Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі вырас са сьнежня амаль на 10%

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Паводле сацыёлягаў з Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), якія правялі нацыянальнае апытаньне, папулярнасьць кіраўніка дзяржавы павысілася са сьнежня мінулага году з 24,9% да 34,5%. Пры гэтым амаль палова апытаных выказваюцца за вызваленьне палітвязьняў.

Між тым у сьнежні 2010 году ягоны рэйтынг складаў 53%, а ў верасьні 2011 году апусьціўся да 20,5%.

Міністар працы Рэспублікі Беларусь у сярэдзіне 1990-х гадоў Аляксандар Сасноў гэтак пракамэнтаваў павышэньне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі.

«Мяркую, гэта найперш зьвязана з тым, што беларус думае страўнікам. Калі са страўнікам усё больш-менш добра, калі ён не бурчыць ад голаду, тады і ўлада добрая. Гэта звычайная зьява, што эканамічная стабілізацыя падвышае рэйтынг улады. Мяркую, недзе ў панядзелак НІСЭПД вывесіць на сайце больш падрабязны камэнтар, у якім усё будзе патлумачана зь лічбамі, чаму рэйтынг зьмяніўся ў такі бок. Бо там ня толькі адзіны рэйтынг зьмяніўся, шмат якія паказчыкі ўказваюць на задавальненьне большасьці беларусаў той сытуацыяй, якая ёсьць. Мяркую, яны ж не задумваюцца, за кошт чаго зрабілася лепей, а прымаюць усё як ёсьць».

Паводле НІСЭПД абяцаньням Аляксандра Лукашэнкі аднавіць дакрызысны ўзровень заработнай платы цягам года-паўтара вераць 34,7% апытаных. Але 52,5% па-ранейшаму лічаць, што сытуацыя ў Беларусі разьвіваецца ў няправільным кірунку.


Сярод іншых, удзельнікам дасьледаваньня задавалі наступнае пытаньне: «Заходнія краіны дамагаюцца ад беларускіх уладаў вызваленьня людзей, якіх асудзілі за ўдзел у маніфэстацыі пасьля выбараў 2010 году. Адносна гэтага выказваюцца розныя меркаваньні. Зь якім зь іх вы згодныя?» Паводле НІСЭПД, большая частка апытаных — 44,5% — адказалі: «Гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя, іх трэба вызваліць незалежна ад пажаданьняў Захаду». 21,4% адказалі: «Гэтыя людзі вінаватыя і хай сядзяць, нельга саступаць ціску іншых краін». 17,8% выбралі адказ «Гэтыя людзі вінаватыя, але іх трэба вызваліць, каб палепшыць адносіны з Захадам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG