Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта пэнсіянэры крадуць?


У райцэнтры Горкі, што ў Магілёўскай вобласьці, пэнсіянэрка спрабавала скрасьці з крамы прадукты харчаваньня і прамысловыя тавары. Сума скрадзенага ацэнена ў 413 тысяч рублёў. Распачата крымінальная справа.

Здарэньне адбылося ў райцэнтраўскай краме «Родны кут» надвячоркам тыдзень таму. 56-гадовая жанчына, наладаваўшы таварамі пакунак, выйшла з гандлёвай залі, абмінуўшы касірак. Яе заўважыў ахоўнік:

«Пацікавіўся, ці аплаціла яна тавар. Чэка ў яе не было. Сума 413 тысяч. Віна-гарэлачныя вырабы яна брала. Печыва, рыбу. Два дэзадаранты, крэм-мыла, набор парфумы. Нармальная жанчына. Прыстойная. Відаць, яна ўжо ня раз прыходзіла. Гэта быў сталы пакупнік нашай крамы. Справу крымінальную распачалі», — апавяла загадчыца крамы.

У міліцыі ўчынак жанчыны тлумачаць тым, што яна была выпіўшы.

«Яна кажа, што калі б мяне не спынілі я б яшчэ больш вынесла. Яна не зьбяднела, але выпіўшы чалавек быў. І за выпіўку пацярпела. Хутчэй за ўсё, яе не пасадзяць. Будзе прыпыняцца справа, бо страты кампэнсаваныя», — зазначыў у тэлефоннай гутарцы сьледчы.

Знайсьці пэнсіянэрку й пагутарыць зь ёй пра матывы яе ўчынку не ўдалося. У райцэнтры розгалас гэтага здарэньня ня надта шырокі. Тыя, з кім удалося пагаварыць на тэму крадзяжу з крамы, выказваюцца на адрас жанчыны без асаблівага асуджэньня, нават са спачуваньнем. Хоць сам учынак і не ўхваляюць. Вось адно зь меркаваньняў.

«Каб выжыць — а чаго б яна гэта яшчэ рабіла? Атрымаеш гэтую пэнсію — заплаціш камунальныя, купіш лекаў. І ўсё на гэтым. А з другога боку, яны самі хацелі такога жыцьця. З кім ні загаворыш — „Ну што вы, пасьля вайны яшчэ горш было“. Я хоць і пэнсіянэрка, але я іх, скажу шчыра, ня дужа шкадую».

Затрыманьне пэнсіянэркі ў Горках за спробу крадзяжу — ня першае сёлета на Магілёўшчыне. Месяц таму ў абласным цэнтры пры падобных абставінах быў затрыманы 64-гадовы мужчына. Ён спрабаваў скрасьці пяць бутэлек каньяку і столькі ж бляшанак кавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG