Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НАДВОР’Е:

Большую частку дня — хмарнае неба. Часам дажджы і мокры сьнег. Уначы і раніцай на некаторых дарогах магчымая галалёдзіца. Тэмпэратура ўдзень ад +4° да +9°.
НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:

У вечаровым эфіры Свабоды: госьці — бард Андрэй Мельнікаў, кінакрытык Андрэй Расінскі і мастачка Ганна Трубачова.
У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

У офісе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (вул. К. Чорнага, 31, пакой 906) адбудзецца цырымонія ўручэньня літаратурных прэміяў часопісу «Дзеяслоў». Пачатак а 15-й гадзіне.

У Маскве адбудзецца паседжаньне камісіі сталых прадстаўнікоў пры ЭўрАзЭС, у якім мае браць удзел амбасадар Беларусі ў Расеі Андрэй Кабякоў. Сярод іншага на паседжаньні маюць разглядаць і пытаньні міграцыйнай палітыкі.


* * *

Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажэце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашлеце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

У 1613 зьдзейсьніў свой подзьвіг легендарны герой расейскай гісторыі Іван Сусанін. Сусанін быў спадчынны стараста вёскі Домніна ў Кастрамскім краі. Ён завёў замежных інтэрвэнтаў у балота, за што і паплаціўся жыцьцём. Ва ўсёй гэтай гісторыі зьвяртаюць на сябе ўвагу дзьве акалічнасьці. Па-першае, інтэрвэнты былі зь Вялікага Княства Літоўскага — гэта значыць, з тагачаснае Беларусі. Па-другое, ратаваў ад іх Сусанін ня што іншае, а расейскага цара — заснавальніка дынастыі Раманавых Міхаіла Фёдаравіча. Нездарма славутая опэра Міхала Глінкі «Іван Сусанін» у арыгінале называецца «Жыцьцё за цара».

У 1689 быў пакараны сьмерцю берасьцейскі філёзаф Казімер Лышчынскі. Яго судзілі за напісаны ім трактат «Пра неіснаваньне Бога». Паводле прысуду, на плошчы Старога рынку ў Варшаве Лышчынскаму публічна адсеклі галаву, цела вывезьлі за горад і спалілі, а попелам стрэлілі з гарматы.

У 1970 на экраны выйшаў фільм Уладзімера Матыля (1927-2010) «Белае сонца пустыні», культавая карціна савецкага кінэматографу, якую некаторыя называюць савецкім «істэрнам», па аналёгіі з амэрыканскім «вэстэрнам». У. Матыль нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў Лепелі ў Беларусі.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Рэлігія створаная людзьмі без рэлігіі. Пабожнасьць выдуманая людзьмі, каб ім пакланяліся як Богу. Страх перад Богам навязаны тымі, хто яго не баіцца, каб іх баяліся. Вера, пра якую кажуць, што яна ад Бога, зьяўляецца чалавечай гісторыяй.

Казімер Лышчынскі
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ:

Гандляры пераходзяць на «чорны» валютны курс

Някляеву, Фядуту, Рымашэўскаму зьмякчылі абвінавачаньне

Экспэрты пра санкцыі ЗША: «Менск будзе пажынаць плён той палітыкі, якую праводзіў пасьля 19 сьнежня»
XS
SM
MD
LG