Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Бандарэнка: Зьміцер ужо стаміўся ад болю


Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

Вольга Бандарэнка атрымала ўчора і сёньня лісты ад мужа, палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі.

Яна кажа, што са здароўем у Зьмітра «ўсё горш, да хрыбетніка далучыліся суставы».

«Пасьля таго як ён прастудзіўся, у яго ўзьніклі ўскладненьні, у яго падагрычны артрыт. Гэта жудасныя болі. І цяпер пасьля здымку аказалася, што ў яго на левым галенастопе артроз, а гэта ўжо значна горш за артрыт. І артроз вялікага пальца на правай назе. Калі тэлефанаваў, казаў, што ў яго жудасныя болі і што ён ад іх ужо стаміўся».

7 красавіка давераную асобу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнку асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Ён ужо мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, аднак, паводле Вольгі Бандарэнкі, у калёніі пакуль не разглядалі гэтага пытаньня, хоць у асуджанага няма правінаў, якія б перашкаджалі гэтаму.

У палітыка пасьля арышту дыягнаставалі некалькі грыжаў дыскаў хрыбетніка і ўшчамленьне сьпіннамазгавых нэрваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы на вуліцы Валадарскага ў 5-ю бальніцу, дзе на наступны дзень зрабілі апэрацыю.
XS
SM
MD
LG