Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 красавіка Бірму правераць на гатоўнасьць да рэформаў


Лідэр дэмакратычнай апазыцыі ў Бірме Аун Сан Су Чжы, якая 15 гадоў правяла пад хатнім арыштам, упершыню бярэ ўдзел у парлямэнцкіх выбарах.

Аун Сан Су Чжы заявіла, што парлямэнцкія выбары, якія пройдуць 1 красавіка, нельга лічыць цалкам свабоднымі і сумленнымі.

На думку палітыка, падчас перадвыбарнай кампаніі былі дапушчаныя парушэньні. У прыватнасьці, у сьпісы выбаршчыкаў ўнесены памерлыя людзі, а кандыдатаў ад Нацыянальнай лігі за дэмакратыю (НДЛ), якую яна ўзначальвае, спрабавалі запалохаць.

Тым ня менш, лічыць Аун Сан Су Чжы, адмаўляцца ад удзелу ў парлямэнцкіх выбарах ня варта. Гэтыя выбары разглядаюцца як праверка ўраду, які падтрымліваецца ваеннымі, на гатоўнасьць да дэмакратычных рэформаў.

67-гадовая Аун Сан Су Чжы ўпершыню будзе ўдзельнічаць у выбарах. У 1990 годзе, калі Нацыянальная ліга за дэмакратыю перамагла на выбарах, яна ўжо была пад хатнім арыштам, куды яе зьмясьцілі ў 1989. Аднак НЛД тады не дапусьцілі да ўлады: ваенныя кіраўнікі Бірмы адмовіліся прызнаць перамогу партыі Сан Су Чжы. Пад хатнім арыштам славутая дысыдэнтка правяла ў агульнай колькасьці 15 гадоў.

У1991 годзе ёй была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру, якую ад яе імя атрымалі яе сыны.

НДЛ байкатавала выбары 2010 году, у выніку якіх ваенную хунту зьмяніў урад прэзыдэнта Тэйн Сэйна, якога таксама падтрымліваюць ваенныя. Аун Сан Су Чжы была адпушчаная з-пад хатняга арышту празь некалькі дзён пасьля тых выбараў, першых за 20 гадоў.

Новае кіраўніцтва краіны зрабіла шэраг дэмакратычных крокаў. Новая адміністрацыя пачала дыялёг з Аун Сан Су Чжы і зьмяніла законы аб выбарах, якія сталі прычынай байкоту з боку НЛД. Былі таксама выпушчаныя на волю многія палітычныя зьняволеныя, у тым ліку вядомыя дысыдэнты. У лістападзе 2011 парлямэнт прыняў закон аб свабодзе палітычнага пратэсту. Пазьней улады дазволілі перарэгістрацыю НДЛ.

Заходнія краіны заявілі, што будуць зьвязваць хаду рэформаў у Бірме з магчымай адменай уведзеных раней супраць яе санкцыяў.

Сёлетняя перадвыбарная кампанія лідэра бірманскай апазыцыі Аун Сан Су Чжы была прыпыненая за тыдзень да галасаваньня з-за праблем са здароўем. Паводле лекараў, у яе зьявіліся відавочныя прыкметы перанапружаньня і зьнясіленьня арганізму.
XS
SM
MD
LG