Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя хакею Расеі ня мае намеру падтрымліваць ініцыятыву Эўрапарлямэнту, які заклікаў міжнародную супольнасьць адмовіць Беларусі ў праве правесьці чэмпіянат сьвету ў 2014 годзе.

Пра гэта заявіў выканаўчы дырэктар ФХР Валерый Фесюк.

«У мяне няма сумненьня ў тым, што Фэдэрацыя хакею Расеі ня будзе рабіць ніякіх крокаў, якія б перашкодзілі правядзеньню чэмпіянату сьвету 2014 году ў Беларусі», — сказаў В. Фесюк.

«IIHF — адна сям’я. Мы займаемся спортам, а спорт, як вядома, па-за палітыкай. Калі з адным з членаў нашай сям’і здараецца непаразуменьне, то мы ўсе ўстаем на яго абарону. Ня ведаю, якія палітычныя мэты перасьледуюцца, але чэмпіянат сьвету 2014 году варты таго, каб прайсьці ў Беларусі. Гэтая краіна зрабіла годную прэзэнтацыю, калі змагалася за права правесьці турнір, пабудавала добрыя лядовыя палацы і разьвівае хакей», — дадаў ён.

Валерый Фесюк запэўніў, што ў тым выпадку, калі на травеньскім кангрэсе IIHF у парадак дня будзе ўключана пытаньне аб пераносе ЧС-2014 зь Беларусі, Расея выступіць супраць падобнай ініцыятывы.

«Мы заўсёды падтрымліваем добрыя адносіны з (хакейнай) фэдэрацыяй Беларусі, у нас гуляе шмат хакеістаў з гэтай краіны. Мы былі ў свой час адзінай дзяржавай і ў выпадку неабходнасьці абавязкова будзем падтрымліваць сваіх суседзяў», — адзначыў Валерый Фесюк.

Аб гэтым са спасылкай на «РИА-Новости» інфармуе БЕЛТА.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG