Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за арышту Калякіна камуністы ня пойдуць на выбары?


Валер Ухналёў і Леў Марголін

Валер Ухналёў і Леў Марголін

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін і намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валер Ухналёў правялі прэсавую канфэрэнцыю з нагоды затрыманьня лідэраў партыяў Сяргея Калякіна і Анатоля Лябедзькі, а таксама каардынатара кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Аляксандра Атрошчанкава.

Яны назвалі затрыманьні палітыкаў акцыяй застрашваньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і новым крокам афіцыйнага Менску насустрач санкцыям Эўразьвязу.

Леў Марголін і Валеры Ўхналёў выступілі з заявай, у якой ахарактарызавалі затрыманьне лідэраў апазыцыі грубым парушэньнем канстытуцыйных нормаў і свабодаў у Беларусі, а палітыку ўладаў — скіраванай на здушэньне, перасьлед і зьнішчэньне любога іншадумства ў краіне.

Леў Марголін: «Нават калі дапусьціць, што абмежаваньні на выезд былі зробленыя на законных падставах, хоць вы ведаеце, як гэта робіцца, затрымліваць людзей у цягніку сярод ночы — ні ў якія нормы ня ўпісваецца. Таму мы расцэньваем гэта адназначна і будзем даводзіць да грамадзянскай супольнасьці беларускай і замежнай, што гэта грубае парушэньне канстутыцыйных свабодаў».

Намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў таксама падкрэсьліў, што сваімі дзеяньнямі ўлады працягваюць запалохваньне беларускай грамадзянскай супольнасьці, але гэтым толькі ўзмацняюць палітыку санкцыяў Эўразьвязу адносна Беларусі:

«Я хачу зьвярнуць увагу, што, напэўна, гэта пытаньні, зьвязаныя з адсочваньнем, праслухоўваньнем тэлефонаў — зразумела, што ўсё гэта незаконна. Але пытаньне яшчэ ў тым, што ўсе гэтыя дзеяньні ўладаў — затрыманьні, судзілішчы — яны не вырашаюць ніякіх праблемаў ні ўнутры краіны, ні ў міжнародных адносінах. Наадварот, гэта, верагодна, падштурхне Эўропу да ўвядзеньня больш сур’ёзных санкцыяў адносна Беларусі. Рэжым сам, Лукашэнка сам робяць крокі адзін за адным, каб такія санкцыі былі прынятыя».
Рэжым сам, Лукашэнка сам робяць крокі адзін за адным, каб такія санкцыі былі прынятыя.

Валеры Ўхналёў таксама заявіў, што ў зьвязку з падзеямі вакол старшыні партыі Сяргея Калякіна, верагодна, будзе перагледжаная пазыцыя партыі адносна ўдзелу ў будучых парлямэнцкіх выбарах:

«Што тычыцца кампаніі „За справядлівыя выбары“, то яна ніяк ня зьменіцца: мы будзем маніторыць падрыхтоўку да выбараў і ўсе дзеяньні ўладаў. А вось што тычыцца пазыцыяў і фармату ўдзелу нашай партыі, то гэта можа зьмяніцца. Хоць у нас пакуль афіцыйна рашэньне не прынятае, але калі падзеі, як сёньня, будуць надалей адбывацца, то, магчыма, мы цалкам зьменім сваю пазыцыю і ня будзем прымаць удзелу ў выбарчай кампаніі ў тым фармаце, пра які мы зараз гаворым».

Акрамя ўсяго іншага, затрыманьне Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі і Аляксандра Атрошчанкава на мяжы з Расеяй і ўтрыманьне іх пад вартай без выстаўленьня абвінавачаньняў сьведчыць пра непрадуманасьць дзеяньняў беларускіх уладаў, а таксама пра тое, што Масква не заклапочаная «сьпісам невыязных» зь Беларусі.

Леў Марголін: «З таго, што адбываецца, можна зрабіць дзьве высновы: па-першае, Масква не пагадзілася падтрымаць захады Лукашэнкі па абмежаваньні выезду апазыцыі, бо інакш яны б спакойна сядзелі і чакалі, пакуль беларускія палітыкі даедуць да Масквы, і там бы іх затрымалі. І па-другое, улады дзейнічаюць як звычайна: спачатку робяць, а пасьля думаюць. Бо калі б улады пра нешта загадзя думалі, то не давялося б двое сутак вырашаць лёс нашых аднапартыйцаў».

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін таксама заявіў, што, зьезд партыі, заплянаваны на бліжэйшыя выходныя, адбудзецца пры любых абставінах. На парадку дня зьезду ёсьць і абмеркаваньне палітыкі партыі адносна будучых парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG