Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас сэсіі 29 сакавіка ў Брусэлі Эўрапарлямэнт прагаласуе за рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі а 12-й гадзіне.

15 сакавіка Эўрапарлямэнт адклаў галасаваньне па праекце гэтай рэзалюцыі.

Эўрапарлямэнтар ад Літвы Юстас Палецкіс мяркуе, што рэзалюцыя будзе прынятая зь некаторымі дапаўненьнямі:

«У прынцыпе, тое што падрыхтавана ў Страсбуры, мяняцца ня будзе. Дадасца толькі рэакцыя на выкананьне сьмяротнага прысуду Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву. Будзе асуджацца і гэты прысуд, і тое, што Беларусь прымяняе сьмяротную кару. Таксама будзе рэакцыя на тое, што апазыцыянэраў затрымліваюць на мяжы. Таму, калі раней была надзея нешта палепшыць, то цяпер мы бачым, што нічога не атрымалася. Відаць, рэзалюцыя будзе даволі жорсткай».

Паводле Палецкіса, надзеі эўрапейцаў ня спраўдзіліся. Ён пракамэнтаваў затрыманьне Анатоля Лябедзькі, Сяргея Калякіна і Аляксандра Атрошчанкава:

«Ну што ж, гэта эскаляцыя. Гэта разыходзіцца з нашымі прагнозамі. І мы, фракцыя сацыялістаў і дэмакратаў, спадзяваліся, на нейкае пераадоленьне крызысу. Відаць, гэтага ня будзе у блізкай будучыні. І гэта, канечне, кепскі сыгнал перад выбарамі. І ўсё ж хочацца спадзявацца, што калі не адразу, то празь некаторы час будуць спробы вяртаньня да дыялёгу. Цяпер ён практычна немагчымы. Тут былі прапановы паслаць у Менск дэлегацыю парлямэнту альбо нашай дэлегацыі па дачыненьнях зь Беларусьсю. Але ў гэтай абстаноўцы гэта не атрымліваецца, канечне».

Што да вяртаньня паслоў краін ЭЗ у Менск, Палецкіс сказаў, што гэтае пытаньне адкладваецца на няпэўны час: «Была надзея, што будзе вяртаньне і нармалізацыя, але цяпер адкладваецца». Парлямэнтар мяркуе, што беларускія амбасадары таксама вернуцца з эўрапейскіх краінаў у Беларусь. «Наколькі мне вядома, такая рэкамэндацыя ўжо зроблена», — сказаў Палецкіс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG