Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПП прыняла да ведама патрабаваньне спыніць канфрантацыю з ЭЗ


Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

Палата прадстаўнікоў прыняла да ведама патрабаваньне групы грамадзянаў спыніць палітыку канфрантацыі з краінамі Эўразьвязу. Пра гэта гаворыцца ў лісьце з камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў прафсаюзнаму актывісту Аляксею Паўлоўскаму.

Паводле актывіста, зварот у Палату прадстаўнікоў падпісалі каля 600 чалавек.

Нагодай для звароту стала высылка 28 лютага зь Менску амбасадараў Польшчы й Эўрапейскага зьвязу. Аўтары звароту патрабавалі спыніць «канфрантацыю з цывілізаванымі дзяржавамі і выбачыцца за ганебныя паводзіны», а таксама «заклікалі ўладу вызваліць усіх палітзьняволеных, пазбавіць пасадаў чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў фальшаваньні вынікаў выбараў». Гэта, на іх думку, палепшыць палітычны й эканамічны клімат у Беларусі.

Пра высылку дыпляматаў, а таксама пра палітзьняволеных у лісьце ня згадваецца. Адзначаецца толькі, што «праблемы, якія назіраюцца сёньня ў палітычных стасунках з ЭЗ, зьяўляюцца вынікам спробаў уладаў Эўразьвязу аказаць ціск на зьнешнеэканамічны курс беларускай дзяржавы». Таксама ў лісьце гаворыцца пра гатоўнасьць весьці дыялёг «на аснове ўзаемнай павагі і раўнапраўя».

Паўлоўскі: «У лісьце няма адказу па сутнасьці. Мы ставілі пытаньне аб вызваленьні палітвязьняў і выбачэньнях. З-за аднаго чалавека пакутуе народ. Наш зварот мы назвалі загадам — значыць загад народу ня выкананы. Будзем аналізаваць адказ і, магчыма, зьвернемся ў Генэральную пракуратуру, каб Палата адказала па сутнасьці на нашы патрабаваньні».

Зварот з патрабаваньнем спыніць палітыку канфрантацыі з Эўразьвязам накіраваны таксама кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку. Ад яго адказу пакуль не прыйшло.
XS
SM
MD
LG