Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спробы зьмяніць паводзіны беларускага рэжыму, магчыма, не ўдаліся, але яшчэ шмат што можна зрабіць, каб дапамагчы беларусам, піша --> http://EuropeanVoice.com карэспандэнт часопісу «Эконаміст» па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.

Эўропа паспрабавала ўсё: бізун і пернік, цярпеньне і супрацоўніцтва, падрыўную дзейнасьць ... Але ўсе магчымыя тактыкі ў дачыненьні да Беларусі не прынесьлі посьпеху. Цяпер мы спрабуем яшчэ раз санкцыі.

Гэта правільна — ускладніць жыцьцё для вярхоўнага чыноўніцтва Менску, асабліва пасьля пакараньня сьмерцю двух мужчын, асуджаных за (нібыта) тэрарыстычны акт у 2011 годзе. Паказальныя працэсы, за якімі юрыдычныя забойствы напамінаюць сталінскую эпоху. Што далей? Прымусовая псыхіятрыя для іншадумцаў?

Але я маю сумнеў наконт санкцый. Павелічэньне эканамічнай інтэграцыі Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам было б дабром, ня злом: гэта б ураўнаважвала згубны ўплыў Расеі на яе эканоміку і разбурала сьцяну ізаляцыі, якую рэжым імкнецца стварыць. Гандлёвыя санкцыі нясуць рызыку, што ўсё пойдзе наадварот. Яны таксама кладуцца несправядлівым цяжарам на дзьве слабыя эканомікі Латвіі і Літвы, якія зьяўляюцца вялікімі гандлёвымі партнэрамі Беларусі.
Любыя санкцыі, якія мы накладаем, павінны быць вузкія і супэржорсткія, а не шырокія і слабыя.

Любыя санкцыі, якія мы накладаем, павінны быць вузкія і супэржорсткія, а не шырокія і слабыя. Візавыя санкцыі, якія Эўразьвяз нядаўна ўвёў яшчэ для 12 высокапастаўленых чыноўнікаў (усяго іх больш за 200), добрыя. Добрае і замарожваньне іх актываў. Фінансавыя схемы беларускай эліты і роля эўрапейскіх (асабліва аўстрыйскіх) банкаў заслугоўваюць пільнай увагі. Паколькі маёмасьць гэтых людзей нашмат перавышае ўсё, што яны маглі б зарабіць на сваіх афіцыйных пасадах, расьсьледаваньні адмываньня грошай будуць цалкам апраўданыя. Гэта можа абвастрыць і нюх заходніх банкаў у адносінах зь іншымі кліентамі .

Яшчэ адной магутнай санкцыяй была б адмена чэмпіянату сьвету па хакеі, які заплянаваны ў Беларусі ў 2014 годзе. Тыя, хто кажуць, што нельга мяшаць спорт і палітыку, ня маюць рацыі: у Беларусі яны ўжо зьмешваюцца. Хакей гэта любімы від спорту прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Рэжым уклаў шмат грошай падаткаплацельшчыкаў у арганізацыю гэтага мерапрыемства і вельмі ганарыцца тым, што міжнародны спорт прыходзіць у Беларусь.

Адна толькі пагроза страціць чэмпіянат можа азначаць свабоду для дзясяткаў палітычных зьняволеных, такіх, як кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў.

Але ціск на рэжым павінен спалучацца з дадатковай падтрымкай ахвяр — саміх беларусаў. Многія краіны могуць адмяніць плату за шэнгенскія візы (цяпер гэта 60 €). Добра было б зрабіць больш даступныя эўрапейскія унівэрсытэты для беларускіх студэнтаў . Таксама як і падтрымаць беларускую культуру ў выгнаньні. Адважны беларускі Свабодны тэатар, вырваўшыся ў Лёндан, спрабуе сабраць грошы, каб паставіць «Караля Ліра» гэтым летам. Было б дзіўна, калі б Эўразьвяз не знайшоў грошай для фінансавай падтрымкі гэтага праекту.
Ціск на рэжым павінен спалучацца з дадатковай падтрымкай ахвяр — саміх беларусаў.

Але дапамога эмігрантам не памяняе ўмовы ўнутры Беларусі (эміграцыя зьяўляецца карысным ахоўным кляпанам для рэжыму). Вялікая праграма дыстанцыйнага навучаньня магла б дапамагчы людзям, якія жывуць у Беларусі, атрымаць высакаякасную міжнародную акрэдытацыю вышэйшай адукацыі, нават калі іх выключылі з унівэрсытэту. (Гэта адна зь любімых санкцый рэжыму супраць маладых актывістаў апазыцыі.)

Гэта не нязбыўная мара. Пасьля таго, як Стэнфардзкі ўнівэрсытэт разьмясьціў у інтэрнэце свой курс «Уводзіны ў штучны інтэлект», на яго падпісаліся 160 тысяч студэнтаў. Чаму б не зрабіць нешта падобнае на рускай мове? (Так, я ведаю, што было б нядрэнна зрабіць гэта таксама па-беларуску, як і па-аварску, чачэнску, казаску, малдаўску ці ўкраінску — але лепш нешта малое, пакуль дойдзем да ідэалу.)

25 сакавіка , у Дзень волі , беларусы з гонарам згадвалі падмуркі сваёй недаўгавечнай незалежнай рэспублікі, заснаванай ў 1918 годзе. Дзьве тысячы мужных людзей сабраліся ў Менску, каб адзначыць гэтую дату. Эўрапейскі Зьвяз валодае сродкамі, каб надаць рашучасьці іх сэрцам і падарваць баявы дух тых, хто іх перасьледуе. ЭЗ павінен зрабіць гэта гучна, энэргічна, шчодра і рашуча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG