Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: Шчукіна аштрафавалі на 1 мільён 190 тысяч

абноўлена

Валеры Шчукін пасьля суду.
Валеры Шчукін пасьля суду.

У аршанскім гарадзкім судзе адбыўся суд над грамадзкім дзеячам, дэпутатам Вярхоўнага савету 13-га скліканьня Валерыем Шчукіным.

16:40 Шчукіна аштрафавалі на 1 мільён 190 тысяч рублёў. За дробнае хуліганства ён атрымаў штраф у 4 базавыя велічыні (140 000), і за непадпарадкаваньне міліцыі — 30 базавых (1 050 000).

А 16:00 суд над Валерыем Шчукіным аднавіўся.

Ахвотным трапіць на працэс давялося прайсьці праз асабісты агляд і агляд рэчаў. Міліцыянты абшуквалі кожнага мэталашукальнікам і пільна праглядалі зьмесьціва кайстраў. Адразу абвясьцілі, што ў судовую залю не дапусьцяць зь любой аргтэхнікай, і нават прымусілі выключыць мабільныя тэлефоны. Але гэта тычылася ня ўсіх: невядомы хлопец у цывільным, седзячы на апошняй лаўцы, усіх здымаў на мабільны тэлефон.

Адвакатка, якая, паводле дамовы, павінна была бараніць інтарэсы падсуднага, не змагла своечасова даехаць зь Менску ў Воршу і даслала ў суд хадайніцтва, каб працэс перанесьлі. Аднак судзьдзя Тацяна Рыбакова хадайніцтва адхіліла: яна заявіла, што спадар Шчукін можа скарыстацца паслугамі адваката зь мясцовай адвакацкай канторы, калі тут жа аплоціць гэтыя паслугі.

Валеры Шчукін адмовіўся ад такой прапановы, сказаўшы, што давярае толькі той адвакатцы, зь якой дамова ўжо заключаная. А ў такіх акалічнасьцях, калі яго пазбавілі права на абарону, ён адмаўляецца ўдзельнічаць у судовым працэсе.

На пытаньні судзьдзі ён прынцыпова не адказваў і ніякім чынам не рэагаваў на аповеды сьведак — трох супрацоўнікаў міліцыі і дзьвюх супрацоўніц Аршанскага гарсуду. Яны сьведчылі, што Валеры Шчукін 29 сакавіка цягам прыкладна дзьвюх гадзін блякаваў уваход на трэці паверх судовага будынка, сеўшы ў праёме дзьвярэй. Міліцыянты казалі, што прапаноўвалі праваабаронцу і журналісту падняцца, але ён не пагадзіўся. Прычым пазьней яшчэ й запатрабаваў, каб яго прапусьцілі на суд над Сяргеем Калякіным, Аляксандрам Атрошчанкавым і Анатолем Лябедзькам. Міліцыянты, паводле іхных словаў, мусілі прымяніць сілу.

Валерыя Шчукіна аштрафавалі паводле двух пратаколаў: за дробнае хуліганства — штраф памерам 4 базавыя велічыні, або 140 тысяч рублёў, і за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі — штраф 30 базавых велічынь, або 1 мільён 50 тысяч рублёў.
Валер Шчукін выходзіць з будынку суду.
Валер Шчукін выходзіць з будынку суду.

14:45 Сябры перадалі Валерыю Шчукіну перадачу ў ізалятар часовага ўтрыманьня — там прадукты і цёплыя рэчы. Спадар Шчукін гаворыць, што адчувае сябе ня лепшым чынам. Зусім нядаўна ён выпісаўся са шпіталю, мае хранічныя хваробы.

12:00 Працэс над Шчукіным пачаўся ў 11.30. Пра гэта стала вядома ў часе першага перапынку, калі абвінавачаны заявіў пра адвод судзьдзі Тацяны Рыбаковай.

Адвод не прыняты.

У залю змаглі трапіць некалькі чалавек. Папярэдне людзям загадалі выключыць мабільныя тэлефоны. Міліцыянты не пускалі ў залю тых, хто меў пры сабе хоць якую тэхніку.

Цяпер абвешчаны другі перапынак — да 16:00.

За гэты час Шчукін павінен дамовіцца з адвакатам.

Ігар Казьмярчак, Мікалай Петрушэнка, Васіль Леўчанкаў за плотам вакол суду паведамляюць навіны
Ігар Казьмярчак, Мікалай Петрушэнка, Васіль Леўчанкаў за плотам вакол суду паведамляюць навіны


11:35 Міліцыя не прапускае ў будынак суду людзей без позваў. Ахоўнік заявіў журналістам, што гэта адмыловы загад старшыні суду. Журналісты і грамадзкія актывісты, якія прыйшлі падтрымаць Шчукіна, мерзнуць на вуліцы.

10:40 Сьведкі-міліцыянты, якія затрымлівалі Шчукіна паведамілі ў судзе, што абвінавачваньне Шчукіну гучыць так: Дробнае хуліганства ў выглядзе дэманстратыўнага ляжаньня на падлозе.

У графіку працы судовае разьбіральніцтва па справе затрыманага ўчора журналіста і праваабаронцы не пазначанае.

Расклад судовых справаў. Справы Шчукіна ў графіку няма
Расклад судовых справаў. Справы Шчукіна ў графіку няма


Валерыя Шчукіна затрымалі 29 сакавіка пасьля працэсу над кіраўніком партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргеем Калякіным, кіраўніком АГП Анатолем Лябедзькам і былым палітвязьнем Аляксандрам Атрошчанкавым.

Спадар Шчукін пратэставаў супраць таго, што працэс зрабілі закрытым. Калі супрацоўнікі міліцыі перакрылі ўваходы на трэці паверх, дзе праходзіў працэс над палітыкамі, Валеры Шчукін сваім целам заблякаваў дзьвярны праём, каб міліцыянты не зачынілі дзьверы.
Валер Шчукін блякуе дзьверы, 29 сакавіка.
Валер Шчукін блякуе дзьверы, 29 сакавіка.

Пры затрыманьні Шчукіну заявілі, што сваімі дзеяньнямі ён замінае працы суду. Ноч ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG