Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брусэль гатовы мадэрнізаваць Беларусь


Як ацэньваюць у Беларусі рэзалюцыю Эўрапарлямэнту і адначасовае прадстаўленьне праграмы мадэрнізацыі?

У рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту, у прыватнасьці, выказваецца жаль з прычыны стварэньня сьпісу невыязных зь Беларусі. Эўрапейскія дэпутаты выказваюць спачуваньне асобам, якія трапілі ў гэты сьпіс, і заклікаюць беларускія ўлады спыніць парушэньне фундамэнтальных свабодаў грамадзян Беларусі.

Алег Гулак

Алег Гулак

Алег Гулак — старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту, які знаходзіцца ў гэтым сьпісе, сказаў «Свабодзе», што яму прыемна пачуць пра падтрымку эўрапейцаў. Гэта маральна падтрымае яго ў барацьбе з уладамі. На 6 красавіка, сказаў Алег Гулак, у судзе Цэнтральнага раёну Менску прызначаны папярэдні разгляд ягонай скаргі на міністэрствы ўнутраных спраў і юстыцыі:

«Зразумела, што такія неправавыя дзеяньні выклікаюць абурэньне ўва ўсіх, хто пра гэта ведае. Калі я раней абмяркоўваў з калегамі пагрозу складаньня такіх сьпісаў, то пераконваў іх — такога быць ня можа. Таму што гэта занадта незаконна, выключна незаконна. Бо хоць нейкае законнае абгрунтаваньне пад такія дзеяньні падвесьці немагчыма. Дый раней улады ніколі такога цалкам беззаконнага дзеяньня сабе не дазвалялі. На жаль, я памыліўся».

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

Стварэньне праграмы мадэрнізацыі для Беларусі — аб’ектыўны крок Эўразьвязу, лічыць дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

«Агулам гэта вынік таго, што Эўропа ў тупіку. Усе папярэднія стратэгіі адносна Беларусі не спрацавалі. Чаму так адбылося, гэта тэма асобнай вялікай размовы. І таму ёсьць неабходнасьць распрацоўваць новае, бо проста так паставіць крыж на Беларусі немагчыма. Вось цягам апошніх месяцаў і прыйшлі менавіта да такой праграмы».

У праграме мадэрнізацыі вылучаныя чатыры галоўныя сфэры: палітычная, эканамічная, гандлёвая, прававая. У ёй ёсьць і распрацоўкі беларускіх экспэртаў. Так, у прававой галіне скарыстаныя некаторыя прапановы з «Малой Канстытуцыі» Беларусі. Адзін зь яе распрацоўшчыкаў, Сяргей Альфер, адзначае:

Сяргей Альфер

Сяргей Альфер

«З нашага пункту гледжаньня, адрозьненьне тых напрацовак, што былі зробленыя некалькі гадоў таму, ад дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, — у тым, што „Малая Канстытуцыя“ прапануе ўнесьці рэальны падзел уладаў на канкрэтныя галіны — заканадаўчую, выканаўчую і судовую. У дзейнай Канстытуцыі хоць і прапісана, што ўлады падзяляюцца, але разам з тым у ёй канстатуецца і непадзел гэтых уладаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG