Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінскі міністар: «Скандал з ЧС-2014 узьнік па віне Беларусі»


Эркі Туоміоя

Эркі Туоміоя

Міністар замежных спраў Фінляндыі Эркі Тоўміоя, у чыёй краіне сёлета пройдзе чэмпіянат сьвету па хакеі, заявіў у інтэрвію Helsingin Sanomat, што беспрэцэдэнтны скандал у сувязі з сусьветным першынствам ў 2014 годзе ўзьнік выключна па віне Беларусі.

У 2009 годзе сябры IIHF пастанавілі, што чэмпіянат сьвету пройдзе ў Беларусі. Аднак з гэтай краіны прыходзіць усё болей трывожных сыгналаў пра сытуацыю з правамі чалавека, і правядзеньне чэмпіянату ў Менску выклікае ўсё болей пытаньняў, адзначае газэта.

Як кажа Эркі Тоўміоя, «ЭЗ не павінен камандаваць спартыўнымі арганізацыямі, у тым ліку і IIHF. Самае лепшае для фэдэрацыі — гэта знайсьці альтэрнатыву Беларусі як арганізатару ЧС-2014. І калі сытуацыя ў краіне ня зьменіцца, першынства можна будзе перанесьці ў іншае месца».

Напярэдадні мэнэджэр Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі па сувязях з грамадзкасьцю Шымон Шэмбэрг, камэнтуючы журналістам рэзалюцыю Эўрапарлямэнту пра перанос усясьветнага чэмпіянату ў іншую краіну, адзначыў:

«Паводле параграфу 7 рэглямэнту фэдэрацыі, IIHF захоўвае строгі палітычны, расавы і рэлігійны нэўтралітэт. Нікога зь сябраў арганізацыі нельга дыскрымінаваць па гэтых прыкметах. Бліжэйшы кангрэс адбудзецца ў Хэльсынкі сёлета ў траўні. Любы з 70 сябраў арганізацыі, а таксама яе выканкам, будзе мець магчымасьць паставіць пытаньне пра ЧС-2014. І калі пытаньне будзе ўзьнятае, кангрэс разгледзіць яго і прыме рашэньне.

Адначасна IIHF заклікае распачаць грамадзкую дыскусію на тэму, ці карэктна выкарыстоўваць спорт у якасьці інструмэнту палітычнага ціску. І калі так, то як у падобных сытуацыях захоўваць прынцып усеагульнай справядлівасьці і пазьбягаць выпадкаў, калі спартыўныя падзеі без дастатковых падставаў адбіраюць у іхніх арганізатараў?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG