія працэнтныя стаўкі, бо яны робяць нацыянальную валюту прывабнай як інструмэнт інвэставаньня. У далейшым жа высокі рост уліковай стаўкі адбіваецца на эканоміцы адмоўна: крэдыты робяцца вельмі дарагімі, і ахвотных узяць іх вельмі мала.

Як падае «Financial Times Deutschland», сваёй працэнтнай стаўкаю, найвышэйшай у Эўропе, а, можа, і ў цэлым сьвеце, Беларусь абавязаная выключна каманднаму кіраваньню эканомікай, якое вядзе прэзыдэнт Лукашэнка. Разам з тым Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь сёлета пачаў зьніжаць максымальную стаўку рэфінансаваньня. Яшчэ некалькі месяцаў таму яна складала 45%. Распачатае пры канцы мінулага году падвышэньне стаўкі кіраўніцтва Нацыянальнага банку называла вымушанымі захадамі, якія выкліканыя інфляцыяй. Паводле экспэртаў, гэта, аднак, было запозьненым крокам, бо падвышаць трэба было раней — на самым пачатку крызісу, вясной 2011 году. Ужо тады было ясна, што інфляцыя будзе высокая. У такім выпадку працэнтная стаўка засталася б у межах 22–23% — гэта паказчык, якога краіна цяпер імкнецца дасягнуць да канца 2012 году.

Але, як адзначае «Financial Times Deutschland», нават калі Нацыянальнаму банку Беларусі ўдасца дамагчыся жаданых 22–23%, Беларусь усё роўна будзе далёка наперадзе сваіх суседзяў, у кампаніі такіх краін, як Уганда, Кенія, Дэмакратычная Рэспубліка Конга. Нават у Вэнэсуэле, дзе цэнтральны банк не нясе адказнасьці за палітыку ўліковай стаўкі рэфінансаваньня, цэнтральная працэнтная стаўка складае цяпер 15,5%. У краінах з эканомікай, якая хутка разьвіваецца, гэты паказчык адпаведна складае: у Бразыліі — 9,75%, у Індыі — 8,5%, у Кітаі — 6,56%, у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы — 5,5%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG