Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10% Лукашэнкі: загадкі рэзанансу


НІСЭПД надрукаваў папярэднія вынікі сацыялягічнага апытаньня грамадзкай думкі за сакавік. Адразу хачу папярэдзіць, што не зьбіраюся ўступаць у дыскусію наконт дакладнасьці і праўдзівасьці згаданага дасьледаваньня. І тых, хто ня верыць гэтым дадзеным, прашу не чытаць.

Найперш зьвяртаюць на сябе ўвагу тыя паказчыкі, якія можна лічыць чаканымі. Эканамічнае самаадчуваньне насельніцтва палепшылася. І гэта заканамерна. Апошнія пяць месяцаў фінансавая палітыка ўладаў была даволі пісьменная, ніякіх глупстваў не нарабілі, абменны курс рубля нават умацаваўся, інфляцыя амаль у межах нормы.

Павялічыўся давер грамадзтва да ўлады, рэйтынг Лукашэнкі вырас на 10% за тры месяцы, што нямала. Гэта пацьвярджае заканамернасьць, выяўленую ўжо даўно: эканамічнае становішча людзей — галоўны вызначальны чыньнік іх стаўленьня да грамадзка-палітычных пытаньняў. У гэтым сэнсе беларускае грамадзтва мала чым адрозьніваецца ад іншых. Усе астатнія пытаньні ня ёсьць вызначальнымі.
Колькасьць тых, хто не давярае Лукашэнку, усё роўна большая, чым тых, хто давярае.

Але, што важна зафіксаваць, сытуацыя не вярнулася да дакрызіснага ўзроўню. Колькасьць тых, хто не давярае Лукашэнку, усё роўна большая, чым тых, хто давярае. Псыхалягічная траўма 2011 году засталася ў грамадзкай сьвядомасьці, і пазбавіцца ад яе будзе нялёгка.

Важна зьвярнуць увагу, што па актуальных грамадзка-палітычных пытаньнях, якія выклікаюць шырокі рэзананс, улады ня маюць падтрымкі большасьці. Можна нават назіраць такую заканамернасьць: чым больш гучная і рэзанансная праблема, тым больш улады прайграюць барацьбу за сьвядомасьць людзей.

Так, большасьць апытаных выступаюць за вызваленьне палітзьняволеных, то бок фактычна падтрымліваюць пазыцыю Захаду ў гэтым пытаньні. І гэта нягледзячы на актыўную прапаганду дзяржаўных мэдыяў.

Таксама вельмі паказальна, што памяняліся суадносіны паміж прыхільнікамі і праціўнікамі сьмяротнага пакараньня ў краіне. Тыя, хто хоча яго адмены, складаюць 50%, а за захаваньне выступаюць 41% апытаных. А яшчэ ў сьнежні гэтыя суадносіны былі 37% і 55%. Прычына таму — справа пра тэракт у мэтро, суд, сьмяротны прысуд, адмова Лукашэнкі памілаваць. Ажыятаж вакол гэтага пытаньня сыграў супраць улады.

З гэтых фактаў можна зрабіць дзьве высновы. Па-першае, калі грамадзкае пытаньне гучнае і рэзананснае, то людзі пачынаюць шукаць альтэрнатыўную інфармацыю ў інтэрнэце і інш. І ў выніку гэтага грамадзкая думка схіляецца не на бок улады. У такім выпадку палітычнае кіраўніцтва ня ў стане перайграць апанэнтаў. Бо ў інтэрнэце яго папулярнасьць вельмі нізкая.

З гэтага вынікае другая выснова. Калі ўлады хочуць мець падтрымку насельніцтва па нейкім пытаньні, то трэба яго максымальна дэпалітызаваць, мінімізаваць да яго ўвагу, схаваць ад грамадзкага абмеркаваньня. І наадварот, калі палітычныя апанэнты хочуць перацягнуць электарат на свой бок, трэба дамагчыся таго, каб выгадная ім праблема стала ў парадак дня грамадзтва, стала топавай, найважнейшай на інфармацыйным экране.

Сакавіцкае апытаньне чарговым разам паказала, што насельніцтва не разглядае апазыцыю як прывабную альтэрнатыву дзейнай уладзе. Але попыт на такую альтэрнатыву даўно сасьпеў. І хоць стаўленьне да ўлады ў людзей скептычнае, аднак калі выбіраць паміж ёй і апазыцыяй, грамадзяне выбіраюць першае.

І яшчэ адзін вынік, які ў пэўным сэнсе можна назваць нечаканым. Продаж Расеі газатранспартнай сыстэмы «Белтрансгаз» ухвалілі толькі 15% насельніцтва, а адмоўна паставіліся да гэтага — 53,5%. Розьніца ў тры з паловай разы.

То бок прыватызацыя расейскім капіталам беларускіх прадпрыемстваў — гэта вельмі балючая тэма для беларускага грамадзтва. І вельмі канфліктная — для дачыненьняў Беларусі і Расеі. Гэта неабходная ўмова для атрыманьня расейскага крэдыту. І адначасова яна палітычна небясьпечная для ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG