Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінкавічах беспрацоўныя, якіх па накіраваньні цэнтра занятасьці возяць у сельгаспрадпрыемства «Каплічы», пратэстуюць супраць аплаты іх працы гнілой бульбай.

У сакавіку, калі ў вёсцы Каплічы Калінкавіцкага раёну пачалі перабіраць бульбу, сюды штодня прыбывае аўтобус з гараджанамі, пераважна беспрацоўнымі.

Беспрацоўныя сьцьвярджаюць, што саўгас разьлічваецца зь імі падмерзлай бульбай.

«Бульба ненармальная, бульба падмерзлая, — гаворыць жыхарка Калінкавічаў Людміла. — І хаця адбіраеш, але яна мерзлая, яна салодкая. Паляжыць яна дзён колькі, і нібыта нічога сабе. Але падмерзлая, падмерзлая бульба. Калі я езьдзіла першы раз, дык наагул была салодкая — як быццам хто цукрам пасыпаў. А нядаўна чырвоную бульбу перабіралі, дык гэтая больш-менш».

Паспытаўшы заробленай бульбы, большасьць беспрацоўных сталі патрабаваць плату за працу грашыма:
Што ж гэта такое — 11 тысяч за перабраную тону?

«Як толькі нам разьлік, зьбіраецца мноства розных начальнікаў. І пачынаюць: мы вас ня клікалі, мы вас не запрашалі. Абражаюць вечна, як нейкіх арыштантаў. Але бяз нас усё адно ня могуць. Там жа бульбы мора, бульба гніе. Калі вы людзей клічаце, дык, калі ласка, пра расцэнкі раскажыце. Што ж гэта такое — 11 тысяч за перабраную тону? Яны лічаць толькі вялікую бульбу, якую мы затарваем у сеткі. А што мы насенку выбіраем, гніль — гэта нам ня лічаць. І вось тона — 11 тысяч».

На сельгаспрадпрыемстве «Каплічы» адмаўляюць непаразуменьні зь беспрацоўнымі з райцэнтру. Галоўная бухгальтарка Ніна Пазьняк кажа, што плаціць саўгас прыежджым так, як яны працуюць:

«Прыяжджаюць аб 11 гадзіне, а ад’яжджаюць ужо а 4-й дня. Іншыя яшчэ ж і п’янымі прыяжджаюць. На 50 адсоткаў самастойныя, іншыя то пакураць, то вып’юць, каўтануць пасьпеюць. Мы ж ня можам напісаць ім лішняга, што яны перабралі. Мы кожны дзень пішам нарады. Нам кладаўшчык дае аб’ём працы, ім эканамісты налічваюць і пішуць нарады».
XS
SM
MD
LG