Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З групы кампаній Анатоля Тарнаўскага ў чорны сьпіс Эўразьвязу трапілі тры фірмы: «Юнівест-М», «Юніс Ойл» і «ЮнівестБудІнвест». У офісе бізнэсоўца выказваюць зьдзіўленьне рашэньнем Рады Эўразьвязу, але зазначаюць, што абскарджваць яго не зьбіраюцца.

Намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі Юнівест-М Уладзімер Глушакоў пагадзіўся на інтэрвію без аўдыёзапісу. Ён кажа, што матэрыяльна кампанія нічога ня страціць ад санкцыяў Эўразьвязу:

«Ад 2008 году наша прадпрыемства больш не зьяўляецца нафтатрэйдэрам, таму стратаў ад паставак нафтапрадуктаў на Захад няма нават у тэорыі. Цяперашняя наша дзейнасьць цалкам сканцэнтраваная на будаўніцтве, але экспарт будаўнічых паслугаў не адбываецца, а бэтон і арматура для ўзьвядзеньня нерухомасьці — выключна беларускай вытворчасьці».

Кампанія ніколі не была спонсарам гэтай структуры, а толькі падтрымлівае клюб Кантынэнтальнай хакейнай лігі „Дынама“ (Менск)

Спадар Глушанкоў усё ж не выключае, што абмежаваньні могуць зачапіць фінішны этап — аддзелку. Напрыклад, керамічную плітку, як і іншыя беларускія забудоўшчыкі, закуплялі ў Польшчы. Ці ўдасца гэта рабіць цяпер — пад пытаньнем. У выпадку абмежаваньняў прыйдзецца пераарыентавацца на Турэччыну, Украіну ці Расею.

Аспрэчваць санкцыі празь міжнародныя суды, як гэта зрабіў іншы фігурант чорнага сьпісу, бізнэсовец Уладзімер Пефціеў, «Юнівест-М» пакуль не плянуе: «Пакуль няма чаго аспрэчваць, бо ніякіх грашовых стратаў мы не панесьлі».

Але спадар Глушанкоў кажа, што кіраўніцтва групы кампаніяў хоча пачуць адказу на пытаньне: на якой падставе яны абвінавачаныя ў «спонсарстве рэжыму?». На кон пастаўлены імідж кампаніі і, магчыма, хтосьці будзе не ў захапленьні ад супрацоўніцтва з арганізацыяй, уключанай у чорны сьпіс Эўразьвязу.

Спадар Глушанкоў не выключае, што ў пытаньні санкцый вырашальнай стала не дзелавая актыўнасьць «Юнівест-М», а сваяцкі фактар. Службу маркетынгу тут узначальвае Ганна Лукашэнка — жонка сярэдняга сына Лукашэнкі Дзьмітрыя. Апроч таго, спадар Глушанкоў абвяргае, што кампанія выступае фундатарам Прэзыдэнцкага спартовага клюбу, якім кіруе Дзьмітрый Лукашэнка:

«Кампанія ніколі не была спонсарам гэтай структуры, а толькі падтрымлівае клюб Кантынэнтальнай хакейнай лігі „Дынама“ (Менск), што не адно і тое ж».

Адносна ж Ганны Лукашэнкі выказваецца як пра «спэцыяліста высокага ўзроўню, якому, як і любому чалавеку, трэба дзесьці працаваць». Прыкладам, менавіта ёй належыць маркетынгавая канцэпцыя прасоўваньня самага маштабнага ў Беларусі праекту малапавярховага элітнага жылога комплексу «Нотынгем» у Менскім раёне, разьлічанага на 20 тысяч жыхароў.

Калі жонка аднаго з сыноў Лукашэнкі працуе ў гэтай структуры, гэта пра нешта сьведчыць? Гэта тое самае, што судзіцца зь „сям’ёй“

Іншы маштабны праект «Юнівест-М» — мініполіс «Каскад» на месцы турмы № 1 на вуліцы Кальварыйскай у Менску. Праект падаецца як «самадастатковая частка мэгаполісу» з уласнай інжынэрнай і транспартнай інфраструктурай. Некалькі рознаўзроўневых будынкаў ужо здадзеныя і заселеныя. Але аказалася, што падчас «зачысткі» тэрыторыі і зносу старых забудоваў пацярпелі старажылы раёну. Так, Ігару Стаброўскаму прапанавалі пераехаць у трохпакаёвую кватэру разам з суседзямі, з чужымі людзьмі. Права жыць у прэстыжным «Каскадзе» не ўдалося адстаяць нават праз суд,— зазначыў спадар Стаброўскі:

«Я змагаўся, у прынцыпе, з горадам, „Юнівест-М“ быў у адносінах да мяне суадказьнікам. Аднак дзяржава ўзяла на сябе ня тыя функцыі, якія была павінна, і ў парушэньне ўсіх законаў цалкам абараняла інтарэсы „Юнівеста“. Я жыў на Кальварыйскай, і гэты ўчастак аддалі пад забудову „Юнівест-М“. Паколькі я ішоў пад знос, жыльлё мне, паводле нашага заканадаўства, павінна было прадстаўляць „Юнівест-М“. Але гэтыя функцыі на сябе ўзяў горад, парушыўшы ўсе законы.

Я дамогся адзінага — каб „Юнівест-М“ таксама прысутнічаў у гэтым паседжаньні. Але іх прадстаўнікі ніводнага разу там не зьявіліся. А як судзіцца зь дзяржавай, ведаючы, што такое „Юнівест-М“? Калі жонка аднаго з сыноў Лукашэнкі працуе ў гэтай структуры, гэта пра нешта сьведчыць? Гэта тое самае, што судзіцца зь „сям’ёй“. Паводле нашага закону, паводле Жыльлёвага кодэксу, калі забудова ідзе са зносам, то жыльлё прадстаўляе тая арганізацыя, якой перададзены зямельны ўчастак пад забудову. Але ў нас адбылося ўсё наадварот».

«Юнівест-М» рэалізуе і шэраг іншых будаўнічых праектаў па ўсёй Беларусі. Гэта бізнэс-цэнтры «Азімут» і «Карат» у Менску, гандлёва-забаўляльны цэнтар «Экватар» у Берасьці, трохзоркавы гатэль «Славінаспорт» у Жлобіне, сетка траторыяў «Ліманчэла», сталічная рэстарацыя «Bella Rosa» і г.д.

Праект мініполісу "Каскад" на месцы Кальварыйскай турмы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG