Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч: «Пляную сур’ёзна заняцца ангельскай мовай»


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Пра гэта палітвязень, які цяпер ўтрымліваецца ў «крытай» гарадзенскай турме, напісаў свайму сябру Л., таксама былому вязьню. З дазволу Л. мы публікуем гэты ліст.

Як адзначае сябар, Мікалай належыць да сапраўдных мужыкоў, якія не прызвычаіліся напружваць сваімі праблемамі блізкіх, а таму пачынае свой ліст традыцыйна:

«У мяне ўсё ў парадку, піша Мікалай Аўтуховіч. У псыхалягічным пляне тут шмат прасьцей( у параўнаньні з калёніяй — рэд.) Шмат вольнага часу, аднак запаўняю яго так, што нават не пасьпяваю рабіць усё тое, што заплянаваў. Сумаваць не даводзіцца. Праз паўгода, калі ня будзе парушэньняў, зьменяць рэжым з строгага на агульны(большая колькасьць спатканьняў і перадачаў — рэд.). Пляную абзавесьціся DVD і сур’ёзна заняцца ангельскай мовай. Аднак DVD дазволяць не раней, як зьменяць рэжым, а таму буду пачынаць навучаньне па кнігах. Зь нямецкай мовай праблемаў няма. Магу кантактаваць, трэба толькі крыху практыкі. Так заўсёды было: пажывеш там 2-3 тыдні, і нават не заўважаеш, як словы пачынаюць зь цябе самі «выскокваць».

З пэрыёдыкі магу чытаць далёка ня ўсё. Толькі тыя газэты, дзе ня ўсё публікуюць.

Усім прывітаньне і да сустрэчы. Так хочацца спадзявацца, што яна будзе хуткай. Хаця, зразумела, настройваюся на поўны тэрмін.

З павагай — Мікалай Аўтуховіч

09.03.12

Адрас: 230025
Гародня,
вул. Кірава,1,
турма№ 1
камэра 12




Як сьведчаць колішнія вязьні «крытай» гарадзенскай турмы, камэра 12 знаходзіцца ў новым турэмным будынку або так званай «амэрыканцы». Утрымліваюцца тут, як правіла. падсьледныя, у той час як асуджаныя звычайна знаходзяцца ў старым будынку — «бастыёне». Камэры «амэрыканкі» разьлічаныя пераважна на чатырох чалавек, адрозна ад «бастыёну», яны не бываюць перапоўненымі. Зь іншага боку, лічаць былыя ЗК, кантроль камэраў «амэрыканкі», куды больш шчыльны: ахоўнікі зазіраюць у вочка ледзь ня кожныя пяць хвілінаў.

Паводле вызначэньня праваабарончай арганізацыі Freedom House, Мікалай Аўтуховіч належыць да найвядомейшых палітычных зьняволеных сьвету.

У пэрсанальным разьдзеле, прысьвечаным Аўтуховічу, Freedom House піша, што ўпершыню гэты пасьпяховы прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 года. Абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў, яго асудзілі на тры з паловай гады. Ён быў адным з шасьці палітзьняволеных, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЭЗ, аднак ужо ў 2009-м яго зноў асудзілі, гэтым разам на пяць гадоў нібыта за захоўваньне зброі. Паводле ацэнак праваабаронцаў, сапраўдная прычына турэмнага зьняволеньня Аўтуховіча ў тым, што ён заклікаў да дэмакратычных зьменаў у Беларусі і натхняў землякоў не баяцца выказвацца супраць рэжыму Лукашэнкі.

Як адзначае Freedom House, здароўе Аўтуховіча сур’ёзна падарванае сэрыяй доўгіх галадовак пратэсту і недахопам належнай мэдычнай дапамогі. Летась у сьнежні, знаходзячыся ў ПК-5 у Івацэвічах, Аўтуховіч ускрыў сабе вены. Да гэтага адчайнага кроку ён быў даведзены адміністрацыяй, лічаць праваабаронцы. У лютым 2012 за частыя выпадкі непадпарадкаваньня адміністрацыі калёніі быў пераведзены ў «крытую» гарадзенскую турму. Тут ён мусіць утрымлівацца два гады — да канца тэрміну ў 2014.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG