Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для большасьці менчукоў тапонім Серабранка асацыюецца зь вялікім жылым масівам уздоўж праспэкту Ракасоўскага. Між тым гістарычнае прадмесьце Серабранка знаходзіцца па іншы бок Сьвіслачы. Дзе яшчэ стаяць стогадовыя дамы, дзе сем’і жывуць ад канца пазамінулага стагодзьдзя і дзе неўзабаве ўсё зьменіцца да непазнавальнасьці. Серабранка для мяне назаўжды зьвязаная зь імем Алеся Асташонка, на маю думку, найлепшага апавядальніка 90-х гадоў, чалавека трагічнага лёсу. У сваім эсэ «Дарогаю да дзеда» Асташонак так апісвае Серабранку.


«Столькі гадоў мінула, і ўсё нібыта на месцы, аднак якая занядбанасьць усюды! Галубятня на рагу па-ранейшаму ўзвышаецца над дахамі, але не ганарліва ўжо і ня сьветла, а змрочна, затаіўшы на людзей крыўду. Зацяты галубятнік Юзік Шпак даўно ўжо згарэў, перапіўшыся, і галубы тут не жывуць. Чаму запіў ты, Юзік? І чаму ніхто з тваіх сыноў не ўтрымаў птушак у гэтак рупліва ўпарадкаваным жытле? На рагу стаіць водакалёнка, але ня льецца зь яе вада, хапае людзям тае калёнкі, што ржавее ў другім канцы вулкі, — усе толькі і чакаюць блізкага зносу, чакаюць ужо гадоў пятнаццаць. (...) Спускаюся да поплаву, але й яго ўжо няма: усё разьвернута бульдозэрамі, усюды горы пяску й яміны.. Што лепшага надумалі стварыць людзі на месцы поплаву, чым сам поплаў? Бачу раптам астравок травы, што адчайна прабіваецца скрозь брудны пясок».

Гэта пісалася гадоў дваццаць назад. Але і галубятня без галубоў,

і спаленая хата таго Юзіка каля яе,

і нават старая, амаль урослая ў зямлю, хата Асташонкаў нікуды не падзеліся.

Вуліца Лугавая ідзе ўздоўж ракі. Той яе бок, што прымыкаў да вады, зьнесьлі ў 80-я. Уздоўж берага цяпер пракладзеныя сьцежкі, стаяць самотныя лавы.

Проста нейкі Брайтан-Біч на Сьвіслачы. На Лугавой вылучаецца адзін высокі дом, яўна стогадовы, з пачарнелага ад часу бярвеньня. З дома выходзіць пажылы чалавек. Разгаварыліся. Валянцін Цыбульскі, як вынікала зь ягоных словаў, валодае ледзь не паловаю Серабранкі.

— У Менску ў мяне лічыцца многа. Амаль 12 гектараў зямліцы. Гэты завулак мой. Да рэчкі, да таго скрыжаваньня. Востраў яшчэ мой таямнічы. Як гэта старыя ўчасткі зьнесьці? Яны куплены і за некім лічацца ў Менску?

— Канечне.

— Я спадзяюся, вы мяне разумееце?

Я разумеў. Што перада мной альбо нашчадак вялікіх магнатаў, чые ўладаньні распасьціраюцца ад вострава на рацэ да вуліцы Маякоўскага, альбо клясычны гарадзкі вар’ят. Ветліва разьвітаўшыся з панам Цыбульскім, я працягнуў свой шпацыр. І пазнаёміўся зь ня менш цікавым суразмоўцам.

Вячаслаў Маркавіч Тобіяш жыве ў сваёй хаце ад самага нараджэньня ў 1936-м годзе.


Участак зямлі, які належаў царкве, узяў у арэнду ягоны дзед Вацлаў. Арэнда павінна была скончыцца ў 1921-м годзе. Але працягнуць яе ўжо не было з кім. Бо прыйшла новая ўлада. Якая забрала землі і расстраляла бацьку пана Вячаслава. Але з хаты, дзякуй богу, ня выгналі. Стары Тобіяш як рэліквію захоўвае пажаўцелы ад часу кантракт, які заключыў ягоны прадзед з уладамі.
— «Арандатарам дазваляецца ўзводзіць на арандуемай зямлі жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Забараняецца арандатарам гандляваць на арандаванай зямлі сьпіртнымі напоямі і адкрываць корчмы».

— Карчмы прадзед не адкрыў?

— Не адкрыў. Мой прадзед купіў зямлю ў манастыра. А гэта былі манастырскія землі. Наш дом быў на сяле, але паступова выйшаў у цэнтар гораду.

— Што за людзі тут сяліліся?

— Дзед быў кавалём. Ёсьць яшчэ кавадла ягонае, ёсьць ціскі ягоныя.

— Такія рэліквіі засталіся?

— У 1914-м годзе была пабудаваная кузьня.

— Дык вы, можна сказаць, самы...

— Карэнны жыхар. Тут былі балаты. У нас забралі землі пасьля 17-га году.

Прозьвішча Тобіяш — нетутэйшае. І мой суразмоўца па крыві, як высьветлілася, чэх.

— Граф Чапскі выпісаў з Чэхіі... Дзесяць сем’яў пераехала сюды, хто каваль, хто садоўнік. Падчас вайны дзед сялян забясьпечваў калёсамі, коламі. Гэта мой дзед.

— А з Чэхіі хто?

— Вацлаў.

— Ваш прадзед?

— Так. Маё прозьвішча чэскае. Тобіяш.

— Пан Тобіяш, а ці бывалі вы на гістарычнай радзіме?

— У Чэхаславаччыне ня быў, у Польшчы бываў.

Жонка Вячаслава, старая Ядвіга, стамілася жыць у цэнтры гораду без гарадзкіх выгодаў. І з надзеяй чакае зносу.

— Вас грозяцца зносіць?

— Зносяць ад 61-га году.

— 50 гадоў зносяць.

— Так. І ніяк ня могуць зьнесьці. А будавацца не дазвалялі. Перабудаваць не дазвалялі.

— А вы хочаце пераехаць у кватэру?

— Яна хоча, а я — не.

Пры размове пра галубятню стары ажывае. Вока аж загараецца.

— Яшчэ я заўважыў, там галубятня стаіць на беразе.

— Так, галубы. У мяне калісьці таксама былі.

— У чым кайф трымаць галубоў?

— Гэта можна параўнаць зь фігурным катаньнем. Адны падымаюцца зьнізу ўверх амаль вэртыкальна. Іншыя галубы куляюцца праз галаву. Некаторыя падымаюцца вышэй і там лунаюць. Далёка не адлятаюць ад дома. Былі балеі. Ведаеш, што такое балея? У якой мылі бялізну. Яна была дыямэтрам мэтар. Напаўнялі балею вадой, і адлюстраваньне галубоў зьверху было тут, у вадзе. І гэта быў кайф.

— Які вы ўсё-ткі маладзец, што захавалі сямейныя рэліквіі.

— Так, звон. Тут дзед працаваў, а звон быў чуваць на Чэрвеньскім рынку.

Побач з хатай Тобіяша стаіць велізарны даміна з чырвонай цэглы. Гаспадар фазэнды Аляксандар, моцны мужык сярэдніх гадоў, пабываў у шмат якіх краінах. І ведае, што такія раёны, дзе прырода і старая забудова зьліліся ў адно, ня зносяць.
— Калі б нармальная ўлада, нармальнае стаўленьне да людзей, рэканструюй гэтыя дамы — і яны ўпрыгожаць горад. І ўсе б зрабілі гэта. І куды ўжо гэты горад? Ён горш за куратнік і так. Ні паркануцца, ні жыць нармальна. Чаго ўжо гэтыя шматпавярховікі ляпіць?

У будучыню гаспадар дома глядзіць без аптымізму.

— Нічога зразумелага няма. А ўлічваючы правы ў нашай дзяржаве, тут можа адбыцца ўсё што заўгодна. Ня хочацца ў гэта верыць. Але на справядлівасьць разьлічваць цяжка. Бадацца будзем да апошняга. Тут сапраўды гістарычны раён. Я тут купляў каробку. Тут жылі сёстры Мазанік. Але прадавалі ўжо дзеці.

І тут нечакана ў размове ўсплыў мой першы суразмоўца. Валянцін Цыбульскі. Аказваецца, гэтага чалавека ведае ўся краіна. Ці прынамсі ведала. Памятаеце, як нейкі мужык страляў з паляўнічай стрэльбы па рэзыдэнцыі прэзыдэнта далёкім летам 99-га? Такія людзі ходзяць з намі па адных вуліцах.

— Раён прыгожы.

— Раён прыгожы. І вельмі цікавы дом за намі. Найцікавейшая гісторыя. Ён жа страляў па рэзыдэнцыі. У яго тут стаяў «ЗІЛ». Ён пастаянна пісаў у адміністрацыю прэзыдэнта, што тут і дарогі няма, і тэлефонаў няма. Ніхто яго ня слухаў. У адзін з момантаў ён узяў гэты «ЗІЛ» і паехаў да рэзыдэнцыі. У яго была паляўнічая стрэльба. Ён пальнуў, разьвярнуўся. І яны дагнаць яго не маглі. А сусед расказваў мне, што прыйшоў карміць сабаку. А тут паўсюль ГБ, паўсюль снайпэры на дахах. Павязалі яго і зьвезьлі. Пасьля гэтага ён стаў горай. Але факт той, што, сусед кажа, прасіў ізноў стрэльбу. «Міша, у мяне забралі стрэльбу, а ў цябе, я ведаю, ёсьць».

Дык вось які ты, невядомы стралец! Ці мог я не вярнуцца да яго, каб задаць хоць адно пытаньне?

— Пан Валянцін, гэта, аказваецца, вы бабахнулі па рэзыдэнцыі...

— Не, ніякай рэзыдэнцыі. Можа, так, троху стрэліў. Але ў мяне ёсьць папера, што я магу гэтым займацца.

— Чым? Паляваньнем?

— Не паляваньнем. Можа, я з контравыведкі. Хто мяне падбіў на гэта, шут яго ведае. Ніхто са мной не пагутарыў, нават пракурор. Пасадзілі на «Валадарку». Усякай ерундой займацца. Нават у суд не завезьлі. Якая хітрая кантора.

— Вам далі штраф?

— Мяне адправілі ў псыхушку. Што на той момант у мяне былі ня ўсе дома.

— А што вас прымусіла? Што вам дадзела?

— Што я, проста так буду езьдзіць страляць у гэтых краях?

— А вы бабахнулі і сышлі? Вас не затрымалі?

— Чаго мяне павінны былі затрымаць? Зь мяне нехта робіць дурня нейкага. Уся гэта шобла, кодла.

Загадкавы пан Цыбульскі пайшоў па сваіх вялікіх уладаньнях. А я, у задуменьні, рушыў на прыпынак. Усё ж такі гэтага дзіўнага раёну будзе не хапаць.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG