Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сікорскі пабачыў у Беларусі Паўночную Карэю


Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі

Пра падабенства рэжымаў Беларусі і Паўночнай Карэі заявіў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, прадстаўляючы ў Сэйме даклад аб зьнешняй палітыцы Польшчы ў 2012 годзе.

Сікорскі заявіў: «У сучасным сьвеце неабмежаванай уладай карыстаюцца выключна аўтакратычныя, самаізаляваныя дзяржавы — нядобранадзейныя дзяржавы. Беларускі лідэр выхваляецца перад сваім народам сваёй абсалютнай незалежнасьцю, напрыклад, ад „ціску Эўразьвязу“. Гэта азначае, што ён можа саджаць апазыцыянэраў у турмы, але адначасова цалкам залежыць ад тых, хто пастаўляе нафту і газ у Беларусь або дае крэдытныя гарантыі, а потым — пагражае іх адклікаць. Сапраўды, гэтаксама паўночнакарэйскі рэжым існуе з ласкі Кітая і працягвае дамаўляцца пра новыя пастаўкі харчовай дапамогі ЗША».

У адносінах з Эўропай Беларусь, «на жаль, працягвае настойваць на прынцыпе «меншае за меншае», падкрэсьліў Сікорскі.

«З ініцыятывы Дональда Туска (прэм’ер-міністар Польшчы. — БелаПАН.) на саміце Ўсходняга партнэрства мы падрыхтавалі прапановы пра супрацоўніцтва, якое чакае таго дня, калі спыняцца рэпрэсіі і палітычная апазыцыя зможа граць сваю ролю», — сказаў на заканчэньне кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы Радаслаў Сікорскі, піша БелаПАН.
XS
SM
MD
LG