Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ТрайплФарм»: Санкцыі не камэнтуем


"ТрайплФарм"
"ТрайплФарм"

У ліку 32 кампаніяў, якія належаць набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцам Юрыю Чыжу, Уладзімеру Пефціеву і Анатолю Тарнаўскаму і супраць якіх уведзеныя санкцыі Эўразьвязу, апынулася і фармацэўтычная фірма «ТрайплФарм».

Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «ТрайплФарм» — адно з самых маладых прадпрыемстваў Лагойску, яно было створана два гады таму. Кантралюе кампанію алігарх Юры Чыж. Тут працуе 50 чалавек.

«ТрайплФарм» вырабляе 8 лекавых прэпаратаў-антыбіётыкаў, два зь іх — імпартазамяшчальныя. Яны пастаўляюцца ў асноўным на беларускі рынак. «ТрайплФарм» купляе ў Эўразьвязе, у прыватнасьці, у Нямеччыне, частку сыравіны на выраб лекаў. Кампанія таксама мае патрэбу ў абслугоўваньні абсталяваньня, закупленага ў Чэхіі, Швэцыі, Польшчы. Пра тое, як забарона кантрактаў з эўрапейскімі партнэрамі адаб’ецца на вытворчасьці, кіраўніцтва прадпрыемства гаварыць СМІ ня хоча:

Бізнэсовец Юры Чыж
Бізнэсовец Юры Чыж
«Мы аніякіх камэнтароў не даем. Такая наша пазыцыя», — адрэзала намесьніца дырэктара прадпрыемства Ірына Лукашэвіч:

Працаўнікі «ТрайплФарму» тым часам прызнаюцца, што пра санкцыі да прадпрыемства іх не інфармуюць, а яны працуюць як звычайна:

«Пакуль нічога такога мы ня чулі», — адказвае на пытаньне карэспандэнта работніца прадпрыемства.

Лекар Лагойскай цэнтральнай бальніцы, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня Аляксандар Шут пазытыўна ацэньвае працу фармацэўтычнай фірмы:

«Гэта добра, што ў Лагойску есьць прадпрыемства, на якім занятыя працай людзі. Таксама добра, што ёсьць лекі, якія больш танныя, чым лекі зь іншых краін».

Немагчымасьць закупляць сыравіну ў Эўразьвязе нэгатыўна адаб’ецца на вытворчым працэсе, перакананы спадар Шут:

«Гэта будзе дрэнна. Але ж людзі згодныя на тое, каб у Беларусі заставаўся цяперашні кіраўнік...»

Апазыцыйны палітык, ураджэнец Лагойшчыны Сяргей Антончык лічыць, што бізнэсовец Юры Чыж і падкантрольныя яму прадпрыемствы справядліва трапілі пад санкцыі Эўразьвязу:

«У мяне там родны брат жыве, шмат знаёмых. Людзі кажуць: «Ну вы ж ведаеце, чый гэта завод, а чыё возера? Гэта ўжо ня нашае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG