Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да заможнага жыцьця мы не прывыклі, бо ніколі яго ня мелі...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Назіраючы за тым, як прыходзіць у заняпад, канчаткова выціскаецца з грамадзкага ўжытку беларуская мова, многія нашы слухачы задаюць пытаньне: ці ёсьць будучыня ў беларускай дзяржавы, калі яна не захавае сваю нацыянальную і моўную адметнасьць?

Для сёньняшняга агляду я выбраў у пошце «Свабоды» галоўным чынам тыя лісты, дзе так ці інакш гучаць гэтыя трывога і заклапочанасьць.

Пачну з допісу Васіля Завадзкага з Маладэчна, які разважае пра тое, чаму на заклікі апазыцыі да вулічных пратэстаў супраць палітыкі ўладаў адгукаецца ня надта вялікая колькасьць людзей. Слухач піша:

«Сёньня ніякая апазыцыя ня здольная вывесьці народ на вуліцу. Крытычнай сытуацыі няма. Так, у крамах усё дорага, але ж з голаду ніхто ня пухне. Няма грошай на добрую каўбасу ды мяса — можна набыць „ліверку“ ці „крывянку“. Тавараў і харчаваньня хапае... А людзі ж памятаюць, калі на паліцах было — шаром пакаці...

А пойдзеш на вуліцу — можаш і гэта страціць. Заўтра выкінуць з працы — і што будзеш рабіць?

Так, жывем мы ў сёньняшні час ня вельмі багата. Лічы, з плеч — ды ў печ. Усё, што зарабляем, адразу трацім. Але да заможнага жыцьця мы не прывыклі, бо ніколі яго ня мелі. Гэта за польскім часам усе жылі са сваёй гаспадаркі і ведалі, што з уласнай зямлі ніхто цябе не прагоніць. Цяпер жа ўсё па-іншаму...

Дарэчы, я мяркую, калі б у 1921-м годзе заходняя частка Беларусі не адышла да Польшчы, дык Ленін з Троцкім усю Беларусь далучылі б да Расеі, і нас да гэтага часу ўжо цалкам асымілявалі б. А так яшчэ сёе-тое застаецца. Вядома, крыўдна і незразумела, чаму мы, беларусы, загаварылі па-расейску. Аднак асабіста ў мяне ёсьць і іншыя назіраньні. Я ўжо пачынаю радавацца, што з кожным годам чую беларускую мову ўсё больш і больш».

Можна толькі зьдзіўляцца, спадар Васіль, як вам гэта ўдаецца? Дзе ў Беларусі захаваліся тыя выспы беларушчыны, на якіх мова захоўваецца і пашыраецца, а не занепадае і зьнікае? На жаль, ад усіх іншых нашых слухачоў і аўтараў мы атрымліваем на гэты конт зусім іншыя сьведчаньні: беларускамоўныя школы і клясы зачыняюцца, чыноўнікі атрымліваюць з прэзыдэнцкай адміністрацыі напаўсакрэтныя дырэктывы і далей уціскаць мову; беларускамоўныя грамадзяне ва ўласнай краіне на кожным кроку сутыкаюцца з дыскрымінацыяй.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Кірыла Ваньковіч з Наваполацку разважае пра лёс палітвязьня Сяргея Каваленкі, асуджанага за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга ў цэнтры Віцебску. У турме Каваленка доўгі час трымаў галадоўку пратэсту. Кірыл Ваньковіч з гэтай нагоды піша:

«Потым, калі міне час, пра такіх герояў, як Сяргей, верагодна, напішуць кнігі, здымуць фільмы, назавуць іхнымі імёнамі вуліцы...Але ці здольна гэта прынесьці спакой жонцы Сяргея, ягонай маці, дзецям?

Верагоднасьць таго, што подзьвіг Каваленкі (ці нават ягоная сьмерць) абудзіць інэртнае беларускае грамадзтва, надзвычай малая.

Я вось думаю: магчыма, Каваленка і ёсьць той самы легендарны Мірон, які вывешваў нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі ў Віцебску? А зараз ці стане інвалідам, ці ўвогуле памрэ... І гэта пры тым, што так самаахвярна змагаўся за годнасьць усіх беларусаў...
Усё ўжо і так захоплена, нішто не варухнецца. А лёкаі ўсё стараюцца яшчэ больш аблізаць боты расейскага гаспадзіна.

А Беларусь між тым коціцца ў суцэльную залежнасьць ад Расеі. Кажуць, што Маскве ня надта патрэбна новая тэрыторыя. Дастаткова таго, што яна здабудзе танную рабочую сілу, трубаправоды, маёмасьць. І неўзабаве Беларусь ператворыцца ў другую Малдову...

Сымбалічна на гэтым тле выглядае нядаўні цыркуляр, падпісаны намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Радзьковым, пра недапушчэньне беларусізацыі і звужэньня расейскай мовы. Усё ўжо і так захоплена, нішто не варухнецца. А лёкаі ўсё стараюцца яшчэ больш аблізаць боты расейскага гаспадзіна...».

Так, Кірыла, русыфікацыя ў Беларусі ажыцьцяўляецца найперш рукамі сёньняшняй беларускай улады. Сама яна пры гэтым звычайна спасылаецца на тое, што беларускі народ нібыта добраахвотна адмаўляецца ад мовы сваіх продкаў. Але такія дакумэнты, як сумнавядомы «цыркуляр Радзькова», яскрава сьведчаць пра сапраўдныя мэханізмы гэтага працэсу, ягоныя таемныя спружыны і тых, хто іх накручвае... Моўная сытуацыя пры Лукашэнку даведзена да таго, што нацыянальныя мовы ў многіх расейскіх аўтаноміях (напрыклад, у Татарстане) знаходзяцца сёньня ў значна больш спрыяльных умовах, чым беларуская мова ў незалежнай беларускай дзяржаве.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста, наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў, што на Полаччыне, разважае пра тое, наколькі жыцьцяздольная сёньняшняя беларуская дзяржава. Нягледзячы на тое, што незалежнай Рэспубліцы Беларусь ужо больш як дваццаць год, на гэтае пытаньне няма адназначнага адказу. Спадар Кастусь піша:

«Наш Рыгоравіч увесь час свайго кіраваньня (хоча ён гэтага ці не) робіць усё, каб мара расейскіх імпэрцаў наконт інкарпарацыі Беларусі ажыцьцявілася. Тут можна ўзгадаць многае — пачынаючы ад грэбаваньня беларускай мовай, няздольнасьці (ці нежаданьня?) пазбыцца хоць часткова энэргетычнай залежнасьці ад Расеі і канчаючы продажам беларускіх прадпрыемстваў расейскаму алігархічнаму капіталу.

Па-другое, самі грамадзяне Беларусі, па маіх назіраньнях, дастаткова раўнадушна ставяцца да ўваходу ў склад Расеі. Прынамсі, масавага актыўнага пратэсту супраць гэтага можна не чакаць.

Што ж тычыцца мовы, то хацелася б правесьці яскравую гістарычную паралель. Была калісьці даўно (нават вельмі даўно) такая дзяржава — Шумэр. Я б сказаў, нават не дзяржава — сапраўдная цывілізацыя! Шумэры падзялілі год на 12 месяцаў, суткі на 24 гадзіны, гадзіну на 60 хвілін і хвіліну на 60 сэкундаў. Яны вынайшлі ірыгацыю, зьбіралі па 300 (трыста!) цэнтнэраў ячменю з гектара. Вынайшлі цаглянае будаўніцтва. Вынайшлі кола, ажыцьцявіўшы такім чынам рэвалюцыю ў транспарце. Яны мелі выдатныя веды ў матэматыцы, астраноміі, мэдыцыне. Але самая галоўная іх вынаходка — гэта пісьменнасьць. Дзякуючы гэтаму шумэры вынайшлі пошту, бухгальтэрыю і, можна сказаць, гісторыю.
Шумераў ніхто не забіваў, не вынішчаў, не выразаў. Яны зьніклі разам са сваёй мовай.

Магутны Шумэр існаваў многія тысячагодзьдзі. Але чатыры тысячы год таму шумэры зьніклі, прычым у гістарычным маштабе вельмі хутка — усяго за нейкіх сто год. А справа ў тым, што сталіца Шумэру — горад Ур — быў захоплены паўночным суседам. Шумерскі кіроўны кляс у сталіцы і буйных гарадах загаварыў па-акадзку, усьлед за ім — усе астатнія. Шумераў ніхто не забіваў, не вынішчаў, не выразаў. Яны зьніклі разам са сваёй мовай. Яны проста перасталі лічыць сябе шумерамі.

Пачуцьцё нацыянальнасьці павольна сьціскалася, як шчыгрынавая скура, раставала, як камяк сьнегу на асфальце пад вясновым сонцам — і ўрэшце ад яго не засталося нічога...

Які лёс наканаваны нам, беларусам? Зьнікнем мы гэтак жа незаўважна, як шумэры, ці яшчэ колькі пабоўтаемся ў катле гісторыі? І хто больш будзе вінаваты ў тым, што мы зьнікнем? Лукашэнка са сваім трасянкамоўным чынавенствам? Настаўнікі беларускай мовы, што размаўляюць па-беларуску «ад званка да званка», а як толькі той званок празьвінеў, таксама пераходзяць на «трасянку»? А можа, усе мы, абыякавыя і раўнадушныя да лёсу сваёй нацыі?».

Шмат падобных прыкладаў можна знайсьці і не ў такой далёкай гісторыі. І нацыі, і мовы — ня вечныя. Дзе цяпер яцьвягі, якія насялялі землі на захадзе Беларусі? Ці — куды падзеліся прусы, што стагодзьдзі жылі па суседзтве зь ліцьвінамі-беларусамі? Сапраўды, не ўратаваўшы мову, плямёны вельмі хутка зьнікалі з гістарычнай арэны, раствараліся ў больш моцных суседніх нацыях...

Зрэшты, гісторыя дае і прыклады іншага кшталту. Напрыклад, габрэі стагодзьдзямі былі расьсеяныя па сьвеце, далёка ад радзімы сваіх продкаў. Іхная мова — іўрыт — здавалася, назаўсёды страцілася як гутарковая. Але вялікае пачуцьцё нацыянальнай еднасьці зрабіла цуд: габрэі, нанава стварыўшы ў сярэдзіне 20-га стагодзьдзя сваю дзяржаву, вельмі хутка адрадзілі і старажытную мову продкаў.

✉ ✉ ✉

Дзяржаўная нацыянальная палітыка сёньняшніх беларускіх уладаў турбуе нашага слухача Алеся Цадко з Маладэчна. У сваім новым лісьце на «Свабоду» ён піша:

«У адным са сваіх інтэрвію Лукашэнка сьцьвярджаў, што за яго галасаваў электарат Пазьняка і Шушкевіча, якіх ён назваў палякамі, а таксама электарат Кебіча (якога Лукашэнка назваў напалову палякам, напалову габрэем)...

Ня хочацца аспрэчваць гэты абсурд: самі Пазьняк, Шушкевіч і Кебіч шматкроць казалі зусім іншае. Але пытаньне нацыянальнасьці для палітыка, які займае ў краіне высокае службовае становішча, — зусім не другараднае. У гэтай сувязі хацелася б дакладна ведаць: якая нацыянальная прыналежнасьць Аляксандра Лукашэнкі? Хутка 18 год, як ён кіруе краінай, а мы так і ня ведаем, хто ягоны бацька Рыгор, хто — дзяды, бабулі? Наконт гэтага сярод людзей ходзяць разнастайныя чуткі і плёткі, а хацелася б ведаць дакладную інфармацыю.

А ўвогуле, калі прааналізаваць тое, як улады абыходзяцца зь беларускай мовай, культурай, гісторыяй, дык можа скласьціся ўражаньне, што кіруюць нашай краінай ворагі беларушчыны, якія садзейнічаюць зьнішчэньню нашай нацыянальнай і дзяржаўнай адметнасьці: мовы і гістарычнай памяці».

На афіцыйным сайце Аляксандра Лукашэнкі пазначана, што паводле нацыянальнасьці ён — беларус, што рос і выхоўваўся бяз бацькі і што з маленства яму давялося ўзяць на свае плечы значную частку клопатаў аб сям’і. Ніякіх іншых падрабязнасьцяў наконт продкаў не падаецца. Атрымаць больш поўную інфармацыю ў сёньняшніх беларускіх умовах праблематычна. І гэта само па сабе спараджае шмат чутак, пацьвердзіць ці абвергнуць якія пакуль што немагчыма.

Адметна, што падчас перапісу насельніцтва Беларусі ў 2009 годзе Лукашэнка назваў роднай мовай беларускую, а таксама ўказаў, што дома размаўляе па-рознаму: ад беларускай мовы — да рускай «і на трасянцы таксама».


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG