Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Любое прадпрыемства можа быць прыватызаванае

абноўлена

У Беларусі ня будуць прыватызаваць дзяржаўную ўласнасьць на карысьць Эўразьвязу ці Расеі, заявіў Аляксандар Лукашэнка

«Калі вы хочаце спадабацца Міжнароднаму валютнаму фонду, Эўрапейскаму Зьвязу, Амэрыцы, Расеі ці яшчэ камусьці, абвясьціўшы сёньня, што мы прадаем нешта, то тады — не са мной і не пры мне», — заявіў Лукашэнка ў пятніцу на нарадзе па пытаньнях прыватызацыі.

«Падабаецца тым ці іншым дзяржавам і аб’яднаньням — гэта добра, гэта трэба. Але ня гэтай цаной», — дадаў Лукашэнка. «Ня тая праблема і ня тое пытаньне, каб прыватызаваць краіну, каб каму-небудзь спадабацца».

«Любое прадпрыемства можа быць прыватызавана — любое, без выключэньня. Але раз і назаўсёды трэба вызначыць: „не“ — абвальнай прыватызацыі. Яна носіць кропкавы характар, калі гэта трэба будзе дзяржаве», — адзначыў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытаньне прыватызацыі «знаходзіцца ў цэнтры ўсіх палітычных падзеяў, таму што прыватызацыя — пытаньне няпростае».

«Ня буду я прэзыдэнтам — вы ўжо тут глядзіце, як будзеце прадаваць прадпрыемствы, уласнасьць, зямлю. Можа — і краіну ўсю. Хоць, калі я буду жывы, я заўсёды буду супраць гэтага выступаць», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: «Беларуськалій» каштуе больш за 30 мільярдаў даляраў

«Мы — ня супраць прыватызацыі, нават такога стратэгічнага прадпрыемства, як „Беларуськалій“, які прыносіць дзяржаве ў лепшыя гады да 3 мільярдаў даляраў прыбытку. Але мы вызначылі цану, сёньня яна складае звыш $30 млрд», — заявіў Лукашэнка.

Ён дадаў: «Тыя, хто хацеў прыватызаваць наш „Беларуськалій“, яны гатовыя плаціць толькі $15 млрд (...) Я ім сказаў: да пабачэньня, сыходзьце».

Падзелу на «стратэгічныя» і «нестратэгічныя» прадпрыемствы ня будзе

Лукашэнка назваў прапанову ўраду стварыць пералік стратэгічных прадпрыемстваў няправільнай.

«Навошта дзяліць прадпрыемствы на вельмі патрэбныя і непатрэбныя? Гэта нават некарэктна ў дачыненьні да насельніцтва. Усе прадпрыемствы важныя для краіны, дзе працуюць нашы людзі. Таму навошта іх дзяліць на стратэгічныя і нестратэгічныя?» — абурыўся Лукашэнка.

«Да разраду стратэгічных у нас адносілася такое прадпрыемства, як „Белтрансгаз“. Яно было забаронена да прыватызацыі. Прыватызавалі? Прыватызавалі. Дык навошта нам зноў цень на пляцень наводзіць, каб затым выводзіць прадпрыемствы зь сьпісу забароненых да прыватызацыі?»

Балыкін «Гэта — найгоршы сцэнар прыватызацыі»


Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін
Эканаміст Сяргей Балыкін кажа, што Аляксандар Лукашэнка ўжо далёка не ў першы раз адрынае так званую абвальную прыватызацыю:

«Але ж прыватызацыя ўсё роўна ідзе. Таму што яе патрабуе эканоміка. У краіне няма грошай.

Але тое, што робіць Лукашэнка, гэта найгоршы сцэнар прыватызацыі. Гэта прыватызацыя вымушаная. Яна такая, як у алькаголіка, які прадае рэчы з кватэры, каб набыць пляшку гарэлкі. Так і Лукашэнка, ён прадае некаторыя прадпрыемствы, дзеля таго каб закрыць свае бягучыя фінансавыя праблемы.

І гэтыя грошы трацяцца на бягучыя фінансавыя патрэбы, кшталту падтрыманьня курсу рубля.

Што будзе далей казаць Лукашэнка, нікому не вядома. Ён можа зьмяніць свае меркаваньні. Ён можа пад словамі „абвальнай прыватызацыі ня будзе“ мець на ўвазе нешта сваё.

І самы галоўны недахоп прыватызацыі па-беларуску ў тым, што адбываецца яна не публічна, а неяк келейна, кулюарна. Карацей кажучы, дзяржаўную маёмасьць пілуюць і прадаюць па незразумелых схемах і незразумела каму».

Балкунец: «Лукашэнка кажа пра прыватызацыю ўжо гадоў 15»


Эканаміст Дзьмітры Балкунец упэўнены: размовы пра прыватызацыю ў Беларусі будуць цягнуцца яшчэ доўгі час:

«Калі падняць гісторыю гэтай валакіты з прыватызацыяй, то можна заўважыць, што Лукашэнка кажа пра яе адно і тое ж ужо гадоў 15 на розных нарадах. То ён будзе праводзіць прыватызацыю, то ня будзе.

Гэта нейкая гульня. Гавораць, што ў нас ёсьць сьпісы прадпрыемстваў для прыватызацыі. Сёньня чуеш, што іх прадаюць Расеі, заўтра — Захаду. А потым праходзіць час, прадпрыемствы не мадэрнізуюцца, і некаторыя зь іх нават становяцца неканкурэнтаздольнымі.

І наконт кошту прадпрыемстваў. Дакладна вельмі цяжка высьветліць, колькі сапраўды каштуе тое ці іншае прадпрыемства, ці будуць інвэстары ўкладаць у яго грошы. Я лічу, што прыватызацыю ў Беларусі было б значна лягчэй праводзіць, калі б у краіне быў фондавы рынак. І калі б акцыі таго ж „Беларуськалія“ ці нейкага іншага прадпрыемства можна было купляць у тым ліку і на ўсясьветных біржах».

Марголін: «Гэта нейкая сялянская хітрасьць»


Леў Марголін
Леў Марголін
Эканаміст Леў Марголін камэнтуе для «Свабоды» сёньняшнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі аб прыватызацыі:

«Здаецца мне, што тут нейкая сялянская хітрасьць. Тое, што мы будзем рабіць, мы будзем рабіць таму, што гэта выгадна нам, а не Эўразьвязу і Расеі. А тое, што гэта можа спадабацца і Расеі, то гэта толькі супадзеньне. А насамрэч мы думаем толькі пра сябе».

Лукашэнка нічым не рызыкуе і тады, калі кажа, што «Беларуськалій» ён прадасьць толькі за суму, якая перавышае 30 мільярдаў даляраў, адзначае спадар Марголін:

«Бо „Беларуськалій“ улады будуць прыватызаваць у апошні момант. Ёсьць шмат прадпрыемстваў, якія яшчэ можна прадаць. І толькі пасьля гэтага завесьці гаворку пра продаж калійнага камбінату. Але я думаю, што ніхто яму 30 мільярдаў ня дасьць».
Урад Беларусі ўзгадніў пералік дзяржаўных прадпрыемстваў, прыватызацыя якіх сёлета можа даць 2,5 мільярда даляраў.

Прыватызацыя — адна з умоваў, каб атрымаць крэдыт у тры мільярды даляраў ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС.

У 2001 годзе было абвешчана 225 таргоў, на якія выстаўляліся 140 адкрытых акцыянэрных таварыстваў. Па выніках былі прададзеныя акцыі 38 кампаніяў на агульную суму 170 млрд рублёў.

Маёмасьць беларускіх дзяржпрадпрыемстваў паводле стану на 2011 год ацэньвалася ў 50–80 мільярдаў даляраў.

У розны час у СМІ зьяўляліся паведамленьні, што Беларусь гатовая прадаць:

  • «Беларуськалій»
  • МТС
  • БелАЗ
  • «Гродна Азот»
  • Мазырскі НПЗ
  • Наваполацкі НПЗ
  • МАЗ
  • «Інтэграл»
  • «Бархім»
  • Баранавіцкі камбінат жалезабэтонных канструкцыяў
  • Брэсцкі электрамэханічны завод
  • ААТ «Аўтамагістраль», Менск
  • ААТ «Медпласт»
  • ААТ «Конфа»

У 2011 годзе ўлады Беларусі прадалі за 2,5 мільярда даляраў апошнія 50% акцыяў «Белтрансгазу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG